Плямы фарбы на падлозе — з пэндзля Шагала

№ 4 (1234) 23.01.2016 - 29.01.2016 г

Пакуль экскурсія па будоўлі: чым напоўняць новы віцебскі музей авангардыстаў ХХ стагоддзя?
Каб не Ліверпуль, то ў “бітлоў” ніколі не было б Букінгемскага палаца. Каб не Пецярбург, у Бродскага — Нобелеўскай прэміі. А як бы прагучала такое сцвярджэнне, калі б дзеючай асобай там стаў горад над Заходняй Дзвіной? І адказ на пытанне “Каб не Віцебск, то…” карэспандэнт “К” шукала ў гэтым горадзе па адрасе вуліца Праўды, 5.

/i/content/pi/cult/570/12511/6-1.jpgМенавіта там зараз ідуць рамонтныя работы ў колішнім будынку Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, заснаванага Маркам Шагалам у студзені 1919 года. Там адкрыецца музей знакамітай установы, што дала выток многім плыням мастацтва ХХ стагоддзя. Таму пра гэты адрас, упэўнена, чуў кожны віцябчанін, што паважае сябе і свой горад. Ёсць упэўненасць і ў тым, што сусветная супольнасць таксама з задавальненнем наносіла б сюды візіты. Каб мела такую магчымасць…

Уласны вопыт (а магчыма, пабачанае ў Парыжы) падказаў у свой час Шагалу рашэнне: мясцовай таленавітай моладзі не адолець адсутнасць грошай і адначасова брак уласна навучальнай установы. І сапраўды, чаму сацыяльны статус мае быць адзіным білетам у жыццё, навуку і вялікую творчасць? Адолець гэткія ўмоўнасці і адкрыць новыя імёны на роднай зямлі — вось як маштабна і акрылена марыў знакаміты віцябчанін, і такая пазіцыя прыйшлася даспадобы пралетарскаму грамадству. Нездарма ў артыкуле Г.Грыліна “Куток культуры ў Віцебску” ад 30 студзеня 1919-га адзначалася: у толькі што створаную ўстанову запісалася каля 800 чалавек.

Будынак Марк Шагал выбіраў асабіста. Каменны, з паравым ацяпленнем і каналізацыяй. Колішні дом банкіра хутка стаў катлом, дзе закіпела мастацкая дзейнасць. “Рэагентамі” сталі запрошаныя Шагалам Эль Лісіцкі, Ксенія Багуслаўская, Мсціслаў Дабужынскі, Вера Ермалаева... Рэвалюцыйна на светапогляд навучэнцаў паўздзейнічаў Казімір Малевіч. Ён і яго паплечнікі ўтварылі знакаміты УНОВИС. З таго часу Віцебск лічыўся сэрцам супрэматызму.

Амаль праз сто гадоў пасля апісаных падзей дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва, мастак Андрэй Духоўнікаў кажа на парозе будынка па адрасе вуліца Праўды, 5 — сёння будаўнічага аб’екта “Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча”:

— Лёс гэтага гмаху вельмі дзіўны. Калі мастацкае вучылішча адсюль выселілі, на яго месцы спрабавала “асесці” вучылішча музычнае. Чаго тут толькі не было! У выніку мы маем дакументы часоў Вялікай Айчыннай вайны, нямецкія аэрафотаздымкі, на якіх бачна, што ўся вуліца зруйнавана, акрамя гэтага аб’екта. Хіба не метафізіка? І хіба можна знішчыць незнішчальнае?

А пасля вайны тут апынуўся будаўнічы трэст, супрацоўнікаў якога зусім не хвалявалі цені Шагала і Малевіча. Трэст перабудаваў дом знутры, змяніў сістэму перакрыццяў пад першыя савецкія камп’ютары вышынёй у два чалавечыя росты. Але будынак на Праўды, 5 заслугоўваў статус музея, і за гэтую справу некалькі гадоў таму ўзяліся: віцебскія ўлады “адваявалі” матэрыяльна-нематэрыяльную каштоўнасць, што належыць свету.

Калі чалавека сустракаюць па “адзёжцы”, дык будоўлю — па фасадзе. Агулам работа на будоўлі спорыцца, але тэрмін здачы ўвесь час адкладваецца. Шкада, што будаўнікі на некаторых участках замест рэстаўрацыі выбіраюць больш лёгкі шлях. Так мне дасталося некалькі арыгінальных аскепкаў цэглы векам са стагоддзе з колішняга франтона над галоўным уваходам у вучылішча. Менавіта ў гэтыя дзверы і завітвалі сусветна вядомыя майстры! Дух захоплівае, калі думаеш пра гэта, але захоплівае не ва ўсіх! І прэтэнзія мая нават не да будаўнікоў, бо яны не рэстаўратары і не археолагі...

Затое ёсць тыя, хто з адказнасцю распрацаваў канцэпцыю будучага музея — Андрэй Духоўнікаў, навуковыя супрацоўнікі ВЦСМ Марына Карман і Алена Ге, навуковы кіраўнік гістарычнага цэнтра Віцебска Яўген Калбовіч ды шэраг мастацтвазнаўцаў. Знайшоўся і дызайнер, які ўвасобіць задумы ў жыццё. Усё адбываецца пад патранатам старшыні Віцебскага гарадскога выканакама Віктара Нікалайкіна.

— Уваход будзе з боку падвала — мы трапляем у першую залу, — тлумачыць спадар Духоўнікаў. — Тут размесціцца экспазіцыя “Гісторыя культурнага жыцця Віцебска пачатку ХХ стагоддзя”: тэатры, гастролі заезджых артыстаў, прыватная школа Юдэля Пэна… У асноўным, плануем ужыць мультымедыйныя сродкі, а таксама копіі з архіўных дакументаў. Наогул, гэта памяшканне патрабуе арыгінальнага рашэння (ну сапраўды, якія яшчэ пабудовы так моцна паўплывалі на ход сучаснай сусветнай культуры?), таму што зараз усё знаходзіцца на ўзроўні планаў і папер. Абвесціць конкурс мы не можам, бо не можам даць людзям гарантыі.

Другая зала будзе прысвечана непасрэдна гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. Тут прадугледжаны дасканалыя сістэмы аховы і клімат-кантролю, каб мець магчымасць прывозіць у Беларусь хаця б на час творы Малевіча, Лісіцкага ды іншых майстроў, чыіх работ у нас няма. Але перад тым, зразумела, новаўтвораны музей мусіць заваяваць давер у калег і прыватных калекцыянераў. На месцы сённяшняй бытоўкі будзе зала УНОВИСа, далей — шматфункцыянальная мабільная прастора з магчымасцямі трансфармацыі. Яе мяркуюць выкарыстоўваць для правядзення канферэнцый, сустрэч, прэзентацый…

Увесь праект грунтуецца па плане 1923 года. З аўтэнтычнага атрымалася захаваць некаторыя архітэктурныя дэталі, напрыклад, фрагменты лесвіцы. Па ёй мы ўзнімаемся на другі паверх. Ён сустрэне гледача галерэяй па перыметры “пустэчы”, адкуль бачны першы паверх. А далей — кабінеты. Самога Шагала, дырэктарскі, з балконам, які потым таксама задзейнічаюць у агульнай канцэпцыі, толькі ўжо вулічнай. У кабінеце майстра захавана частка паркетнай падлогі, на якой нават засталіся плямы ад фарбаў і іншыя сведчанні эпохі і падзей. Асабістых рэчаў мастака ў архівах будучага музея пакуль няма. Суседняе памяшканне Шагал пакінуў для Малевіча, і ягоны кабінет-майстэрня стане экспазіцыйнай прасторай. (“Я быў у варшаўскім гатэлі “Polonia Palace” ў мемарыяльнай зоне, прысвечанай авангардысту (ён некалі рабіў там выставу), і такі падыход можа быць цікавым”, — дзеліцца бачаннем ідэі Андрэй Духоўнікаў.) Адметна, што ва ўсім свеце так і не было заснавана ніводнага музея Казіміра Малевіча. Мо Беларусь выправіць несправядлівасць?

Маленькую залу прысвецяць выкладчыку і жывапісцу Веры Ермалаевай. У фотакалекцыі музея ёсць цудоўныя здымкі з яе выявай. Канешне, з’явіцца і зала Лісіцкага, які вучыўся ў Юдэля Пэна, а затым выкладаў у народным мастацкім (цэнтральным аб’ектам тут стане друкарскі станок). Апошняя прастора апавядзе пра гадаванцаў вучылішча, іх лёсы, дасягненні. Зала будзе часткова энцыклапедычнай, з бібліятэкай, людзі змогуць тут працаваць, падключацца да інфармацыйнага сервера — звыклая практыка для замежніка, дапытлівага і грунтоўнага. Дарэчы, адначасова музей плануе прымаць не больш за сотню чалавек.

Але перш чым планаваць, трэба адолець шэраг праблем. І калі грашовыя — гэта класіка, то ідэя ўвасаблення музея выявіла іншыя, больш “выкшталцоныя”. Па-першае, гэта абыякавасць, такі здаровы “пафігізм”. Жалімся, што не маем спадчыны — дык вось жа сапраўдны скарб! І калі адкінуць лірыку, то Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча — патэнцыйная курка, што нясе залатыя яйкі. Калі падысці да рэстаўрацыі і “кантэнту” адказна, то праз увагу замежнікаў будзем запісвацца на экскурсіі на некалькі гадоў наперад. А калі стварыць мастацкі квартал, уключыць у праект перпендыкулярную вуліцу Калініна, на якой знаходзіцца былы хэдар (школа, дзе вучыўся маленькі Марк) і іншыя аб’екты, размаляваць фасады дамоў супрэматычнымі сюжэтамі, пісьменна распрацаваць вобраз Юдэля Пэна для экскурсійнай праграмы (яго калекцыі горад мае ў дастатковай колькасці)...

Другая праблема — адсутнасць твораў вышэйзгаданых асоб. Як растлумачыў мне Андрэй Духоўнікаў, набыць іх можна заўсёды, вось толькі вельмі лёгка ў сітуацыі з “рускім авангардам” нарвацца на падробку, прычым падрабіць можна не толькі само палатно, але і навуковае заключэнне ад імя слыннага спецыяліста. Такія пытанні трэба вырашаць усё ж талакой, і выключна кантактаў ВЦСМ, што мае дамовы з музеямі Еўропы, тут недастаткова. Трэцяя праблема — уласна статус аб’екта. Ён павінен быць не гарадскім, не абласным, а нацыянальным. Так будзе лягчэй змагацца са складанасцямі, і, вядома, больш пачэсна для ўстановы. І на заробках супрацоўнікаў тое, вядома, адаб’ецца.

Мая паездка ў Віцебск адбылася напрыканцы 2015-га, а праз некалькі тыдняў у Беларусі быў абвешчаны Год культуры. Хочацца загадаць, каб 2016-ы сапраўды стаў вырашальным для лёсу такога значнага аб’екта, як Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча.

Мінск — Віцебск — Мінск

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст