А.Б.: — Біяграфія нашага музея мае тыя самыя перыяды, што і жыццё звычайнага чалавека. Нараджэнне, дзяцінства, сталенне… Заір Азгур пісьмовага запавету не пакінуў, але ў архіве ёсць дакумент, дзе ён выяўляе жаданне, каб яго майстэрня стала музеем. Пра гэтыя ягоныя намеры сведчыць і мноства ўскосных прыкметаў. Прыкладам, гаспадар будынка дбайна назапашваў тыя дакументы і матэрыялы, ад якіх звычайна пазбаўляюцца за непатрэбнасцю. І сёння мы маем папраўдзе вычарпальную калекцыю, якая дазваляе казаць пра Заіра Ісакавіча не толькі як пра мастака, але і як пра чалавека, пра адметнага прадстаўніка сваёй эпохі. Напрыклад, у нас захоўваюцца падарункі скульптару. Знаёмыя яму літаратары, зразумела ж, прэзентавалі ўласныя кнігі з аўтографамі, і ў музеі іх каля шасці соцень! Ёсць і святая святых — скульптурны інструмент. У тым ліку і знакамітая “азгурка” — уласная вынаходка Азгура. Але ж перадусім мы — менавіта мастацкі музей, і гэта прынцыповая пазіцыя. Са словаў удавы скульптара Галіны Гаўрылаўны, ён завяшчаў дзяржаве свае работы ў знак удзячнасці. Увогуле, менавіта сям’я Заіра Ісакавіча шмат у чым ініцыявала стварэнне музея.
— І яно стала адным з адказаў на балючае для грамадства пытанне: як ставіцца да культурнай спадчыны савецкага перыяду. Адказы на яго і сёння сустракаюцца дыяметральна супрацьлеглыя — ад ідэалізацыі да поўнага адпрэчвання.
К.Р.: — Я — за пераасэнсаванне. Не ведаю, як можна вось так узяць ды адпрэчыць тое, што стала важнай часткай жыцця многіх людзей, тое, у што яны шчыра верылі. Трэба ж, урэшце, проста быць гуманнымі… Таксама шкада, што многія падыходзяць да пытання з выключна ідэалагічнага пункту гледжання, не разумеючы, што гэта — мастацтва. Прычым мастацтва, якое можа быць вельмі цікавым для аналізу, чыё даследаванне дапамагае нам усвядоміць многія важныя для сённяшняга дня рэчы.
— А як прадстаўляць яго тым пакаленням, для якіх Ленін — ледзь не міфічны персанаж?
К.Р.: — Працуючы са школьнікамі і студэнтамі, мне было б цікава падымаць вострыя праблемы. Не запіхваць складаныя тэмы ў шафу і не навязваць пэўнае бачанне, але проста разам паразважаць.
Г.Б: — Калі мы захоўваем ды рэпрэзентуем мастацтва, гэта зусім не азначае, што мы папулярызуем і тую ідэалогію, якая яго атачала. Вядома, арт-з’явы заўсёды ў той ці іншай меры адлюстроўваюць не толькі асобу свайго аўтара, але і пэўны гістарычны перыяд. Аднак яго таксама можна ўспрымаць не праз прызму эмоцый, а з удумлівай цікавасцю.
А.Б.: — Увогуле, тут спрацоўвае вядомы прынцып: мы бачым тое, што хочам бачыць. Таму наведвальнік, які лічыць Азгура “прыдворным” мастаком, будзе ўглядацца толькі ў помнікі партыйным лідарам. А тую бліскучую галерэю партрэтаў беларускай творчай інтэлігенцыі, якая прадстаўлена ў нашай экспазіцыі, ён папросту не заўважыць.
Дарэчы, не лішне нагадаць, што мы знаходзімся менавіта ў мастацкай майстэрні. І зусім невыпадкова гэтае слова нават засталося ў афіцыйнай назве музея. А майстэрня — прастора, дзе з’яўляюцца нейкія новыя артэфакты, а зусім не тое месца, дзе бясконца згадваюць мінулае ды гэтым абмяжоўваюцца. Менавіта таму намі былі вызначаны адразу дзве стратэгічныя лініі, якія развіваюцца паралельна: сучаснае мастацтва ў традыцыйным музеі. У адваротным выпадку гэта была б або стагнацыя, месца памяці, або…
— Або, напрыклад, шоу — як альтэрнатыва традыцыйнаму музею. Гэта трэці і самы папулярны сёння падыход да савецкай ідэйнай і культурнай спадчыны. Нядаўна вось нават гандлёвы цэнтр адкрываўся з падобнай буфанадай. А ў вас такога, па-мойму, ніколі не ладзілася...
Д.М.: — Гэта самы просты шлях, але ён павярхоўны і вядзе ў нікуды.
А.Б.: — Трэба памятаць, што мы прыйшлі ва ўжо сфармаваную прастору музея, і таму павінны ставіцца да яе з павагай. Можна балансаваць на мяжы, але нельга яе пераступаць, скатваючыся ў кітч. А мяжа гэтая — вельмі тонкая.
— Межы паняцця музейнай дзейнасці апошнім часам вельмі размыліся. Не без вашага, дарэчы, старання: опера на лядовай арэне, кінематаграфічны open air… А ці ёсць яны наогул, гэтыя межы?
А.Б.: — У тым і справа, што ні на якой карце гэтыя межы не правядзеш. Усё залежыць ад адукаванасці і густу супрацоўнікаў. Прыкладам, можна зрабіць нешта на паверку вельмі музейнае — скажам, касцюмаваную экскурсію, дзе абыгрываецца тая эпоха, якой прысвечана экспазіцыя. Але ў выніку атрымаецца поўная самадзейнасць і прафанацыя. Думаю, такі прадукт наўрад ці выпадае называць музейным. Бо “музейнасць”, на мой погляд, — гэта перадусім знак якасці: мы павінны адпавядаць таму ўзроўню, які быў зададзены самім скульптарам.
— Скажыце, а які праект вы ніколі не сталі б рабіць?
А.Б.: — Справа тут не ў самой ідэі, але ў яе комплекснай падачы ды асэнсаванні. Прыкладам, прапанавалі нам неяк адліць скульптуры Азгура ў шакаладзе. Першая рэакцыя была вядома якая — “жах-жах!” Але калі трохі падумаць ды суцішыць эмоцыі, прыходзіш да высновы, што нават такі праект, у прынцыпе, можна абмяркоўваць. Калі для аўтара гэта не пусты эпатаж, а глыбакадумная інсталяцыя, то… чаму б і не? Галоўнае тое, якія сэнсы ўкладаюцца. Таму я не адмаўлялася б рабіць нават выставы пчол альбо мёртвых матылькоў. Важны сам падыход: не толькі прадастаўляць пляцоўку пад тыя ці іншыя чужыя праекты, але глыбока занурвацца ў саму ідэю, працаваць над ёй, знаходзіць глыбока ўтоеныя сэнсы.
— Але тым, хто прыносіць прапановы (асабліва калі яны камерцыйныя), ад музеяў звычайна патрэбна менавіта пляцоўка…
— Усё залежыць ад таго, як сябе паставіць. Прыкладам, нам неаднаразова прапаноўваў правесці сваю выставу Нікас Сафронаў. Мы выступілі з сустрэчнай прапановай: не проста паказаць ягоныя творы, але супаставіць іх з партрэтамі, зробленымі Азгурам. Думаю, атрымалася б вельмі цікава. Але на такое мастак не пайшоў.
Увогуле, музейшчыка можна смела паставіць у адзін шэраг з аўтарам. І самае важнае — каб ён быў асобай. А прыкметы асобы — гэта нестандартнасць мыслення і падыходу. Музей — зусім не тое месца, дзе павінны працаваць людзі, здатныя аўтаматычна выконваць чыесьці каманды. Тут трэба ўмець прасякацца і браць блізка да сэрца. І ў такім выпадку нават памылкі становяцца памылкамі творчымі.
— А па-мойму, музейшчыкам уласціва не эмацыйнасць, але менавіта рахманасць ды ўраўнаважанасць…
А.Б.: — І сапраўды, бываюць такія музеі, дзе нават муха не праляціць. Але наш — беспакойны, бурапенны, і вакол яго збіраецца такая самая публіка. Вельмі важна, каб была разнастайнасць, каб глядач мог выбраць музей, адпаведны свайму тэмпераменту. А ўвогуле, прынцып тут зразумелы: якая каманда працуе ў музеі, такі і сам музей.
— Пытанне да трох прысутных тут маладых супрацоўнікаў: чаму вы абралі гэтую не надта папулярную сёння прафесію?
Г.Б.: — Па адукацыі я не музейшчык, а архітэктар. Але ў пэўны момант зразумела, што праектаванне будынкаў — гэта не маё. Было два шляхі — тэатр альбо музей. Выбрала музей, прычым менавіта гэты.
К.Р.: — Раней даводзілася працаваць у іншым музеі, дзе мне ніякія ўласныя ініцыятывы не дазвалялі. Тут жа ўсё інакш, і перадусім — цудоўны творчы калектыў. Тут я раблю тое, што мне падабаецца, у чым я бачу сэнс.
Д.М.: — Музейная атмасфера мяне прываблівала з самага дзяцінства. Мэтанакіравана ішоў вучыцца на гісторыка. А гадоў пяць таму ўпершыню патрапіў сюды ў якасці валанцёра на Ноч музеяў і з таго часу вызначыўся з месцам працы. Вельмі прыемна адчуваць сябе ўключаным у агульны бурлівы рух, быць часткай працэсу. Прыемна працаваць у музеі, які знаходзіцца на грэбні хвалі. Мне тут усё падабаецца, і ні ў якім іншым музеі я сябе проста не бачу. Таму калі раптам давядзецца пакінуць цяперашнюю працу, хутчэй за ўсё я развітаюся і з галіною наогул.
— А ці ёсць тут прывіды альбо ўвогуле нейкія анамальныя з’явы?
Г.Б.: — Зразумела, у белай прасціне ніхто не лётае, але… Рыхтуючы нейкі праект, я аднойчы засталася тут дапазна. І вось, спусціўшыся ў скульптурную залу, я раптам адчула нешта незвычайнае. Як быццам нейкая сіла мяне туды не пускала. Я не баязліўка па натуры, але… тады нават не змагла пераступіць парог.
А.Б.: — Нашы экспанаты жывуць сваім жыццём, і ты мусіш пад яго падладжвацца.
На здымку: імпрэза ў прыцемках да 20-годдзя музея.