Ці трэба дапамагаць таленту? або Канцэпцыя факта

№ 5 (1235) 30.01.2016 - 05.02.2016 г

Талент — рэч няпростая. З аднаго боку, гэта прыватная ўласнасць канкрэтнага носьбіта, і той можа з ім рабіць, што заўгодна — хоць, як кажуць, у зямлю зарыць, хоць на рынак знесці. З іншага, інтэлектуальны патэнцыял, які па сутнасці ёсць сукупнасць талентаў пры справе дзяржаўнай важнасці — гэта нацыянальны рэсурс, такі ж, як урадлівая глеба, развітая прамысловасць, карысныя выкапні і зручнае геапалітычнае становішча, а ў экстрэмальных сітуацыях, што калі-нікалі здараюцца, мо нават і больш важны. З гэтага вынікае, што падтрымка талентаў — гэта не столькі дабрачыннасць, як праява стратэгічнага мыслення і прагматычны разлік.

/i/content/pi/cult/571/12527/8-1.jpgУже давно пора сказаць

Простыми, ясными словами:

“Талантам нужно помогать,

бездарности пробьются сами.

Так пісаў расійскі паэт. Існуе, аднак, і іншае, цалкам супрацьлеглае, меркаванне, паводле якога парніковыя ўмовы для талентаў не толькі непатрэбныя, але і шкодныя. Маўляў, талент — нішто без валявога чынніку, без унутранага стрыжня. Інакш кажучы, талент, каб лічыцца паўнавартасным, мусіць быць загартаваны рэальным жыццём. У спорце патэнцыйных чэмпіёнаў вылучаюць яшчэ ў дашкольным узросце і ствараюць ім максімальнае спрыянне для развіцця ўнікальных фізічных здольнасцяў. А ці можна ўгледзіць будучага мастацкага ці літаратурнага генія ў дзіцячым садку ці у пачатковай школе? І, зрэшты, ці трэба? Як на маю думку, дапамагаць у дарозе трэба таму, хто ўжо сам зрабіў першы крок і сам вызначыў кірунак руху. Падобна на тое, што менавіта такой логікай кіруюцца эксперты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Мастацкая выстава, прысвечаная дваццацігоддзю дзейнасці згаданага фонду, праходзіць зараз у Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. Перад арганізатарамі стаяла нялёгкая задача вылучыць, так бы мовіць, лепшых сярод лепшых — абраць з мноства лаўрэатаў, стыпендыятаў і дыпламантаў фонду тых, чыя творчасць найбольш выразна адлюстроўвае як сённяшні стан беларускага выяўленчага мастацтва, так і тэндэнцыі ягонага развіцця. Не ў апошнюю чаргу на выбар паўплывала ступень вядомасці маладых мастакоў па-за прафесійным асяроддзем, грамадскі розгалас іхняй творчасці. Думаю, “цвіком” экспазіцыі можна лічыць рабочую мадэль манумента “Брама памяці” мемарыяльнага комплексу “Трасцянец” работы Канстанціна Касцючэнкі. Гэты твор паставіў маладога скульптара ў шэраг з класікамі беларускага выяўленчага мастацтва. А тое, што ў свой час творчыя памкненні Канстанціна Касцючэнкі атрымалі падтрымку фонду, робіць гонар прафесіяналізму экспертаў згаданай арганізацыі, якія занятыя маніторынгам маладзёжнага мастацтва.

Графік Раман Сустаў, чые творы таксама прадстаўлены ў экспазіцыі, добра вядомы ў Беларусі ды і за яе межамі. У сваёй справе — графічным мастацтве — ён у лідарах у маштабе краіны. Ягоны стыль, ягоны вобразны лад ужо ўспрымаюцца як кананічныя. Можна нават казаць пра школу Сустава, бо ён мае і прыхільнікаў, і паслядоўнікаў. Тое, што ягоныя творы вабяць і эстэтаў, і людзей паспалітай культуры — не дзіва, бо Сустаў здолеў не толькі плённа скарыстаць, развіць дасягненні выдатных папярэднікаў, але і пераадолець стэрэатыпы, якія склаліся ў беларускім графічным мастацтве пад уплывам іх творчасці. У творах Рамана Сустава ёсць загадкавасць, містычнасць. Ён балансуе на хісткай мяжы паміж вытанчанасцю і брутальнасцю, але захоўвае раўнавагу.

З прадстаўленага ў экспазіцыі жывапісу мяне найбольш уразілі карціны Алесі Скарабагатай. Мо і немудрагелістыя вонкава, але глыбокія творы. Яна здольная знаходзіць прыгажосць і боскую гармонію ў звычайных жыццёвых праявах. Спадарыня Алеся была бы прынята як свая ў асяродку мастакоў Рэнесансу, якія можа і наіўна, але шчыра верылі, што пад уплывам мастацтва чалавек стане лепшым.

Бадай, галоўная выснова ад прагляду экспазіцыі — гэта тое, што ў беларускім мастацтве даволі гарманічна суіснуюць розныя эстэтычныя канцэпцыі, розныя творчыя кірункі. Работы жывапісца Вікторыі Шыдлоўскай выклікаюць у памяці вобразы рускіх класікаў Малявіна і Архіпава. Васіля Пешкуна можна лічыць прадаўжальнікам традыцыі беларускага генія краявіду Віталя Цвіркі. Ён даволі ўдала спалучае імпрэсіяністычную разняволенасць з кананічным ладам нашага вясковага пейзажа. Той жа сінтэз, хай і не так акрэслена, прысутнічае і ў нацюрмортах Васіля Пешкуна. Работы Валерыі Праславай і Дар’і Бунеевай я ўспрымаю як водгулле Сецэсіі, а Алеся Багданава — як своеасаблівую трансфармацыю барока. Аляксандр Даманаў, відаць, шануе сюррэалізм, але не заўжды ўяўляе, як уплішчыць яго ў беларускі выяўленчы кантэкст. Галіна Конанава ў экспрэсіўнай жывапіснай манеры распавядае пра горад як пра прастору чалавечага сумоўя.

Як бачыце, шырокі роскід тэм, сюжэтаў, стылістычных ухілаў і аўтарскіх почыркаў. Гаворачы пра асацыятыўны шэраг, я не адмаўляю згаданым мастакам у самабытнасці, а толькі канстатую, як цяжка знайсці ў мастацтве, дзе “ўжо ўсё было”, свой шлях, як цяжка выбіцца з хору на сольную партыю.

Скульптар Максім Пятруль працуе з формай, якая ўжо не рэалістычная, але яшчэ і не цалкам абстрактная. Работы Арцёма Мядзведзева — гэта філасафічныя навэлы на тэмы вечных ісцін. Праўда, мастаку часам у названым рэчышчы, на маю думку, не стае перакананасці.

Што да мастацтва дэкаратыўна-прыкладнога, дык тут назіраецца тэндэнцыя выяўлення праз немудрагелістую выяву думкі касмічнай глыбіні і касмічнай жа неакрэсленасці. Мне асабіста муляюць вока англамоўныя назвы лацінскімі літарамі пад творамі айчынных мастакоў. Тым болей што англійскія словы за рэдкім выключэннем маюць беларускія адпаведнікі. Дарэчы, гэта з’ява мае распаўсюд не толькі ў ДПМ, пра якое ідзе гаворка ў кантэксце дадзенай экспазіцыі, але і ў іншых відах мастацтва. Ды і не толькі мастацтва выяўленчага. Мяркую, што за падобнай гульнёй у замежнасць стаіць і ўласцівае моладзі жаданне хоць як вылучыцца і падкрэслісць сваю выключнасць, і яшчэ недастатковае ўсведамленне каштоўнасці ўласнай культурнай традыцыі. Павага да сваіх каранёў прыходзіць з жыццёвым і творчым досведам.

У Беларусі добрая мастацкая школа. Выхаванцы нашай акадэміі працуюць па ўсім свеце. Я маю знаёмца, які пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (так за савецкім часам называлася Акадэмія мастацтваў) доўгі час працаваў у Германіі. Багаты калекцыянер запрасіў яго быць захавальнікам і рэстаўратарам ягонай жывапіснай калекцыі. Калі ж мой знаёмец спытаў таго немца, чаму ён запрасіў на гэту працу менавіта яго, той адказаў, што сачыў за ім і ягонымі аднакурснікамі ад самага пачатку вучобы, і выбраў яго як лепшага. Аказалася, што немец ведаў не толькі пра творчыя здольнасці мінскіх студэнтаў, але і пра рысы характару і галоўнае — пра іх стаўленне да працы. (“А памятаеш, Юра, свайго аднакурсніка, які заняткі прапускаў, а потым ліпавыя даведкі ад урача прыносіў? А памятаеш, як ты з летняй практыкі прывёз работ утрая больш, чым трэба было паводле задання? Вось я цябе і выбраў…”) Прычым БДТМІ быў толькі адным з вялікага шэрагу ВНУ, якія былі ў полі зроку нямецкага калекцыянера.

Я чамусьці думаю, каб тады існаваў прэзідэнцкі фонд падтрымкі таленавітай моладзі, мой знаёмец не шукаў бы долі ў Германіі… Таленту дапамагаць трэба!

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

 

Год культуры стаў працягам Года моладзі, які прынёс некалькі яскравых падзей у галіне выяўленчага мастацтва — той жа “Восеньскі салон з “Белгазпрамбанкам”. А можа, у Год культуры тое, што “маўчала” летась, пакажа сябе ў 2016-м, і новыя зоркі заззяюць на арт-небасхіле?.. Распачаліся творчыя 366 дзён у Нацыянальным гістарычным музеі выставай “Таленты Беларусі” да 20-годдзя дзейнасці спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Фонд дзейнічае з 1996 года, і за гэты час вялікая колькасць музыкантаў, скульптараў, мастакоў, дызайнераў былі заўважаны дзяржавай. А першая ступень да гэтага поспеху, казалі на вернісажы, — падтрымка бацькоў і зацікаўленасць выкладчыкаў. Балазе як толькі вучань паступае ў ВНУ ці каледж, ягоны творчы шлях у нейкай ступені вызначае кіраўнік. Ну і, канешне, маюць значэнне абставіны. І каб пашанцавала! Таму выстава “Таленты Беларусі” — не толькі вынік дзейнасці творцы (колькасць персанальных выстаў, узнагарод і гэтак далей), але і суплёт складанай у сэнсе ўзаемаадносінаў і светаўспрымання сістэмы “выкладчык — студэнт”, а таксама варункаў культурнага працэсу ў нашай краіне. Зараз многія з тых, чые работы прадстаўлены, працуюць выкладчыкамі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Гімназіі-каледжы мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка і перадаюць свае веды вучням.

Што ўласна да выставы, адразу хочацца адзначыць: многія з гэтых работ жывапісцаў, скульптараў, дызайнераў, графікаў аматары мастацтва ведаюць па шматлікіх ранейшых выставах. Мо таму “Таленты Беларусі” не маюць, скажам так, пэўнай куратарскай канцэпцыі, апроч як канстатацыя вартага ўвагі факта: ёсць у нашай краіне канкрэтныя таленавітыя маладыя майстры, і ў экспазіцыі прадстаўлена панарама таго, што падтрымліваецца фондам.

Напрыклад, Імя Алесі Скарабагатай ведаюць бадай усе. Нават тыя, хто жыве за межамі Беларусі. Нагадаю, Алеся яшчэ студэнткай атрымала спецыяльны падарунак ад Прэзідэнта Беларусі, пасля сталася заўважным экспанентам І Трыенале сучаснага мастацтва ў рамках павільёна Акадэміі мастацтваў, летась займела “Прыз глядацкіх сімпатый” на тым самым “Восеньскім салоне…”, дзе былі прадстаўлены містычны дыптых “Дзень” і “Ноч” ды карціна “Пчаліны пацалунак”. Акрамя апошняй, на выставе “Таленты Беларусі” можна ўбачыць работу “Ранішняя кава” ў жаўтавата-малочнай гаме колераў. Праз адметную перадачу светлавых эфектаў ейныя карціны, падаецца, падсвечваюцца знутры. Ну і ракурс, кампазіцыя, дасканала прапісаныя дэталі… Нават фарба выглядае бы сапраўдны мёд!

Мяккасцю і загадкавасцю ахутаны “Сон” Алеся Багданава з дзяўчынай і маленькім кацяняткам. Гэты твор літаральна выпраменьвае спакой, адасабляючы гледача ад астатняй выставачнай прасторы. З беларускім “прысмакам” нацюрморты Васіля Пешкуна. (І гэта толькі адна з рыс яго таленту: нядаўна ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва завяршылася выстава творчага тандэма самога Пешкуна і Ганны Сілівончык. У “Таемным пакоі” гэтых мастакоў (кожная зала — тэматычная) удала спляліся фантазіі і гумар Ганны ды рэалістычнасць Васіля.) Кацярына Семечка сваёй фантазіяй і светаадчуваннем вылучалася яшчэ ў той час, калі вучылася ў Дзіцячай мастацкай школе ў Мазыры і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Але яе работы, на жаль, нячаста сустрэнеш на выставачных пляцоўках. І вось праз доўгі перапынак я ўбачыла карціны сваёй зямлячкі “Птушка”, “Плод” і “Беларуская ноч” з нацыянальнымі матывамі ў Нацыянальным гістарычным: тут і адкрытасць творцы, і шчырасць, і крыху нават наіўная дабрыня. Вясновы настрой унесла “ціхая”, непрыкметная карціна Наталлі Табушавай “Вясна”. (Яна летась мела персаналію ў сталічным Доме дружбы, дзе прадставіла ўлюбёныя ёй як мастакам партрэты, а таксама нацюрморты ў атачэнні вершаў Максіміліяна Валошына, Афанасія Фета, Мікеланджэла Буанароці…)

Не схлушу, калі скажу, што ў нашай краіне ёсць графічны рыцар — Раман Сустаў. Ягоныя афорты ў тэхніках траўлёнага штрыху і сухой іглы (у экспазіцыі “Талентаў…” чатыры работы Рамана) вылучаюцца вастрынёй вобразаў, гатычнасцю, а спалучэнне гісторыі і будучыні, рыцарскага і касмічнага надае творам выразнасць формаў і, у нейкай ступені, сюррэалістычны характар. Сёння творы папулярны ў Японіі, Германіі, ЗША…

З усіх скульптур хочацца вылучыць “Сувязь”. Лайма Мірончык з’яднала паловы жанчыны і мужчыны ў адну танклявую фігуру. І невыпадкова тое, што твор зроблены са зварнога металу. Каханне ўсё ж такі — гэта нешта цэлае, непадзельнае. Нават сплаўленае ў адно-адзінае.

Наведвальнікі вернісажу не абміналі нестандартныя работы Кацярыны Шымановіч. Яна, мяркую, упэўнена рушыць у кірунку еўрапейскіх тэндэнцый, дзе галоўныя складнікі — запамінальныя вобразы (мо і не зусім зразумелыя) і сучасныя тэхналогіі. На жаль, не ўсе прысутныя звярталі ўвагу на маленькія творы Анастасіі Люцько “Крумкач” і “Касатка”. А яны (прыгледзьцеся) — эфектныя і сапраўды сучасныя: некалькі мазкоў на шкле — дынамічны вобраз. Прыцягвае ўвагу керамічная плітка — “Аўтапартрэт” Таццяны Карпачовай. Каб гледачу не было сумна, Таццяна дадала да мінімалістычнага чорна-белага аўтапартрэта рыбу і некалькі (для раўнавагі і настрою, відаць) каляровых акцэнтаў — жоўтых плямак і сіні трохкутнік. Што можна сказаць? Незвычайна!

Галоўнае, каб засталіся нашы таленты, падтрыманыя ў тым ліку і дзяржавай, у Беларусі дбаць на карысць яе мастацтва. Некаторыя, атрымаўшы адукацыю ў нас, з’язджаюць, а “раскручваючыся” там, вядома, наведваюцца раз-пораз на радзіму, у тым ліку і з творчым даробкам. Але… іншымі. Сваімі, але са сваімі “але”.

Вольга РОПАТ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"
Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст