Як распавёў “К” дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў, касцюмы — 4 дарослыя і 20 дзіцячых — ствараліся паступова цягам мінулага года мастаком Марынай Несцярук.
— Па стылістыцы дарослыя касцюмы адпавядаюць эпосе Магдэбургскага права, зроблены “пад Льва Сапегу” ці “пад Стэфана Баторыя”, — кажа Аляксей Бацюкоў. — А касцюмы для дзяцей, разлічаныя на хлопчыкаў і дзяўчынак розных узростаў, — больш простыя, можна сказаць, толькі крыху стылізаваныя пад гістарычныя і адпаведныя той эпосе.
Пад пашыў касцюмаў установай культуры былі асвоены дзяржаўныя грошы. І ўжо сёння, кажа кіраўнік музея, вырабы Марыны Несцярук выкарыстоўваюцца падчас самых розных агульнагарадскіх мерапрыемстваў, у многіх імпрэзах і акцыях.
Да таго ж, як патлумачыў Аляксей Бацюкоў, з гэтага года кожны маленькі наведвальнік установы культуры зможа прымерыць гэтыя строі на сабе ды сфатаграфавацца ў іх сярод інтэр’ераў ратушы. Прычым — абсалютна бясплатна!
І апошняе. Сваю “магдэбургскую” калекцыю музейшчыкі, натуральна, хаваць ад людскіх вачэй не збіраюцца. Таму зладзяць прэзентацыю арыгінальных касцюмаў у гарадской ратушы Магілёва ўжо ў наступны панядзелак — 1 лютага.
На здымку: адзін з касцюмаў, што цяпер выкарыстоўвае музей.