Метафізіка праз перуны

№ 3 (1233) 16.01.2016 - 22.01.2016 г

Жывапіс Анатоля Кузняцова — своеасаблівы “метадычны дапаможнік” для больш глыбокага разумення таго, якое ж месца займае абстрактны жывапіс на сучасным этапе развіцця беларускага шматгалосага выяўленчага мастацтва, поўнага супярэчнасцей, процілегласцей і супрацьстаянняў.

/i/content/pi/cult/569/12483/12-2.jpgЗа мастацтвам Кузняцова я даўно назіраю, і для мяне заўсёды былі цікавыя тыя метамарфозы, якія адбываліся з ім. І я рады, што ён атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва. Напэўна, гэта першы ў нас выпадак, калі мастак уганараваны такім высокім дзяржаўным прызнаннем за цалкам “нерэалістычны жывапіс”! Іншымі словамі — за беспрадметнае мастацтва…

Нагадаю, Анатоль Кузняцоў — выхаванец Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, вучань Паўла Крохалева, Анатоля Бараноўскага… Творца выстаўляецца амаль сорак гадоў. Атрымаўшы моцную акадэмічную школу, ён да канца 1970-х ствараў работы ў, так скажам, звыклай рэалістычнай манеры. Потым, па яго словах, стаў “паўтарацца” — і ў тэматыцы, і ў каларыстыцы, і ў вобразных структурах. Па прыродзе чалавек-шукальнік, які імкнуўся ў мастацтве “дайсці да самой сутнасці”, ён кардынальна змяніў свае погляды, рызыкуючы наклікаць на сябе перуны з боку артадаксальных апекуноў савецкага акадэмічнага рэалізму.

Вось так на пачатку 1980-х Анатоль Кузняцоў прыйшоў да свайго беспрадметнага жывапісу, і ў гэтым сэнсе стаў у Беларусі ледзь не адзіным эмацыйным аналітыкам “жывога” жыцця праз музыку фарбаў ды метафару прастораў. Яго канцэпцыю можна азначыць так: прастора і час — адзіная форма, у якой будуецца быццё, і, значыць, па гэтым “лякале” павінна будавацца мастацтва. Цікава, што Кузняцоў не аддзяляе змест ад формы — яны ўтвараюць адзінае цэлае. Твор не гаворыць пра нешта — ён існуе сам па сабе. Такім чынам, палатно мастака абстрактнае, “абсалютнае” толькі ў сваім метадзе, а не паводле ўнутранай сутнасці. Бо ўнутраная сутнасць — шматлікая прырода рэчаў і чалавека, якая “падказвае” аўтару ўсе філасофскія арабескі быцця. Сам мастак кажа: “Мая творчасць — інтуітыўная. Калі я падыходжу да чыстага палатна, яшчэ не ведаю, што атрымаецца. Вобразы нараджаюцца ў працэсе імправізацыі”.

Гэта так, але... Усё адно ў жывапісца перад чыстым палатном у думках лунае галоўнае: што ён хоча фарбай сказаць гледачу і сабе, як, напрыклад, разбіць белы ці блакітны колер на неабходныя спектры, рэфлексы, адценні, каб рэалізаваць тую ідэю карціны. Так ці інакш, але створаныя ім серыйныя манументальныя цыклы ўражваюць. Можна згадаць, напрыклад, “Парад планет”, “Метафізічныя развагі”, “Афарыстычныя парадоксы”, “Узаемадзеянні супярэчнасцей”, “Мінімалізм срэбрам”, “Непрадбачанае развіццё падзей”, “Трансфармацыя часу”, “Метафары забытых ісцін”, “Пераўтварэнне прасторы”… Нават у назвах дакладна прачытваецца глыбокая філасофская канцэпцыя твораў Кузняцова, скіраваная на расшыфроўку яго духоўнага “аўтапартрэта”, ядром якога з’яўляецца пластычна-музычнае ўвасабленне аўтарскага “касмічнага патоку ўсведамлення”.

Іншымі словамі, творчасць мастака — складаны пошук уласнага шляху да ўнутранай свабоды. І, думаю, гэты шлях ён шчасліва знайшоў і ў актыўным прыманні навакольнага свету, і ў свядомасці сістэмы ўласных мастакоўскіх каардынат, і ў рытмах класічнай музыкі (так-так, бо, калі я бачу прасторавы жывапіс мастака, чую гукі твораў ці то Баха, ці то Бетховена, ці то Вагнера). Канешне, я разумею, што пакуль для большасці гледачоў, выхаваных, у асноўным, на мастацтве перасоўнікаў і сацрэалістаў, жывапіс Кузняцова яшчэ складаны для ўспрымання. Але густы і адносіны да сучаснага мастацтва змяняюцца (такое адбывалася ў гісторыі мастацтва), і тое, што сёння выклікае вострыя дыскусіі, а часам — і поўнае адмаўленне, заўтра зробіцца класікай…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"