Кузняцовых у Барселоне чарговы раз здзівіла смеласць (а яе, на думку Ірыны, вельмі не стае суайчыннікам-мастакам) пяцёркі геніяў — Пабла Пікаса, Сальвадора Далі, Хуана Міро, Антоніа Гаўдзі, Антоні Тапіеса. Падчас вандроўкі Ірына і Анатоль трапілі ў такі энергетычны вір, што вырашылі падзяліцца той энергіяй з намі, прапанаваўшы, можна сказаць, адкрытую сістэму, дыялог мастацтваў і культур. Скажам, у Барселоне ўразіў іх такі факт: дрот, кардон, фанера — цалкам прымальныя матэрыялы для творцаў. І творчасць маладых эксперыментатараў, у адрозненне ад іх беларускіх калегаў, там ведаюць куды лепш. Музеі ж у Барселоне прынята наведваць сем’ямі. Таму культура “спажывання” культуры, на яе думку, у Каталоніі выхавана на добрым узроўні.
Творы Анатоля і Ірыны Кузняцовых. З дыптыха "Спяваюць Фрэдзі Мэрк'юры і Мансэрат Кабалье" (злева) і "Блюз для слімака".
На выставе ў НЦСМ можна было пабачыць фотаздымкі, жывапіс і, назаву гэта так, — міні-інсталяцыі (напрыклад, фантаны або пляцоўку з бутэлькамі — “Вострыя ўражанні”)… Усё — яркае, сочнае, летняе. Разам з тым, мяркую, “Privet Picasso & Viva la Barselona!” — сам па сабе праект-эксперымент: як грамада адрэагуе на форму экспанавання, якую не назавеш “традыцыйнай”? Тут і рэмэйк, і асацыяцыі, і сэнсава новыя пласты, і спалучэнне гістарычнага з сучасным, а яшчэ — гульня з нашымі думкамі, адчуваннямі. Таму кожны твор у праекце Кузняцовых — нібы “тэкст у тэксце”.
Ірына падчас вандроўкі чарговы раз упэўнілася: мастацтва не падзяляецца, скажам, на іспанскае і беларускае: яно альбо ёсць, альбо яго няма. Менавіта падобнае стаўленне, на думку Кузняцовай, развівае і арт-асяродак. Ірына таксама ўпэўнена ў наступным: камп’ютарныя тэхналогіі толькі дапамагаюць творцам: “Навука дала новы “пэндзаль”. Сёння гэтыя магчымасці для нас — як дадатак “на салодкае”. Прычым візаві не баіцца знікнення таго ж жывапісу ў “чыстай” форме, мяркуючы, што мастацтва будзе развівацца і, натуральна, змяняць сваю форму.