Папаўненне ў смехавым "цэху"

№ 5 (1235) 30.01.2016 - 05.02.2016 г

Традыцыя канцэртна-тэатральна сустракаць Новы год (альбо Стары Новы ці абодва разам) нарадзілася ў нас літаральна некалькі гадоў таму, прыйшоўшы з Еўропы. Але хутка набыла папулярнасць, у роўнай меры зацікавіўшы і артыстаў, і гледачоў. Сёлета такіх святочных сюрпрызаў было больш, чым калі. Пазначыліся і пэўныя тэндэнцыі.

/i/content/pi/cult/571/12528/9-1.jpgТэатр Генадзя Гладкова “Тэрыторыя мюзікла” падрыхтаваў святочнае музычнае застолле “Аліўе-мюзік-шоу”, паказаўшы яго акурат 31 снежня. Даведаўшыся, што ў праграме ажно 35 нумароў, а працягласць дзеі на два аддзяленні складзе тры гадзіны, вырашыла ў антракце ціхенька пасунуцца дадому. Але першае аддзяленне праляцела на такім пад’ёме ды ўтрымлівала столькі адметнага і нечаканага, што не застацца было немагчыма. Азірнулася — зала як была, так і засталася аншлагавай. Чым не паказчык? Дарэчы, многія прыйшлі ўсёй сям’ёй, разам з дзецьмі. І не прагадалі, бо цікава было ўсім: у праграме чаргаваліся песні з фільмаў і мультфільмаў (часам з размоўнай “нарэзкай” з самой стужкі), савецкая і заходняя эстрада, нумары з вядомых і невядомых замежных мюзіклаў, фрагменты з іншых спектакляў тэатра, якія суправаджаліся іх рэкламай (маўляў, цалкам гэту пастаноўку вы зможаце паглядзець тады і тады).

Ніводнага выхаду, дзе былі б “проста спевы”. Кожная песня (у жывым, зразумела, выкананні) ператворана ў тэатральную сцэнку, часта з нечаканым сюжэтам, у якім пачатковы змест пераасэнсоўваецца, набывае зусім іншы разгорт (рэжысёр — вельмі крэатыўная Настасся Грыненка). Артысты ледзь паспяваюць пераапранацца-пераўвасабляцца (у таго ж Эдуарда Вайніловіча — бенефіс, дый толькі). Прадметы рэквізіту так і лётаюць, быццам Дзмітрый Якубовіч паставіў харэаграфію не толькі салістам, але і ўсяму, да чаго яны дакранаюцца. Прыдумак, знаходак — безліч. Тэмпарытм — шалёны. Смех у зале не сціхае.

Дадам, што адбывалася ўсё гэта ў сталічным Доме ветэранаў, а публіка там своеасаблівая, больш настроеная на гэткае настальжы без усялякіх “выкрунтасаў”. Дык можа, так і трэба яднаць пакаленні, вырашаючы праблему бацькоў і дзяцей? Старое, ды на новы лад, а ў дадатак, як заморскую прыправу, штосьці зусім прынцыпова новае. І ўсё — з жартачкамі, але гулліва-інтэлігентнымі. З артыстамі маладымі, ды таленавітымі, добра навучанымі. З інтэрактывам вясёлым, але не крыўдным. А калі і “стрыптыз”, дык “з прыколам” (на песню з “Іроніі лёсу…” выходзілі трое хлопцаў з венікамі ў партфелях, раптам скідвалі свае паліто і заставаліся ў… квятчастых “сямейніках”: лазня, як-ніяк).

Мюзік-шоу, названае гастранамічным словам “Аліўе”, мела і адпаведнае кулінарнае “суправаджэнне” — дакладней, уверцюру. Бо ў фае той, хто прыйшоў загадзя, атрымліваў па маленькім “кілішку” шампанскага і тарталетцы з “навагодняй салатай” (так нашае аліўе называюць у Еўропе), прыгатаванай па кананічных савецкіх рэцэптах — з варанай каўбасой, салёным агурком і зваранай морквай. Паклапаціліся і аб праграмцы з пералікам усіх нумароў, імёнамі іх аўтараў і выканаўцаў. Такая поўная інфармацыя — лічы, дадатковая рэклама кампазітарам, фільмам ды спектаклям, а галоўнае — артыстам, сярод якіх у гледачоў даўно з’явіліся свае ўлюбёнцы.

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы “сюрпрызіў” на Стары Новы год. Узгадаўшы свае папраўдзе фірменныя капуснікі, абраў з іх лепшае, пазбавіўся ад “унутранага” гумару, зразумелага толькі заўзятым тэатралам і самім купалаўцам, і знітаваў нумары ўмоўнай тэмай — палёт у авіялайнеры (борт імя Янкі Купалы з камандзірам экіпажа і трыма красунямі-сцюардэсамі) па… закуліссі. Тэатральная “гульня” спалучылася і са звілістай гульнёй слоў у назве імпрэзы — “жАрт to you”, дзе беларуская мова (“зашыфраванае” слова “жартую”) сплялася з англійскай, а сам “жарт” набыў мастацкую скіраванасць, “схаваўшы” ў сябе зразумелы ўсім англамоўны “Art” і адначасова ўскосную рэкламу аднайменнага прэм’ернага спектакля купалаўцаў.

Напоўніцу выявіліся не толькі ўласна акцёрскія, але і багатыя музычныя здольнасці артыстаў, прычым не толькі вакальныя, але і інструментальныя. А пародыі на зорак расійскай эстрады — Надзею Кадышаву (Зоя Белахвосцік) і Аляксандра Малініна (Ігар Пятроў) — здаваліся годнымі нават сцэны “Славянскага базара ў Віцебску”. Добра прайшліся і па навагодніх ранішніках, і па тых рэжысёрскіх выкрунтасах, за якімі артыст становіцца “невідзімкай”, уславілі “служэнне” тэатру, параўнаўшы яго з “восеньскім прызывам” у войска, згадалі класіку ўступных іспытаў з байкай Івана Крылова “Варона і лісіца”. Паўтары гадзіны палёту праляцелі, бы адно імгненне. Бо палёт фантазіі — лепшы сродак руху! Як у творчасці, так і ў жыцці.

У Маладзёжным тэатры эстрады выйшлі дзве праграмы-сястрычкі: “Да Новага года засталося…” і “Да Старога Новага года засталося…”. У паслясвяточныя дні да іх далучылася трэцяя — “Снежны канцэрт”. Справілі тут і “Эстрадныя калядкі” — без публікі, запрасіўшы хіба журналістаў на гэты своеасаблівы “карпаратыў”, цалкам зроблены сіламі саміх артыстаў (ад прысмакаў “з сэнсам” і выбітнымі фантазійнымі назвамі — да прыпевак, складзеных на сваіх калег і супрацоўнікаў тэатра). Афіцыйная ж частка, як і водзіцца пры завяршэнні каляндарнага года, складалася з “раздачы сланоў” — уручэння ўзнагарод.

Рэжысёр Марыя Траццякова падкрэслівае, што, рыхтуючы тэматычныя вечары кшталту "Да Старога Новага...", робіць стаўку на непаўторнасць артыстаў: “З’яўляецца ідэя — і, сыходзячы з яе, шукаю адпаведныя песні, прапаноўваю іх канкрэтным выканаўцам. Бывае, штосьці прыдатнае ўжо ёсць у нашых салістаў, але заўсёды імкнуся пашырыць не толькі ўласна рэпертуар спевакоў, але і іх звыклыя амплуа. Да кожнага нумара робіцца харэаграфія, часам далучаюцца мімы”.

Сапраўды, песні аздабляюцца не толькі падтанцоўкай (балет — адзін з галоўных здабыткаў тэатра), але і, здараецца, нейкай сюжэтнай лініяй, што ўласціва кліпам. Звярнуўшыся да рэпертуару Веркі Сярдзючкі, Яўген Ермалковіч паўстаў каларытнай, тэмпераментнай Зінаідай Фурор. Вольга Змуршчык выйшла ў атачэнні суцэльнага “лялечнага” прадстаўлення, якое забяспечылі артысты комік-шоу-гурта “Доктор Ю.М.О.Р”. Андрэй Кунец, якога многія запомнілі па дзіцячым “Еўрабачанні-2006”, ператварыўся ў палахлівага Саветніка казачнага Агенцтва па ажыццяўленні згубленых навагодніх жаданняў (ну чаму яго не запрашаюць зняцца ў камедыі — толькі таму, што ён яшчэ вучыцца ва Універсітэце культуры і мастацтваў?). Упрыгожылі праграму і некалькі адметных дзіцячых нумароў — Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна, шоу-тэатра “Хвілінка”, майстэрні эстраднага вакалу пад кіраўніцтвам Вольгі Вронскай. Атмасферу святочнага “кактэйлю” дапоўнілі яркія сцэнічныя строі, роставыя лялькі Снегавікоў. Але пачынала яна складацца, ледзь толькі гледачы ўваходзілі ў залу: іх сустракалі мімы, праводзілі да месца, разыгрываючы па дарозе імправізацыйныя міні-сцэнкі. Не адгукнуцца было немагчыма!

Як бачым, у згаданых праграмах трох розных тэатраў ёсць агульныя рысы: крэатыўны падыход, складанне цэлага з мазаікі яркіх нумароў, стаўка на творчую моладзь, гумар, спевы і танцы. Дык чаму б не замацоўваць такія музычна-тэатралізаваныя праекты ў рэпертуары? Тэатр эстрады, дарэчы, так і робіць, вар’іруючы не толькі напаўненне праграм, але і іх назвы. Артысты “Тэрыторыі мюзікла” ўвогуле маюць такі запас шыкоўных нумароў, што могуць ездзіць з імі па фестывалях і конкурсах, нязменна вяртаючыся з прызамі. Тым не менш, і да Дня закаханых, і да 8-га сакавіка тут рыхтуюць новыя сюрпрызы (у дадатак да абноўленых ранейшых). Будуць паўтарацца капуснікі і ў купалаўцаў — як гэта некаторы час таму пачаў рабіць Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага.

Калейдаскоп, хаця і складаецца з адных і тых жа дробных часцінак, ніколі не паўтараецца. Так і тут: знаёмыя нумары ў новым атачэнні, з усё новымі “падводкамі” заўсёды будуць мець поспех. А прыцягнуты такім шоу, глядач, трэба спадзявацца, зацікавіцца і іншым тэатральным рэпертуарам. Весялосць таксама павінна мець густ! І, пажадана, сэнс, на якім і трымаецца смехавая культура чалавецтва.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"