Як вылучыцца з “лясной масоўкі”

№ 3 (1233) 16.01.2016 - 22.01.2016 г

Навагодні тур па тэатрах ды ранішніках
Калядныя святы ўвесь год кормяць — гэтая прымаўка цалкам прыдатная для тэатра. Але сустрэча 2016-га ўнесла некаторыя карэктывы. Мінуў час, калі білеты на ёлачныя імпрэзы для дзяцей размяталіся не тое што ў пачатку снежня — у канцы лістапада. Пры гэтым хуткасць знікнення вольных месцаў у зале ніяк не залежала ад якасці спектакля і тым больш ранішніка (апошнія неаднаразова траплялі пад крытычны прыцэл “К”). Сёлета сітуацыя змянілася: выбар неблагіх і нават добрых прэм’ер пабольшаў, гледачоў — паменшала. Адным словам, крызіс. Можа, дэмаграфічны. А можа, фінансавы. Горш, калі гэта — рэха на леташнія праявы крызісаў пэўных жанраў.

/i/content/pi/cult/569/12478/8-1.jpgКалісьці Беларуская дзяржаўная філармонія, здаралася, пераўзыходзіла многія тэатральныя калектывы, здзіўляючы новымі мюзікламі ці музычнымі казкамі — у тым ліку, на музычныя тэмы. Тут ставіліся творы беларускіх кампазітараў Уладзіміра Кур’яна, Алены Атрашкевіч, Уладзіміра Саўчыка. Сёлета на летняе пасяджэнне мастацкай рады былі вынесены два дасланыя сцэнарыі. Адзін з іх меў хаця б аддаленае дачыненне да музыкі і, вядома, перамог. Але, па вялікім рахунку, патрабаваў шматлікіх дапрацовак. Што ж у выніку атрымалася?

“Чароўная кніга казак”,

азначаная як музычная феерыя, на такі статус наўрад ці прэтэндавала, а да ўсяго выглядала скіраванай на Год Мышы (Пацука): Мары, шукаючы спосаб выратаваць брата Франца ад вядзьмарства злой Мышыльды, гартае кнігу казак, дзе сабраны розныя мышыныя гісторыі, уключаючы “Шчаўкунка”. Здавалася б, ёсць усё: і выступленні юных талентаў, уключаючы дзіцячы цырк, і “кавалачак” класікі, у тым ліку ў жывым ансамблевым выкананні, і песенныя “партрэты” ледзь не ўсіх персанажаў (праўда, часта ў, мякка кажучы, спрэчным выкананні). Але галоўнае ўражанне — сумна! Звычайна пад ялінкай вадзілі карагоды з героямі ўбачанага спектакля, гэтым разам — проста з роставымі лялькамі, не заўжды пазнавальнымі. Калі што і магло ўзрадаваць, дык гэта цудоўныя работы вакалісткі-трэцякурсніцы нашай Акадэміі музыкі Ангеліны Мажар (Мары) і лектара-музыказнаўцы філармоніі Вячаслава Пяцько (Кот Леапольд), які ў новым для яго спеўна-акцёрска-танцавальным амплуа (дэбют быў летась — роля Дзеда Мароза) выглядаў лепш за многіх прафесіяналаў.

“Таямніца вялікага Гудвіна”

ў ТЮГу “круцілася” па тры разы на дзень. Можа, таму артысты ажно “загаворваліся” ды настрой не асабліва трымалі (я патрапіла на адзін з вячэрніх паказаў). Але галоўныя “нажніцы” ўзнікалі паміж ёлачным карагодам, разлічаным на самых маленькіх, і ўласна спектаклем, які хаця і пазначаны 6+, насамрэч адрасаваны больш старэйшым. Пра тое сведчыць і “машынэрыя” ў сцэнаграфіі, падобная да гадзіннікавых механізмаў (мастак — Дар’я Волкава), і джазавыя павевы ў музыцы Валерыя Воранава (Канзас, як-ніяк!), і рэзкае змяненне, у параўнанні з вядомай казкай Волкава, характару Элі: цяпер гэта не паслухмяная дзяўчынка, а “калючы” тынэйджар. Яна ўвесь час праседжвае за кніжкай, зусім не дапамагае бацькам, а толькі сварыцца з імі, абвінавачвае ў тым, што ў яе “ўсё горш, чым у іншых дзяцей”. Дый ва ўраган трапляе не таму, што імкнецца выратаваць Татошку, а з-за свайго непаслухмянства, жадання рабіць усё насуперак. Тое, што некаторыя артысты выконваюць адначасова па некалькі супрацьлеглых роляў (Бацька і бездапаможны, баязлівы Гудвін, Маці і злая Басцінда), таксама надае відовішчу зусім не дзіцячае філасофскае адценне (рэжысёр — Ягор Лёгкін). Ад магчымых “чаму?” выратоўвалі салодкія пачастункі, што ўручаліся на выхадзе кожнаму дзіцяці.

Рэпертуар Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра папоўніўся да святаў мюзіклам

“Снежная каралева”

расійскага кампазітара Гельсят Шайдулавай. Спектакль вабіць яркай, запамінальнай музыкай са спасылкамі на розныя жанрава-стылёвыя пласты (ад старадаўняй музыкі да джазу), сакавітай аркестроўкай з каларытнымі, маляўнічымі сола. Але як псуецца багацце інструментальных фарбаў з-за таго, што артысты спяваюць пад фанаграму-мінусоўку! Можа, калісьці аркестр усё ж загучыць са сцэны — хаця б у час абароны дыплома? Так, рэжысёрам выступіла пяцікурсніца Акадэміі мастацтваў Валерыя Чыгілейчык. Галоўны рэжысёр тэатра Міхаіл Кавальчык спачатку прапанаваў сваёй дыпломніцы крыху “размяць” матэрыял, каб потым узяцца самому. Заўважыўшы яе поспехі і прызнанне ў трупы, пакінуў завяршаць работу самастойна, застаўшыся мастацкім кіраўніком пастаноўкі. Чым не прыклад для пераймання, як трэба ўзрошчваць творчых нашчадкаў? Дарэчы, у многіх сольных партыях таксама заняты маладыя і зусім маладыя артысты, у тым ліку студэнты. З некаторымі рэжысёру яшчэ давядзецца папрацаваць, каб давесці спектакль да ідэальнага выканання. Магчыма, штосьці зменіцца ў фінале, які адрозніваецца ад аўтарскага. Пакуль там ніяк не выяўляецца супрацьстаўленне Герды і Снежнай каралевы, не бачна магчымая “магічная сіла” чырвонай ружы, бо нездарма ж яе дае бабуля Гердзе перад падарожжам. Але агульныя ўражанні — самыя станоўчыя. Гэтаму спрыяе і сцэнаграфія з касцюмамі (Любоў Сідзельнікава), і харэаграфія (Алена Дзмітрыева-Лаўрыновіч), і майстэрства Наталлі Дзяменцьевай, Лідзіі Кузьміцкай, Лесі Лют, папраўдзе оперны вакал Сяргея Кілесы, кранальнасць Мікалая Русецкага, удалыя працы іншых артыстаў.

У Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры дзеці “навагоднічалі” пад чарговае прачытанне вядомай казкі

“Марозка”.

Аднайменныя спектаклі (але розных аўтараў) ідуць у многіх тэатрах. На адну толькі сталіцу іх сёння тры: у Музычным тэатры — летась пастаўлены мюзікл расійскага кампазітара Уладзіміра Баскіна, у тэатры лялек — казка Марыны Шурынавай, цяперашняя прэм’ера ў Маладзёжным — паводле Мікалая Каляды (рэжысёр — Таццяна Аксёнкіна). Менавіта паводле, бо ад арыгіналу (а ён, прызнацца, далёкі ад ідэалу “разумнага, добрага, вечнага”, бо ёсць там і “дарослыя” жорсткасці, якіх звычайна багата ў фальклорных першавытоках) амаль нічога не засталося — хіба імёны дзеючых асоб і дзве-тры прымаўкі. Калі так, дык можна было пайсці яшчэ далей і дадаткова “абыграць” тую акалічнасць, што ролі “лясных пачвараў” — Лешага, Кікімары і Бабы Ягі — выконваюць тыя ж артысты, якія некалькімі хвілінамі раней прыходзілі калядаваць. Таму калі лясная тройка жаліцца, што есці няма чаго, Настачка магла б прапанаваць ім стаць калядоўшчыкамі: маўляў, нават пераапранацца не патрэбна. Ну, а такі каларытна-спрытна-вясёлы Лешы (Дзяніс Майсейчык) — зусім не гора ў якасці жаніха. Іншая справа, ці патрэбна яму Акуліна, якая нічога рабіць не ўмее? Таму і цалуецца ён з даволі “прыкольнай” Кікімарай.

У цяперашнім выглядзе казка набыла рысы гэткай расійскай “суботняй меладрамы”, якімі шчодра корміць нас тэлебачанне: у Настачкі ёсць жаніх Ванечка, але Мачаха кажа ёй, што Ваня сватаецца да Акуліны — і ўсё. Смяротная крыўда лепш за ўсіх “памагатых” гоніць небараку ў лес! Так што бабулькі, прыводзячы ўнукаў, павінны застацца задаволенымі. Гэтак жа і музыка Цімура Каліноўскага — мабыць, наўмысна звернута да кіна- і мульціхітоў канца мінулага стагоддзя: кожная песенная мелодыя мае свае вядомыя “правобразы”, выкарыстоўваюцца і прамыя цытаты.

Казка вабіць нязмушаным (і нязмучаным) гумарам, знойдзенымі (праз гаворку, пластыку, хаду) характарамі герояў, некаторымі іншымі рэжысёрскімі ўдачамі, не самай банальнай сцэнаграфіяй, дзе снежныя гурбы нагадваюць круглячкі марозіва (мастак — Вольга Грыцаева), атмасферай радасці і чараўніцтва.

Многія згаданыя эпітэты, толькі на парадак вышэй, можна аднесці і на адрас музычнай казкі

“Па шчупаковым загадзе”,

увасобленай у Нацыянальным акадэмічным дзяржаўным тэатры імя Максіма Горкага. Шык-бляск, дый толькі! Той жа Цімур Каліноўскі яшчэ больш разышоўся ў сваіх злёгку парадыйных фантазіях: тут і марш вайсковы, і рэп у спалучэнні з фолькам, і дуэт любоўны, і старадаўняя стылізацыя, і куплеты вадэвільныя. А які шыкоўны відэашэраг! Касцюмы Аляксандры Кавальчык — з іголачкі, у сцэнаграфіі Алы Сарокінай — скрозь хахлама ды гжэль. Выкарыстана і відэапраекцыя (у ролі яблычка, што коціцца па залатой талерачцы), і сродкі тэатра лялек (шчупак то вырываецца з рук Ямелі, то танчыць у палонцы, бліскаючы агністымі лямпачкамі-вачыма). Задзейнічаны лепшыя артысты. Па ўсім бачна, што іграць ім у гэтай казцы — папраўдзе “ў кайф”. І не дзіва, бо на рэжысёрскія прыдумкі, гумар ды выбухі радасці мастацкі кіраўнік тэатра Сяргей Кавальчык не скупіўся. Забаўляльнасць — супер-клас! І ўсё б добра, ды толькі асабіста мне так і хацелася перайменаваць убачанае ў “Тры рабыні Ізаўры”, прычым без аніякага хэпі-энда. Бо амаль усе чараўніцтвы спраўджваюць (у ролі шчупачкоў ці срэбрана-“залатых” рыбак — паводле Пушкіна, “на пасылках”) тры дзяўчыны-прыгажуні — між іншым, вядучыя артысткі тэатра. Яны і гарбату маці Ямелі наліваюць, і шубу ёй спраўляюць — усё, што ні пажадаеш, робяць, хіба толькі булавамі не машуць (з гэтым цудоўна спраўляецца і Ваявода, вымушаючы ўзгадаць унтэр-афіцэрскую ўдаву, якая сама сябе высекла) ды печ за вяровачку не цягаюць, бо тая і папраўдзе сама ездзіць: танк, дый годзе! Так што на гэты спектакль можна смела адпраўляць дзіця з бацькам: рэдкая казка, дзе таты не засумуюць. Ну а наконт таго, што ў кожнай казцы павінен быць “добрым малайцам — урок”, неяк не склалася. Хаця ў фінальных спевах і прарочаць, што нявеста навучыцца мясіць цеста, словы тут “глытаюцца”, патанаюць у апладысментах, таму іх сэнс наўрад ці можа ў поўнай меры дайсці да юных гледачоў.

На сцэне Рэспубліканскага Палаца культуры ветэранаў у святы панаваў Тэатр Генадзя Гладкова “Тэрыторыя мюзікла”. Рэжысёр Настасся Грыненка аднавіла і ўдасканаліла сваё

“Навагодняе мульці-шоу”,

якое летась дэманстравалася ў Гомелі. Вось дзе майстар-клас, як рабіць ранішнікі! Фрагменты з ранейшых дзіцячых спектакляў, пераасэнсаваныя песні з мультфільмаў, інтэрактыў з маленькімі гледачамі — усё сабрана ў цэласны аповед пра пошукі сапраўднага Дзеда Мароза. Але звернем увагу не толькі на яскравы спектакль, прыдатны для публікі ўсіх узростаў, але і на закладзены ў яго творчы эксперымент, карысны для артыстаў. Звычайна такія дзіцячыя пастаноўкі эксплуатуюць ці моладзь у “лясной масоўцы” накшталт праславутых грыбкоў, ці даўно напрацаваныя амплуа майстроў сцэны. А тут — што ні роля, дык знаходка ў акцёрскую скарбонку! Сяргей Жараў, які паспяхова засвойваў характарныя партыі, увасабляючы нават старых, нечакана паўстаў лірычным героем, ды яшчэ якім хвацкім! Эдуард Вайніловіч, прызнаны “прынц”, раптам ператварыўся ў адмоўнага Палкана — надзвычай каларытнага. Бліскучая Кацярына Дзегцярова прыкінулася Шэрай Мышкай, але з вялікімі амбіцыямі. Непераўзыдзеная лірычная гераіня — Ілона Казакевіч — з усёй акцёрскай жарсцю надала зухаватай прыцягальнасці сваёй Бабцы Ёжцы. Так што Музычны тэатр, у штаце якога працуюць гэтыя артысты, павінен падзякаваць за новыя магчымасці, адкрытыя, па сутнасці, антрэпрызай.

Навінкай сезона сталі два

Калядныя балі для дзяцей,

зладжаныя ў Музеі-сядзібе Агінскага ў Залессі. Адзін — для малодшых (6 — 9 гадоў) дзетак, другі — для старэйшых (10 — 14 гадоў). Можа, з часам гэта традыцыя прыжывецца, як у тым жа Вялікім тэатры, дзе ўжо сёмы год запар праходзяць начныя балі для дарослых? Бо звыклыя ранішнікі (“ялінка” + спектакль “у падарунак”) павінны мець альтэрнатыву. І прывучыць дзяцей да таго, што свята, як і ўсё ў жыцці, можа і павінна быць розным.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"