Каб не горш было!

№ 4 (1234) 23.01.2016 - 29.01.2016 г

Дырэктар Ходасаўскага СДК, што на Мсціслаўшчыне, Ларыса Пашкевіч даслала ў рэдакцыю ліст пра калядны абрад. Каб дапоўніць інфармацыю фактурай, звязаўся з ёй па тэлефоне. У выніку атрымалася зусім іншая гісторыя.

Па запрашэнні польскіх калег Ларыса Аляксандраўна пабывала нядаўна ў сельскіх рэгіёнах Люблінскага ваяводства. Агледзела ўстановы культуры некалькіх гмінаў. Вельмі ўразілася. Тым, да прыкладу, што для польскага паселішча ў сто жыхароў клуб з’яўляецца не проста ўстановай культуры. Ягоная сацыяльная значнасць вынікае з назвы: не СК ён для вяскоўцаў, а “светліца”. І не толькі светла ў ім, але і цёпла з той простай прычыны, што ўсё гэта — для людзей. У беларускіх клубах узімку верхняе адзенне здымаць — небяспечна, бо сцюдзёна. А польскія ўтрымлівае ўлада гмінаў. Вось табе і самакіраванне. З той жа прычыны няма ў тамтэйшых работнікаў культуры планаў па аказанні платных паслуг. І яшчэ. У кожнай такой польскай установе — кухня з наборам тэхнікі і посуду. Любое мерапрыемства заканчваецца ці не сямейнымі пасядзелкамі з пірагамі ды гарбатай. Гэта — што да нацыянальнай кухні. А вось прыклад таго, як у гмінах ставяцца да гістарычнай даўніны. У сінагогі і праваслаўныя цэрквы тамтэйшыя, як у храмы, ужо і хадзіць няма каму: жывуць адны каталікі. Але будынкі захоўваюцца ва ўзорным стане: у іх працуюць музеі, што зберагаюць культуру і прыцягваюць замежныя інвестыцыі.…

Але ў родныя Ходасы Ларыса Пашкевіч вярнулася, поўная аптымізму. Маўляў, і ў нас павінна быць не горш. На сітуацыю дырэктар СДК глядзіць досыць крытычна. Стан уласнай установы трывогі ў яе не выклікае. Месціцца СДК пад адным дахам з філіялам Мсціслаўскай ДШМ імя Мікалая Чуркіна і бібліятэкай. Пры клубе дзейнічаюць народны вакальны калектыў “Надзея” і 14(!) клубных фарміраванняў, якія наведваюць амаль 150 вяскоўцаў.

Але толькі ўнутрыклубнымі справамі Ларыса Пашкевіч не абмяжоўваецца. Сваіх аднадумцаў — рабочую моладзь, пенсіянераў, настаўнікаў і ўрачоў — яна называе “ініцыятыўнай супольнасцю”. Дык вось, супольнасць давяла да ладу парк, расставіла новыя лавачкі. Набылі за кошт грантаў дзіцячую пляцоўку з горкамі і іншымі атракцыёнамі, размясцілі яе ля школы, дзе як-ніяк вучыцца яшчэ 200 чалавек.

Чарговая кропка прыкладання сіл “ініцыятыўнай супольнасці” — стварэнне добраўпарадкаванага прыпынку з паветкай. Фармаванне грамадскай думкі, прасоўванне яе па інстанцыях для рэалізацыі — звыклы для ходасаўцаў шлях. Вось і Каляды тут нядаўна правялі, і з аптымізмам прынялі, што 2016-ы абвешчаны Годам культуры. Дарэчы, Каляды і сталі яго першай творчай імпрэзай у Ходасах. А колькі іх яшчэ будзе! Праект “Мой клуб — мой дом” пераўтворыцца ў фотавыставу. Пройдуць канцэрты, святы, ўрачыстыя рэгістрацыі шлюбаў, дыскатэкі. А яшчэ Мсціслаў стане сталіцай абласных Дажынак. Цяпер гурткі прыступаюць да вырабу сувеніраў да гэтай падзеі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"