Касцюмы ў стылі Сапегі

№ 5 (1235) 30.01.2016 - 05.02.2016 г

Калі нехта хоча напоўніцу адчуць сябе ў ролі канцлера Вялікага Княства Літоўскага ці караля Рэчы Паспалітай, дык яму абавязкова трэба завітаць у Музей гісторыі Магілёва. Ва ўстанове культуры на пачатку года скончылі пашыў калекцыі касцюмаў у стылістыцы эпохі Магдэбургскага права.

/i/content/pi/cult/571/12538/3-2.jpg

Як распавёў “К” дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў, касцюмы — 4 дарослыя і 20 дзіцячых — ствараліся паступова цягам мінулага года мастаком Марынай Несцярук.

— Па стылістыцы дарослыя касцюмы адпавядаюць эпосе Магдэбургскага права, зроблены “пад Льва Сапегу” ці “пад Стэфана Баторыя”, — кажа Аляксей Бацюкоў. — А касцюмы для дзяцей, разлічаныя на хлопчыкаў і дзяўчынак розных узростаў, — больш простыя, можна сказаць, толькі крыху стылізаваныя пад гістарычныя і адпаведныя той эпосе.

Пад пашыў касцюмаў установай культуры былі асвоены дзяржаўныя грошы. І ўжо сёння, кажа кіраўнік музея, вырабы Марыны Несцярук выкарыстоўваюцца падчас самых розных агульнагарадскіх мерапрыемстваў, у многіх імпрэзах і акцыях.

Да таго ж, як патлумачыў Аляксей Бацюкоў, з гэтага года кожны маленькі наведвальнік установы культуры зможа прымерыць гэтыя строі на сабе ды сфатаграфавацца ў іх сярод інтэр’ераў ратушы. Прычым — абсалютна бясплатна!

І апошняе. Сваю “магдэбургскую” калекцыю музейшчыкі, натуральна, хаваць ад людскіх вачэй не збіраюцца. Таму зладзяць прэзентацыю арыгінальных касцюмаў у гарадской ратушы Магілёва ўжо ў наступны панядзелак — 1 лютага.

На здымку: адзін з касцюмаў, што цяпер выкарыстоўвае музей.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"