Топ-5 ад фатаграфіі

№ 3 (1233) 16.01.2016 - 22.01.2016 г

Ад амаль дакумента да амаль перфомансу
Вызначэннем пераможцаў прэміі “Прафота” завяршыўся леташні Месяц фатаграфіі. Маштабная падзея, якая выйшла за межы трыццаці дзён, не толькі сабрала разнастайныя выставы “пад адну вокладку”, але і вылучыла лепшых у беларускай сучаснай фатаграфіі. Імі былі прызнаны Аляксандр Васюковіч і Дар’я Цырык — Гран-пры ў намінацыі дакументальнае фота (серыя “Кожная трэцяя”), і Максім Сарычаў — лепшы па меркаванні журы ў арт-фатаграфіі (серыя “Прывітанне, зброя!”).

/i/content/pi/cult/569/12479/9-1.jpgЯк ні дзіўна, але падзея, якая завяршыла фотамарафон, у поўнай меры раскрыецца ў лютым — калі будзе зладжана выстава аўтараў “Прафота” і прэзентаваны каталог прэміі. Пакуль ацаніць яе паўнавартасна складана: цырымонія падвяла хутчэй вынікі леташняй працы, выявіла пераможцаў. Таму дазволю сабе скарыстацца такой нагодай, каб не пайсці наперад, а азірнуцца назад — пералічыўшы лепшыя фотапраекты мінулага года, у тым ліку Месяца фатаграфіі, якія немагчыма не адзначыць, ці, наадварот, тыя, якія былі схаваныя за больш буйнымі ініцыятывамі.

Выстава “Подпісы вайны” Артура Бондара

Ладзілася яна ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі. Невялічкая зала атмасфернага музею, па перыметры якой — фотаздымкі-палароіды. Усё камерна і даволі сціпла. Але гэта акурат той прыклад, калі праект робіць ідэя. Украінскі фатограф Артур Бондар здымае на палароід ветэранаў Другой сусветнай вайны. Аўтар паказвае лёсы людзей, звязаных з вайной, але таксама скіроўвае і да прыроды памяці, якая мае схільнасць да трансфармацыі пад уздзеяннем часу, іншых фактараў, падобна выявам на каляровай пласціне.

Партрэт чалавека на фоне інтэр’ераў і экстэр’ераў; ягоны подпіс на імгненным здымку…Партызан, медсястра, артылерыст, вайсковы святар, палітрук, жанчына, што была на прымусовых работах у Германіі, работніца тыла, разведчык… Аўтар не робіць размежавання на тых, хто непасрэдна прымаў удзел у ваенных дзеяннях, і тых, хто быў у тыле ці ў акупацыі. Глабальная катастрофа — вось тая падзея, якая лучыць лёсы гэтых людзей. З кожным годам сведкаў вайны становіцца ўсё менш — палароідны здымак як самы недаўгавечны з фатаграфічных адбіткаў толькі падкрэслівае гэты сыход. “Чаго?” — можна задацца пытаннем. Эпохі? Навалы? Мужнасці? Гонару? Асабістай праўды? “Подпісы вайны” — здаецца, вельмі просты праект на вядомую тэму, але персанальная інтанацыя аўтара, яго шчыры кантакт з людзьмі, знодзейны ход робяць яго серыю адметнай у шэрагу іншых, часам па завядзёнцы, “прысвечаных вайне”.

Фатаграфіі Станіслава Ігнація Віткевіча “Віткацы”

На Месяцы фатаграфіі былі прадстаўлены дзве польскія выставы — і абедзве вартыя самых высокіх адзнак: вышэйзгаданая “Віткацы” ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва і “Пачатак і канец эпохі” Салавейчыка-Аўгусціса ў Нацыянальным гістарычным музеі.

Варта адзначыць, што польскія куратары ўмеюць працаваць з фатаграфіяй. Ім удаецца “даставаць” з яе не толькі аўтарскае, але калектыўнае (пад)свядомае — светапогляд, настроі грамадства ды нават пэўны фатум часу.

Вось гэтую ўнікальную прыроду фатаграфіі — яе канцэптуальны складнік — і дэманструе выстава “Віткацы” Станіслава Ігнація Віткевіча. Сын жывапісца і крытыка, Станіслаў Ігнацій, польскі мастак і пісьменнік ХХ стагоддзя, з’яўляўся, па-сутнасці, фатографам-аматарам. Ён рабіў здымкі “для прыватнага карыстання”, лічы, дзеля забаўкі, але тыя здымкі “з сямейнага альбому” перажылі не толькі самога творцу, але і яго стагоддзе.

Маленькае мястэчка Закапанэ, міжваеннае дваццацігоддзе мінулага стагоддзя, на адбітках — сябры і сям’я мастака, уласна, сам ён — а работы такой сілы, што літаральна збіваюць з ног. Важна дадаць, што большая частка ягоных фота — гэта аўтапартрэты. Буйныя планы, жартаўлівыя грымасы-пазіраванні, аўтапартрэты ў люстэрках, памножаныя аўтапартрэты… Работы розныя, але гэта тая мова фатаграфіі, якая апярэдзіла свой час. У аўтарскіх, мастацкіх пошуках Станіслаў Ігнацій нібыта зазірае кудысьці за ўласна выяву. Часам маючы знешні фармат забаўкі-перфомансу, фатаграфія становіцца правадніком у залімітаванае. Гэта гульня, якая ўтрымлівае не толькі радасць, яна з’яўляецца ўцёкамі, што здольныя выратаваць жыццё. “Ці надоўга?” — ловіш сябе на страшным пытанні, ведаючы, у адрозненне ад герояў фота, гістарычныя варункі.

“Беларускі клімат — 2015”

Арт-група, якая распачала сваю дзейнасць напрыканцы 80-х мінулага стагоддзя, увесь час прыдумляе што-небудзь гэтакае. Апелюючы да творчасці як да акта жыцця, яна ці то выходзіла на мінскія вуліцы, каб зладзіць карнавал, ці то малявала клеем карціны на асфальце, ці то выпраўлялася на кар’еры скараць пустыні… Што да найноўшай гісторыі, толькі пазалетась яе вядомыя выхадцы зладзілі некалькі выстаў падчас адной, змясціўшы ў невялікай зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва адмыслова створаныя аб’ёмы, у якіх прадставілі зменшаныя “экспазіцыі” сваіх твораў. І вось гэтым разам той жа Філіп Чмыр і Ігар Корзун зрабілі выставу ў памяшканнях, на першы погляд, цалкам для гэтага непрыдатных, — у прыбіральнях. Так, у самых што ні на ёсць “WC” у галерэі “Ў” і кавярні” Зерне”.

На сценах — стужка чорна-белых фатаграфій, і — аніякага скепсісу — серыя “Канаты” — па-майстэрску зняты рэпартаж баксёрскага паядынку, які адбыўся “недзе ў 2007 годзе ў Палацы спорту”. “Гэта не істотна, хто менавіта на гэтых фотаздымках, — распавядае музыкант і фатограф Філіп Чмыр. — Я амаль выпадкова патрапіў на тое спаборніцтва па боксе, але раптам убачыў, як гэта афігенна прыгожа”. Усё цалкам сур’ёзна, стыльна, але разам з тым… Не адмаўляючы эстэтычных якасцей фотасерыі, нанканфармістаў 1990-х цікавіць не толькі прапанаваны візуальны шэраг. “Гэты жэст для нас, у першую чаргу, — спроба выйсці з адмысловага гета. Няхай і ў даволі эксцэнтрычнай манеры, — дадае Філіп пра экспазіцыю ў туалетах. — Мы задумаліся над тым, у якім становішчы сёння мастак, у якія рамкі ён вымушаны ўпісвацца, у тым ліку, камерцыйныя. Усё распісана і нават прадказальна. А вось прыбіральня — тое дэмаркацыйнае месца, за арэнду якога пакуль яшчэ не бяруць грошай…”. Мастак і калекцыянер мінскіх петрогліфаў Ігар Корзун “падлівае алей у агонь”: “Выйсці на рынкавую плошчу сучаснага мастацтва для нас без блазенскага каўпака немагчыма”.

Вядома, усё гэта — абсалютна тая самая “фірмовая” гульня “Беларускага клімату” — гульня сэнсамі, іронія ў дачыненні да сябе, сучаснага мастацтва, мастацтва і рынку, свету… Але гэта тая самая гульня, якая ўсё ж пазначае “болевыя кропкі”: дзе месца мастаку на сучасным полі таго самага contemporary? На што, увогуле, яно (тое мастацтва) сёння здольнае? Прычым тут цалкам дарэчы ўзгадаць Марселя Дзюшана і ягоную працу “Фантан” — калі падпісаны і перавернуты пісуар, выстаўлены ў мастацкай прасторы, перавярнуў канчаткова і ўяўленне пра мастацтва. Такога канцэптуальнага замаху, вядома, у мастакоў “Беларускага клімату” не было. Але іх іранічная выхадка — гэта, натуральна, не толькі выставачны праект, але і жэст, “лёгкі” перфоманс — парадаваць сябе (ды іншых) у няпростых абставінах жыцця і задаць тое самае пытанне: а што сёння ёсць мастацтва?

Безумоўна, вартая ўвагі была летась і выстава “Рэальны свет” брытанца Марціна Пара ды літоўца Рымальдаса Вікшрайціса, што распачынала фотамарафон у галерэі “Ў”. Злучэнне работ двух, здаецца, зусім розных фатографаў у адной экспазіцыі, сапраўды, дазволіла ўбачыць падабенства далёкіх светаў: англійскага (можна сказаць, увогуле заходняга) буржуазнага грамадства і літоўскага традыцыйнага сялянскага, закінутага недзе ў прасёлачных дарогах і лясах. Хто, як кажуць, мог падумаць?

Напрыканцы не праміну яшчэ адзін праект, які не ўваходзіў у Месяц фатаграфіі, але цалкам здольны быў стаць яго часткай. Гэта выстава “Градус колеру” беларускага фатографа, прадстаўніка Мінскай школы фатаграфіі Генадзя Родзікава. Генадзю Аляксандравічу летась споўнілася 80 гадоў, але ён актыўна працягвае свае эксперыменты з фатаграфіяй, працуючы з ёй, як з палатном, якое неабходна састарыць, трансфармаваць ці нават “раз’есці кіслатой”. Вынік — на фатаграфіях скажэнням падвяргаецца і наша рэальнасць, выпраменьваючы штосьці нечаканае і часам метафізічнае.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"