Як схапіць “шэрага” за руку?

№ 5 (1235) 30.01.2016 - 05.02.2016 г

У сацыяльных сетках актыўна абмяркоўваецца дзейнасць нелегальных экскурсаводаў на тэрыторыі Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць — герой”. Хоць у правілах яго наведвання існуе забарона на ажыццяўленне незаконнай экскурсійнай дзейнасці, але які “нелегал” зважаў на правілы? Натуральна, супрацоўнікі комплексу аб’явілі канкурэнтам бой. Яны, маўляў, і гісторыю скажаюць, і працуюць не на дзяржбюджэт. Але ж схапіць “шэрага” за руку досыць праблематычна, бо ў яго заўжды контраргумент напагатове: не платную групу экскурсантаў прывёў, а сваякоў ды сяброў…

/i/content/pi/cult/571/12535/2-1.jpg

У Брэсцкай крэпасці. / Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Да абмеркавання праблемы і мы ў рэдакцыі падключыліся. У выніку нарадзілася пытанне: дык мо афіцыйныя экскурсаводы канкурэнцыі не вытрымліваюць? З гэтым пытаннем я звярнуўся да дырэктара Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць — герой” Рыгора Бысюка. Вось што ён адказаў.

— Ды пра якую канкурэнцыю гаворку можна весці! У нас — 27 афіцыйных экскурсаводаў, якія цудоўна ведаюць сваю справу. Летась ад правядзення экскурсій мы зарабілі больш за чатыры мільярды рублёў. А праблема нелегальнага экскурсавода — праблема сусветная. Яны набіраюць групы праз Інтэрнэт, гэткім жа чынам і грошы збіраюць…

— Дык што, і выратавання ад іх няма?

— Па-першае, мы таксама праз Сеціва паведамляем патэнцыйным наведвальнікам, што экскурсія для груп каштуе 150 тысяч рублёў. Для адзіночных наведвальнікаў, калі гэта школьнікі ці студэнты — 15 тысяч, калі дарослыя — 30. Ці мае сэнс пераплачваць неафіцыйным экскурсаводам, калі няма гарантыі, што вам прапануюць праўдзівы якасны прадукт?

Па-другое, вырашылі за ўласны пазабюджэт устанавіць павільён на перадуваходнай плошчы (менавіта адсюль збольшага нелегалы пачынаюць свой маршрут). Павільён наш будзе “гучным” і максімальна прыцягальным. Гэтым, думаю, мы пераканаем наведвальнікаў, што супрацоўнічаць з “нелегаламі” эканамічна нерэнтабельна і элементарна нецікава.

Па-трэцяе, рыхтуем групу пазаштатных экскурсаводаў, які будуць працаваць на дамовах-падрадах. Цяпер, калі паток турыстаў не вельмі вялікі, ужо працуе такая група з сямі пазаштатных экскурсаводаў. Думаю, што да красавіка гэтая група за кошт выпускнікоў нашага ўніверсітэта павялічыцца да 80 чалавек…

З гутаркі бачна было, што Рыгор Рыгоравіч сур’ёзна занепакоены і немалой праблемай, і той дыскусіяй, што ўзнікла вакол яе ў сацыяльных сетках. Зразумела адно: такі ажыятаж змусіць супрацоўнікаў Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць — герой” крэатывіць на зусім іншым якасным узроўні. І задуманы экскурсійны павільён павінен “загучаць” так, каб перацянуць “коўдру наведванняў” на сябе, і афіцыйнае экскурсійнае абслугоўванне турыстычных патокаў проста абавязана раз і назаўжды забыцца на запылены фармалізм ды казённую аднастайнасць. Іншага, напэўна, не дадзена. А экспансія “нелегалаў” — толькі доказ таго, што Брэсцкая крэпасць ніколі не была шараговым турыстычным аб’ектам. І калі Мемарыяльны комплекс выбітны, гэткім жа павінна стаць і ягонае экскурсійнае абслугоўванне. У заштатным раённым музеі яшчэ можна ўявіць аднастайнае мармытанне гіда, а ля крэпасных сцен, палітых крывёю абаронцаў, ініцыятыву пры фармальнай экскурсіі імгненна перахопіць ініцыятыўны “нелегал”…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"