Цяпер журналісты адзначаны за праект “Яны спявалі за Радзіму”, прысвечаны 70-годдзю Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Гісторыка-дакументальны дзесяцісерыйны цыкл распавядаў гледачу пра лёс самых вядомых песень ваеннага часу і пра тых, хто іх стварыў і данёс да аўдыторыі. Такі незвычайны ракурс быў абраны журналістамі АТН невыпадкова: тэма вайны, па прызнанні многіх экспертаў, крытыкаў, эксплуатуецца зараз на тэлебачанні надта часта і статычна, таму за яе сёння варта брацца асаблівым чынам ці не чапаць яе ўвогуле. Загадчык аддзела навін культуры АТН Міхась Равуцкі распавёў “К” пра дэталі і тонкасці працэсу стварэння навэл.
“Мы праз гэтыя легендарныя песні вырашылі асвятліць ход вайны: працавалі з маскоўскімі архівамі, з сем’ямі аўтараў, з выканаўцамі. І аказалася, што ў многім мы былі першапраходцамі ў тэме. Дыскі з матэрыяламі ўжо перададзены ў музеі гісторыі вайны краін былога сацыялістычнага лагера. Насамрэч мы ахапілі перыяд значна большы, чым проста гады Вялікай Айчыннай, бо некаторыя мелодыі гучалі і на пачатку ХХ стагоддзя, але менавіта вайна 1941 — 1945 гадоў зрабіла іх культавымі. Напрыклад, “Развітанне славянкі”. Мы даведаліся, што шэдэўр “Свяшчэнная вайна” быў створаны нават з парушэннем музычных канонаў, але песня абсалютна геніяльная, асабліва ўлічваючы тое, што напісалі яе літаральна за ноч…”
Кранальнасці серыялу надалі героі кожнай з серый — навучэнцы Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Матэрыял салісты асвойвалі ў працэсе, тым больш аранжыровак пад іх галасы дагэтуль не існавала. “Нашы юныя таленты ў любы момант маглі страціць свае высокія, пяшчотныя галасы, бо падлеткі заўсёды знаходзяцца ў рызыкоўнай вакальнай сітуацыі, — дзеліцца ўражаннямі спадар Равуцкі, — але ўсё атрымалася цудоўна”. Дзеці прыўнеслі яшчэ адну важную задачу для фільмаў: яны дэманстравалі, што знаёмыя з легендарнай музыкай, што разумеюць, аб чым спяваюць. Цікавую адметнасць падкрэсліў вядомы журналіст падчас аповеду пра хлопчыка, што павінен быў па сюжэце “пагуляцца” ў вайнушку (для гэтага малому далі пілотку і лялечны пісталецік). “Аказалася, што сучасныя дзеці, на шчасце, у вайну не граюць, бо жывуць у іншым свеце, і гэта вялікая радасць. Хаця менавіта падчас здымак нашага серыяла канфлікт у суседзяў толькі набіраў абароты”.
Праект “Яны спявалі за Радзіму” стаў блізкім і зразумелым для людзей розных пакаленняў. У тым ліку дзякуючы запрошаным зоркам з блізкага замежжа: Тамары Гвердцытэлі, Льву Лешчанку, Эдзіце П’еха, гуртам “Любэ”, “А-Студыя”... Але і беларускія эксперты ды дзеячы культуры глядзеліся там не менш значна. “Аляксандр Анісімаў, Кацярына Дулава, Васіль Раінчык — гэтыя людзі раскладвалі творы такім чынам, як мала хто рабіў раней”, — кажа Міхась Равуцкі.
Серыял меў стабільна высокі рэйтынгавы паказчык цягам усяго года як у Беларусі, так і ў Расіі. Планы ж у аўтарскага калектыву Белтэлерадыёкампаніі на Год культуры амбіцыйныя. Да выхаду рыхтуецца новая стужка з пяці серый, што будзе прысвечана гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Фільм будзе выкананы вельмі сучасна, з элементамі анімацыі, “агучку” зробяць на беларускай мове. А тэматычна стужка ахопіць найважнейшыя сферы з жыцця выбітнага адрэзку беларускай гісторыі.