50 мільярдаў з кішэні мецэнатаў

№ 5 (1235) 30.01.2016 - 05.02.2016 г

Цягам года мы назіралі, як пры дапамозе бізнесу ўвасабляюцца праекты творцаў, а ў мінулы панядзелак надышоў час ад імя талентаў сказаць “дзякуй” тым, хто іх падтрымлівае.

/i/content/pi/cult/571/12536/2-3.jpgСустрэча ў рамках традыцыйнай акцыі “Мецэнат года”, ініцыяванай Міністэрствам культуры, прайшла ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага. Падчас імпрэзы міністр культуры краіны Барыс Святлоў зазначыў, што мецэнаты цягам 2015 года ўклалі ў беларускую культуру 50 мільярдаў рублёў. “Гэта чыстая сума, якую мы атрымалі дзякуючы падтрымцы мецэнатаў. Для разумення: за гэтыя грошы можна было зняць пяць поўнаметражных мастацкіх фільмаў, завяршыць неабходныя работы па рэканструкцыі кінастудыі “Беларусьфільм”, — удакладніў міністр. Ён паведаміў, што летась сабралося больш як сто асоб, якія падтрымлівалі культурную галіну. Іх падтрымка паспрыяла правядзенню такіх буйных падзей, як “Славянскі базар у Віцебску” ды “Лістапад”. У развіцці мецэнацтва Святлоў бачыць і развіццё бізнес-культуры.

Дзяржаўныя і прыватныя арганізацыі ды прадпрыемствы ўзнагароджаны за фінансаванне міжнародных кіна- і тэатральных фестываляў, музычных форумаў, конкурсаў, дапамогу па стварэнні і ўстаноўцы помнікаў знакамітым асобам Бацькаўшчыны, за ўнёсак у развіццё музейнай справы, арганізацыю выставачных праектаў, конкурсаў. Сёлета быў пашыраны спіс узнагароджаных. Так, у намінацыі “За пастаянную падтрымку нацыянальнай культуры” адзначаны шэраг кіраўнікоў дыпмісій Беларусі за мяжой, кіраўнікі некаторых прадпрыемстваў і банкаў, старшыні аблвыканкамаў.

Тым часам у фае тэатра карэспандэнты “К” звярнуліся да некаторых прадстаўнікоў арганізацый-мецэнтаў з наступнымі пытаннямі. Якім крытэрыям мусіць адпавядаць культурны праект, каб быць цікавым для мецэната? І што, акрамя маральнага задавальнення, мае мецэнат ад укладанняў у культуру?

/i/content/pi/cult/571/12536/2-2.jpg

Руслан ТРУХАН, намеснік генеральнага дырэктара па персаналу і ідэалогіі СААТ “Камунарка”:

— Мы не банкаўская ўстанова, але прымаем удзел у рэалізацыі шэрагу праектаў, якія лічым важнымі для духоўнага развіцця грамадства. Не за ўсім стаяць грошы. Асноўная мэта, якая запісана ў нашым статуце, — атрыманне выгады, але бываюць выпадкі, калі не ўсё зводзіцца да камерцыі. Удзел у сацыяльных праектах у плане пэўнага віду падтрымкі разглядаем калегіяльна. Калі лічым ініцыятыву годнай, то падключаемся. Дапамога можа выглядаць і як прапанова нашай прадукцыі, і як фінансаванне. Найбольш клапоціць павышэнне іміджу прадпрыемства, таму і займаемся мецэнацтвам. Імідж — гэта новыя рынкі (на жаль, сёння канкурэнцыя моцная не толькі па-за межамі краіны). І праз мецэнацтва сацыяльна значных праектаў імкнемся заваёўваць аўдыторыю.

Ігар КАЦІБНІКАЎ, старшыня праўлення ЗАТ “Альфа-Банк”:

— Мы ўважліва падыходзім да ўсіх прапаноў па супрацоўніцтве, а іх паступае шмат. І асноўны наш крытэрый іншымі словамі — фармат — максімальны ахоп людзей, якія на сабе адчуюць уплыў пэўнай ініцыятывы. Мы ў меншай ступені гатовы падтрымліваць штосьці камернае, элітарнае, разлічанае на вузкае кола інтэлігенцыі. Хутчэй, тое, што будзе цікава тысячам, шырокім колам прадстаўнікоў усіх відаў дзейнасці і сацыяльных груп. Прыкладам можа стаць фестываль Уладзіміра Співакова, які ўжо чацвёрты раз адбудзецца ў Мінску: музыка цікавая амаль усім. У першую чаргу, банк мае маральнае задавальненне ад таго, што дапамагае. Па-другое, хочам узгадвацца разам са светлымі дзеямі, а не наадварот. Гэта не зусім піяр, але нам цікавыя падзеі і з’явы станоўчага характару, урэшце, не абавязкова звязаныя з культурай і мастацтвам. Дарэчы, і не з кожным узорам сучаснага мастацтва хочацца асацыявацца, узгадвацца ў яго кантэксце.

Уладзімір ШУМАК, памочнік гендырэктара  ААТ “Беларуськалій”:

— “Беларуськалій” — экспартаарыентаванае прадпрыемства, і, адпаведна, нам цікавыя тыя праекты, якія маюць міжнародны фармат і абяцаюць міжнародны ж розгалас. Таму мы падтрымліваем традыцыйна “Славянскі базар у Віцебску” і “Лістапад”. Ганарымся ўнёскам у развіццё нашай культуры. Гэта першае і асноўнае. Але спрыянне культуры — гэта яшчэ і прэстыж прадпрыемства. У тым ліку і ў вачах замежных партнёраў. Зрэшты, для “Беларуськалія” ўдзел у культурных праектах з’яўляецца дэманстрацыяй узроўню сацыяльнай адказнасці.

Юрый НЯСМАШНЫ, генеральны дырэктар ЗАСТ “Белнафтастрах”:

— Культура складаецца з мноства чыннікаў і праяў. Так што акрэсліць мэту ў культурным працэсе, вызначыць аб’ект укладання сродкаў бывае даволі складана. Грошы, уласна кажучы, укладаюцца дзеля прыбытку. Але культура паводле вызначэння сфера непрыбытковая. Ды ў дабрачыннасці логіка зусім іншая. У падтрымцы прыгожага мы кіруемся маральнымі прынцыпамі, а не прагматычным разлікам. Мы разумеем, што культура мае патрэбу ў фондах, і бярэм пэўны ўдзел у праектах, сыходзячы са сваіх магчымасцяў.

Лічым, скажам, надзвычай важнай справай прапаганду беларускага мастацтва. Кірунак, у якім мы традыцыйна шчыруем — штогадовае выданне календароў для шырокай грамады, якія распаўсюджваюцца бясплатна. Наша апошняя работа такога роду — каляндар, прысвечаны дзесяці стагоддзям беларускай культуры. Але, прапагандуючы культуру, мы працуем і на ўласны імідж. І калі людзі неабыякавыя да прыгожага будуць мець патрэбу ў страхаванні, дык ёсць верагоднасць, што яны звернуцца да нас, беручы да ўвагі патрыятызм, выяўлены ў падтрымцы беларускай культуры.

Валерый СТРАМУК, намеснік начальніка дзяржаўнага аб’яднання “Беларуская чыгунка”:

— Няправільна казаць, што культура мусіць прыносіць нейкі прыбытак. Прынамсі, у кароткачасовай перспектыве. Тут трэба мець стратэгічнае мысленне. Робячы ўнёсак у культурную справу, мы працуем на будучыню. Ад сённяшніх укладанняў у гэтую сферу плён будзе не адразу. Можа, праз дзесяцігоддзі. Я лічу, што ў першую чаргу трэба ісці на падтрымку маладых талентаў, якія могуць распавесці пра нашу рэспубліку, пра нас, пра наш час. Так што, дапамагаючы культуры, мы не разлічваем на матэрыяльную аддачу, а проста робім патрэбную справу.

Ігар ГОРСКІ, прэс-сакратар ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь”:

— Арыентуемся на карысць, якую праект прыносіць грамадзе. У якасці прыкладу — наш унёсак у рэстаўрацыю паўднёва-заходняй часткі казармаў Брэсцкай крэпасці. Пагадзіцеся, гэта карысны і патрэбны праект для нашай краіны, для беларускага грамадства. У дадзеным выпадку мы клапоцімся пра тое, каб Брэсцкая крэпасць заставалася святыняй і для будучых пакаленняў. У прынцыпе, кожны праект, які мае нейкі грамадскі рэзананс, нам цікавы. Але мусяць быць прыярытэты, бо ва ўсе праекты, як бы ні хацелася, не ўкладзешся. Таму мы засяроджваемся на тых, якія падаюцца нам найбольш актуальнымі на дадзены момант, у дазены адрэзак часу. Культура для нас — чыннік сацыяльнай стабільнасці, маральнага здароўя грамадства. Мы верым у тое, што менавіта прыгажосць выратуе свет. Таму і наша падтрымка культуры Беларусі мае характар заўсёдны, нязменны.

Такая падтрымка яднае калектыў. У тым ліку, праз удзел кампаніі ў культурных праектах, што маюць грамадскі розгалас. Да таго ж, будзем прагматычнымі: мецэнацтва спрыяе фарміраванню нашага станоўчага іміджу як унутры краіны, так і за яе межамі. Нас праз гэта ведаюць як кампанію сацыяльна арыентаваную, сацыяльна адказную.

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст
Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"