Орша, Мінск...

№ 5 (1235) 30.01.2016 - 05.02.2016 г


/i/content/pi/cult/571/12521/11-1.jpgОрша / Бібліятэка Янкі Сіпакова

21 студзеня ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Аляксандра Пушкіна ў Оршы прайшла літаратурна-музычная гасцёўня “Я голас ваш…”, прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння пісьменніка, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы, нашага земляка Янкі Сіпакова.

Ушанаваць яго памяць прыехалі пісьменнікі з Мінска: галоўны рэдактар часопіса “Гаспадыня” Зіновій Прыгодзіч і галоўны дырэктар Дырэкцыі міжнароднага вяшчання Беларускага радыё Навум Гальпяровіч. На мерапрыемстве прысутнічала пляменніца Івана Данілавіча, завуч Зубрэвіцскай сярэдняй школы Тамара Шачанок, якая шмат цікавага расказала пра свае стасункі з дзядзькам, пра яго добразычлівы характар.

Былы дырэктар Аршанскай ЦБС Ганна Самарукава распавяла, як узнікла ідэя стварэння чытальнай залы “Бібліятэка Янкі Сіпакова”, як адбывалася перадача кніг з уласнай бібліятэкі Сіпакова ў ЦБ імя Аляксандра Пушкіна. Дарэчы, на сённяшні дзень у чытальнай зале “Бібліятэка Янкі Сіпакова” налічваецца 5 268 экзэмпляраў кніг, перададзеных самім Іванам Данілавічам, а пасля яго смерці — жонкай і сынам.

Мерапрыемства праводзілі маладыя супрацоўніцы ЦБ імя Аляксандра Пушкіна Таццяна Калтунова і Алена Давідовіч.

Наш кар.

 

Мінск / Мастак, педагог, дызайнер

Летась 26 жніўня, за паўгода да 70-годдзя, абарвалася жыццё мастака, педагога, дызайнера Лідзіі Ліхадзед. У яе майстэрні — незавершаны алоўкавы накід, недапісаны нацюрморт, недаробленая лялька… Сышоў вельмі светлы, таленавіты чалавек, галоўным у жыцці якога была творчасць.

Шмат гадоў Лідзія Яфімаўна выкладала ў Дзіцячай мастацкай школе № 1 Мінска, у іншых установах пачатковай мастацкай адукацыі. Многія з яе вучняў знайшлі сябе ў мастацтве: сталі мастакамі, архітэктарамі, дызайнерамі. Усе з удзячнасцю згадваюць яе заняткі. Не дзіва, бо Лідзія Ліхадзед была цудоўным жывапісцам.

Маляванне стала сэнсам яе жыцця яшчэ ў дзяцінстве. Спачатку была ДШМ, потым — Адэскае мастацкае вучылішча імя Мітрафана Грэкава. Менавіта тут пачаў фарміравацца асаблівы жывапісны почырк будучага майстра. Мастацкую адукацыю Лідзія Ліхадзед працягнула на аддзяленні інтэр’ера ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце.

Лідзія Ліхадзед уваходзіла ў творчае аб’яднанне “Верасень” Саюза мастакоў Беларусі, брала ўдзел у выставах, займалася кніжнай графікай. Асаблівае колеравае бачанне — вось што галоўнае ў яе творчасці. Улюбёны жанр — нацюрморт.

Пейзажы мастака таксама ствараюць адметны настрой. Адзін з самых вядомых — “Лютаўская трэль” — перадае прадчуванне вясны. Пасля доўгіх зімовых месяцаў неба раптам становіцца высокім і глыбокім, ярка свеціць сонейка і ягоныя промні граюць на снезе чароўнымі фарбамі. Такім жа сонечным ды аптымістычным чалавекам была Лідзія Яфімаўна. Такой і застаецца ў сэрцах родных, блізкіх, калег.

Мар’яна і Юлія ЗЕЛЯНЫЯ


Мінск / Натхняў Сымон-музыка

Летась усе прыхільнікі творчасці Якуба Коласа адзначалі 90-гадовы юбілей паэмы “Сымон-музыка”. Самы загадкавы твор Коласа, глыбінны сэнс мастацкіх вобразаў якога, сцвярджаюць даследчыкі, да нашых дзён яшчэ не поўнасцю раскрыты. “Беларускай моладзі сваю паэму прысвячаю”, — напісаў аўтар. І сімвалічна, што юбілей выдатнага твора прыпаў на правядзенне Года моладзі.

Але паэма знайшла свой шлях да чытачоў самых розных узростаў. На працягу года Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа былі падрыхтаваны шматлікія мерапрыемствы да юбілею “Сымона-музыкі”, створана цікавая выстава “То не музыка — натхненне”, якая дэманстравалася не толькі ў нашай краіне, але ў філіяле Музея горада Санкт-Пецярбурга — музеі-кватэры Аляксандра Блока. Заключным акордам стала правядзенне напрыканцы года сумеснымі намаганнямі музея і Саюза пісьменнікаў Беларусі конкурсу творчых работ “…І, здавалася, жывое нешта йшло ад гэтых струн…”.

Ён праходзіў з 4 лістапада 2015 года па 4 студзеня 2016 года. На адрас арганізатараў прыйшлі дзясяткі работ з розных рэгіёнаў Беларусі, у якіх удзельнікі разважалі пра лёс галоўнага героя твора “Сымон-музыка”, пра месца сапраўднага кахання ў ХХІ стагоддзі і дзяліліся сваімі ўражаннямі ад паэмы. Творы ацэньваліся па ўзроставых катэгорыях у трох асноўных намінацыях: “Конкурс выяўленчага мастацтва”, “Літаратурны конкурс”, “Музычны конкурс”. У склад журы ўваходзілі вядомыя беларускія паэты, мастакі і дзеячы культуры.

Уразіла актыўнасць удзельнікаў — работы адсылалі звычайнай поштай, на электронную скрыню музея, а таксама прыносілі непасрэдна ва ўстанову. У роўнай ступені ўдзельнічалі і дзеці, і дарослыя з розных куточкаў Беларусі: з Віцебшчыны, Гомельшчыны, Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Шмат удзельнікаў і пераможцаў было з радзімы Якуба Коласа — Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў, ад выхаванцаў студый “Раніца”, “Сузор’е”, “Крокі”.

Конкурсныя работы вызначаліся жанравай разнастайнасцю. Былі малюнкі гуашшу, акварэллю, алоўкам, пано са скуры, шкла, бісеру, выпальванне па дрэве… Дыпломы першай ступені шасцігадовым удзельніцам конкурсу ў намінацыі “Выяўленчае мастацтва” — Соф’і Гарошка (Мінская школа № 196) і Валерыі Клімко (Шашкоўская дзіцячая школа мастацтваў). Гран-пры ад арганізатараў атрымала сямігадовая Дар’я Каланчук (Мінскі раён, аграгарадок “Атоліна”). Спецыяльныя прызы ў намінацыі “Музычнае мастацтва” — рэчыцкі гурт “Дыялектыка душы” і настаўніца Калінкавіцкай дзіцячай школы мастацтваў Ірэна Даўлетбаева. Уразіў вянок санетаў, выкананы па ўсіх канонах жанра настаўніцай Старагабскага вучэбна-педагагічнага комплексу Мядзельскага раёна Аленай Босай. Знайшлося месца і нарысам, эсэ, замалёўкам з жыцця…

21 студзеня ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылася ўрачыстая цырымонія падвядзення конкурсных вынікаў.

Ірына КАЗЛОВІЧ, вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа