Установа культуры: яна ёсць ці няма?

№ 3 (1233) 16.01.2016 - 22.01.2016 г

Пра што мараць фізрук, бібліятэкар і клубнік
Год — новы, пытанні — старыя. Тым больш, узнімалі мы іх напрыканцы 2015-га, калі выправіліся ў чарговы аўтатур па Магілёўшчыне. Вынікі ж вандроўкі падсумоўваем у студзені і з вялікім спадзевам на тое, што Год культуры хоць нейкім чынам паспрыяе таму, каб шэраг праблемных пытанняў быў усё ж такі вырашаны. Першы наш артыкул прысвечаны культуры Круглянскага раёна. Мы тут, як і заўжды, шмат пачулі, шмат пабачылі і многаму навучыліся…

/i/content/pi/cult/569/12480/10-1.jpgДзе ты, праект? А вось!

Спачатку невялічкая прэамбула. Мяркуючы па наяўных культурных праектах, творчае суперніцтва на Кругляншчыне выйграюць, па нашым перакананні, не клубнікі, а бібліятэкары, і не раёна, а — райцэнтра… Тут нам зноў хацелася б спыніцца на тым, чаму нас тыя праекты так цікавяць. Адна з важных высноў нашага аўтатура нескладаная, але выключна трывожная: сельскія ўстановы культуры збольшага пустуюць. Прынамсі, такую карціну бычым, калі заязджаем цягам дня і вечара ў бібліятэкі і клубы. І прычына не ў тым, што няма патэнцыйнага наведвальніка. Аптымізацыя такія ўстановы ў значнай ступені ліквідавала. Вытокі з’явы шукаць варта ў якасці працы агменяў культуры. На руціну ў гэтай сферы мала хто паквапіцца. Значыць, задача дня — стаўка на яркі, цікавы праект. Не маем на ўвазе наладжванне шараговага канцэрта ці будзённую працу звыклага гуртка. Неабходны цікавосткі, доўгатэрміновыя, сацыяльна значныя, брэндавыя. Згадайце, які праектны выбух пракаціўся за апошнія гады па абласцях і раёнах. На заклік “Шукаем брэнд!” работнікі культуры адгукнуліся святамі клубніц, суніц, журавін, грыбоў, гуркоў, юшкі… І гэта толькі “гастранамічны” бок справы.

Дык вось, адзін з нас быў ужо колькі гадоў таму ў вёсцы Філатава. Што ж чакае нас тут гэтым разам? Не будзем спяшацца з высновамі.

Клубная ўстанова невялічкая, але вельмі сімпатычная па архітэктуры і па інтэр’еры. Гэта пераабсталяваны з 2006 года школьны будынак, што месціцца ў цэнтры паселішча, ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу. У СДК ёсць дзве маленькія залы — глядзельная і дыскатэчная, пакоі для гуртковых заняткаў (тут — аж восем клубных фарміраванняў). Спадабалася нам і тое, што ўстанова, нягледзячы на абедзенны час, была адчынена. Так мы і пазнаёміліся з дырэктарам СДК Таццянай Баярскай, якая яшчэ і дэпутатам райсавета з’яўляецца.

На наша пытанне “А чаму ніводнага наведвальніка няма?” яна слушна адказала, што да абеду клубны час — для метадычнай падрыхтоўкі работнікаў культуры, пасля абеду — для вяскоўцаў. Запэўніла, што менавіта пасля абеду яны абавязкова з’явяцца. Таццяна, да ўсяго, яшчэ і мастацкі кіраўнік вакальнага ансамбля “Мілавіца”. Дык вось, “Мілавіца” на рэпетыцыю ў любым выпадку збярэцца. Не паверыць натхнёна-летуценнай жанчыне было цяжка.

А вось пытанне наконт чаго-небудзь новенькага... Мо сталае супрацоўніцтва з блізкім ФАКам? Не. Проста іншым разам выкарыстоўваецца іхняя зала. Дык мо цікавыя праекты — у перспектыве? Пра што марыць з гэтай нагоды Таццяна Баярская? Аказваецца, пра тое, каб павазіць лепшых гурткоўцаў не толькі па раёне і вобласці, але і па Беларусі. Чым не доўгатэрміновы праект? Тут і знаёмства з нацыянальнай культурай, і патрыятычнае выхаванне. Каб любіць Беларусь, варта яе, так бы мовіць, з усіх бакоў памацаць.

Адзін з нас, які больш старэйшы, усе школьныя гады за савецкім часам правандраваў па Беларусі. Школа замаўляла на аўтабазе аўтобус, і клас выпраўляўся ў Мінск, Брэст, Віцебск, наведваў музеі, карцінныя галерэі, гістарычныя месцы, запаведнікі. На Рагачоўшчыне сёння гэтым займаюцца з поспехам работнікі культуры: маюць свой транспарт, набіраюць групы ахвотных і адпраўляюцца па культурных маршрутах. Паслуга — платная. Так што няпроста давядзецца сёлета Таццяне Баярскай. Калі задумае рэалізаваць сваю мару, спонсараў не абміне. Але ў Год культуры, на наш погляд, у першую чаргу павінна праявіць сябе сацыяльна арыентаванае фундатарства. Калі не, дык чаго мы тады вартыя?! Мары для таго і існуюць, каб іх рэалізоўвалі…

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Пра грантавыя праекты сёння нават не згадваю. І пра доўгатэрміновыя (кшталту штогадовага свята сяла ці свята журавін) казаць не буду. Пад іх рэалізацыю хоць якія грошы ды патрэбны. А вось пра яркія дзеі (так бы мовіць, эканом-класа) самы час пагаварыць. Тым, хто з такімі дзеямі не знаёмы, заўжды прыводжу ў прыклад дзейнасць экалагічнага цэнтра вёскі Козенкі, што на Мазыршчыне. У свой час мяне вельмі здзівілі тамтэйшыя работнікі культуры. Я пра гэта пісаў, але паўтаруся. Мерапрыемства называлася “Забіць змея”. Яго папярэджвала рэкламная акцыя. Абвесткі паведамлялі пра час дзеі, але не тлумачылі яе сутнасць. Так што ажыятажу ў вёсцы было — праз край. У вызначаны час дзеці-эколагі пранеслі па вясковых вуліцах змея, сшытага з пластыкавых бутэлек, сабраных на вуліцах і ў бліжэйшых лясках. Пахаванне “злога” смецця адбылося на гарадскім сметніку. Кошт праекта — аплата грузавіка, які даставіў “змея” па месцы прызначэння. Чаму на такія арыгінальныя ідэі — хранічны дэфіцыт? Усё проста: на сяле павінны думаць, а ў райцэнтры — накіроўваць. Інакш заснуць усе ад руціны.

Год як аб’ядналі…

А вось да мясцовай бібліятэкаркі патрапіць не давялося, бо пайшла дзяўчына на абед. Шкада. Пазней у райбібліятэцы нам скажуць, што працуе ў Філатаве сапраўдная крэатыўшчыца. Значыць, будзе яшчэ адна нагода сюды прыехаць. З улікам таго, што ўстанова месціцца ў школе, было б цікава прааналізаваць і эфектыўнасць такога спалучэння.

Вядома, аб’яднаныя бібліятэкі даводзілася бачыць нам і раней. Цікава іншае. Перад маштабным працэсам аб’яднання сельскіх бібліятэк на базе школьных вялося шмат размоў пра асобны ўваход: усемагчымыя каранцінныя мерапрыемствы, графік працы, адпаведны дрэс-код — усё гэта можа адрознівацца ва ўстанове культуры і ўстанове адукацыі. Адпаведна, размяшчэнне аб’яднаных бібліятэк на тэрыторыі школы першапачаткова ажыццяўлялася толькі пры наяўнасці асобнага ўваходу. У Філатаве мы яго не выявілі.

Паглядзеўшы на грунтоўна зробленай карце, што ўсталявана каля Філатаўскага сельсавета, размяшчэнне іншых аб’ектаў культуры ў ваколіцы, вырашылі ўсё ж трапіць у бібліятэку, гэтым разам у вёсцы Рубеж.

Але пра бібліятэку трохі пазней. Спачатку колькі слоў пра велічны будынак колішняга сельскага дома культуры. Заўважылі вынікі актыўнага рамонту. Спачатку ўзрадаваліся і задаліся пытаннем: няўжо знайшліся ў бюджэце сродкі на адраджэнне ўстановы культуры? Сродкі, як аказалася, і сапраўды знайшліся. Вось толькі не ў бюджэце і не на ўстанову культуры. Высветлілі, што аб’ект набыў за адну базавую мясцовы настаўнік фізкультуры і плануе з партнёрамі зрабіць у будынку вытворчы аб’ект.

Скіраваліся ў школу, дзе і дзейнічае, як нам паведамілі мінакі, бібліятэка. Высветлілі, што яе год як аб’ядналі з сельскай публічнай, размясціўшы ў пераабсталяваным кабінеце працоўнага навучання. Першапачаткова публічная бібліятэка размяшчалася ў суседняй вёсцы Паўлавічы.

Кіруе ўстановай Святлана Панарадава. Стаж працы ў бібліятэчнай сферы ў яе адносна невялікі — усяго якіх гады два. Дагэтуль працавала выхавацелькай у дзіцячым садку. Мо невыпадкова, што асноўны чытач у бібліятэцы — дзеці і падлеткі, да якіх Святлана Панарадава мае свае падыходы. Прыкладам, напрыканцы года сярод школьнікаў традыцыйна падводзяцца вынікі, хто больш за ўсіх прачытаў, з уручэннем памятных сувеніраў. Усё гэта цудоўна, але ў бібліятэцы мы не заўважылі чытачоў. Званок абвясціў, што пачаўся перапынак, але вучні не спяшаліся да кніжных паліц. Прынамсі, у іншых, інтэграваных у школьны бок, бібліятэках мы такое бачым пастаянна. А вось у Рубяжы завядзёнка тая адсутнічае.

Звернемся да лічбаў. У школе вучыцца 60 дзяцей. Усяго ж чытачоў 380, з іх актыўных, па словах Святланы Панарадавай, чалавек сорак. Гэта тыя людзі, якія любяць кнігу ды ідуць у бібліятэку і без рознага інтэрактыву. Але што рабіць з астатнімі трыма сотнямі патэнцыйных чытачоў, як іх завабіць? Традыцыйнымі кніжнымі выставамі? Ёсць сумневы. Тым больш свайго пэўнага профілю гэтая бібліятэка не мае.

З цікавостак заўважылі, што паралельна з друкаванымі версіямі асобных кніг бібліятэка прапаноўвае і аўдыякнігі. Чым не сродак прыцягнення чытачоў? Сярод прадстаўленых аўтараў Чэхаў, Лермантаў... На жаль, беларускіх аўтараў пакуль у “падвойным” варыянце мы не пабачылі, хаця на сённяшні дзень створаны не адзін дзясятак беларускіх аўдыякніг і аўдыяспектакляў.

Пацікавіліся, які запыт у чытачоў на беларускіх пісьменнікаў. Калі меркаваць па канкрэтна гэтай установе, папулярнасцю карыстаецца, найперш, класіка — Кандрат Крапіва, Андрэй Макаёнак, Іван Шамякін. Відаць, сучасных аўтараў тут наўпрост не ведаюць.

Заўважылі і прайс-ліст бібліятэчных паслуг, дзе, сярод іншага, прапануюцца такія паслугі, як набор тэксту, навучанне працы на камп’ютары, стварэнне фотакалажаў у графічным рэдактары, выязныя тэатралізавана-гульнявыя віншаванні, правядзенне святочных масавых мерапрыемстваў. Урэшце, многія з гэтых паслуг аказвае Круглянская раённая бібліятэка, а не непасрэдна сельская бібліятэка ў Рубяжы.

Склалася ўражанне, што Святлана Панарадава з цікавасцю і адказнасцю працуе ў бібліятэцы. Вось толькі без метадычнай дапамогі, сумесных з ЦБС акцый па папулярызацыі кнігі, актыўных чытачоў, відавочна, бліжэйшым часам не паболее.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Давайце памарым. Уяўляецца, што некалі прыйдзе чалавек у сельскую бібліятэку, дзе яму парэкамендуюць патрэбную літаратуру. Пагартае абраную кнігу, счытае смартфонам QR-код, а пасля спампуе яе з інтэрнэт-сервера. Ці, скажам, не ведае чалавек, што яму прачытаць — пройдзе на месцы адпаведанае тэсціраванне — і атрымае спіс кніг, з якімі яму будзе цікава і карысна пазнаёміцца. Скажаце, фантастыка. Зусім не! Дзейнічаюць цяпер і адпаведныя кніжныя онлайн-сервісы, а стварыць і раздрукаваць QR-код можна ў любой бібліятэцы з доступам да Інтэрнэту і прынтарам. А тыя ж тэсты можна адшукаць у Сеціве ці стварыць метадыстам, скажам, абласной ЦБС. Варыянтаў абсучасніць сельскую бібліятэку — неверагодна шмат. Варта толькі імі скарыстацца.

Дык хто ў хаце гаспадар?

А вось і вёска Круча. Не было часу высвятляць этымалогію цікавай назвы. Замест гэтага доўга шукалі клубную ўстанову. У мясцовай школе нам падказалі, што сельскі клуб знаходзіцца ў гэтым жа будынку, але з тыльнага яго боку, там, дзе працуе паштовае аддзяленне. Шукалі “ачаг культуры” доўга. Адпаведнай шыльды проста не было. Урэшце знайшлі нейкія непрыкметныя дзверы, за якімі аказалася пошта. Насупраць заўважылі адчыненае і пустуючае памяшканне з аркушамі малюнкаў з адлюстраваннямі чарапоў ды іншымі падобнымі выявамі на сценах, старэнькім дынамікам з кепска ізаляванымі правадамі.. Няўжо гэтае адчыненае для ўсіх, але пустое памяшканне — клуб? Наведвальнікі пошты на гэтае пытанне, як падалося, сарамліва адводзілі вочы.

Мы дачакаліся кіраўніка СК Аксану Качук. Аказваецца, зала пачынае працаваць з 15.00, бо Аксана — паўставачніца, з’яўляецца яшчэ лабарантам мясцовай аптэкі. Як толькі паўсюль паспявае? Жанчына распавяла, што ёсць тут тры гурткі, ладзяцца дзіцячыя дыскатэкі (апаратура — замкнёная ў каморцы) і мерапрыемствы, прысвечаныя здароваму ладу жыцця. Страшныя малюнкі, аказваецца, выстава дзіцячых твораў, у якіх пад мастацкую крытыку трапілі чалавечыя заганы.

Мы вельмі здзівіліся, калі ў Круглым намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Ціманава паведаміла, што неўзабаве клуб і бібліятэка (школьная) у Кручы аб’яднаюцца ў бібліятэку-клуб. Шчыра кажучы, цяжка ўявіць, як будзе працаваць гэтае аб’яднанне ў рэальнасці.

І вось якая закавыка. Праглядаючы структуру клубных устаноў, вывешаную ў РДК, мы заўважылі, што бібліятэка-клуб у Рубяжы ўжо існуе…

Агульнае (не)лірычнае завяршэнне

Возьмем на сябе адказнасць сцвердзіць, што сельскім работнікам культуры ў Круглянскім раёне не стае метадычнай падтрымкі. Урэшце, не спецыяльная адукацыя вырашальная ў справе крэатыўнага падыходу да справы. Уменню думаць і марыць трэба вучыць. Тады нават неадмысловец даўцяміць, што патрэбна сёння сельскаму спажыўцу культуры. У наступным выпуску нашага аўтатура пераканаемся, што магчымасцей і досведу для гэтага ў цэнтральных устаноў культуры Кругляншчыны маецца багата.

Фота аўтараў

Мінск — Круглянскі — Шклоўскі раёны Магілёўшчыны — Мінск

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"