Галаграфічны куфар мінулага

№ 3 (1233) 16.01.2016 - 22.01.2016 г


/i/content/pi/cult/569/12475/6-3.jpgЛеанід ТАНІН, старшыня Савета дырэктароў ЗАТ “Галаграфічная індустрыя”:

— З дапамогай галаграфічных тэхналогій я і мае калегі — галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі нелінейнай оптыкі Інстытута фізікі імя Барыса Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Павел Апанасевіч і першы намеснік генеральнага дырэктара ТАА “Магія святла” Сяргей Гінак — на працягу дзесяцігоддзяў стваралі візуальныя вобразы праваслаўных святынь, каб захаваць і перадаць наступным пакаленням нацыянальныя культурныя традыцыі Айчыны.

Нам хацелася, каб як мага больш шырокая грамада змагла пабачыць унікальныя рэліквіі. Па-першае, не ўсе маюць магчымасць даехаць у той жа Полацк, каб на свае вочы пабачыць копію крыжа Ефрасінні Полацкай, ці ў Жыровіцкі мужчынскі манастыр да дароў Жыровіцкай іконы Божай Маці. Па-другое, не да ўсіх намоленых месцаў адкрыты доступ для шараговай публікі. Напрыклад, у манастыр святога Паўла на гары Афон да дароў валхвоў не дапускаюць жанчын. Мы ж можам прапанаваць публіцы іх дакладныя аб’ёмныя копіі. Наш каталог праваслаўных святынь уключае каля ста ўнікальных галаграм.

Выставы праходзілі не толькі ў сталіцы, але ў абласных цэнтрах і невялічкіх гарадах, скажам, у Жодзіне. Галаграмы беларускіх рэліквій аб’ехалі свет, тыя экспазіцыі карысталіся вялікім попытам. Зараз мы рыхтуемся да вялікай імпрэзы ў грэчаскіх Салоніках. Дарэчы, адна з аптычных копій крыжа Ефрасінні Полацкай знаходзіцца ў царкве Пакрову Прасвятой Багародзіцы, людзі прыходзяць і пакланяюцца яму. Гэта ўпершыню ў сусветнай практыцы, бо нікому пакуль не даводзілася ствараць галаграфічную копію праваслаўнай святыні, якая была б прынята Царквой і прыхаджанамі.

На X Міжнародным сімпозіўме па выяўленчай галаграфіі ў Санкт-Пецярбургу быў высока адзначаны прарыў беларусаў у гэтай сферы, а мне прапанавана ўзначаліць міжнародны праект “Захаваем скарбы праваслаўя з дапамогай галаграфіі”. Цяпер я кірую праектам, у які ўваходзяць прадстаўнікі Грэцыі, Балгарыі, Украіны, Расіі і нашай краіны. Зразумела, мы не маем дзяржаўнага фінансавання, не ўнесены ў адмысловыя дзяржпраграмы. Усё трымаецца на мецэнацтве беларусаў і замежнікаў. І на ўсведамленні каштоўнасці гэтай справы для захавання сусветнай культурнай спадчыны.

Многія пакаленні не бачаць цудоўныя тварэнні не толькі скарбаў рэлігіі, але і сусветнага мастацтва ў цэлым. Скажам, скіфскае золата — яно разбрасана па ўсім свеце: Перу, афрыканскія краіны, Украіна. Зразумела, арыгіналы ніхто не аддасць, каб сабраць скарбы скіфаў у адным месцы, а вось галаграфія адольвае такую задачу.

Зняць светлавую копію з прадмета заўсёды было складанай з тэхнічнага пункта гледжання справай. Усе рэліквіі неабходна было прывезці да нас у лабараторыю, стварыць ідэальныя ўмовы для здымак. І мы няспынна ўдасканальваемся: зараз беларускія фізікі працуюць над стварэнем перасоўнай лабараторыі, каб ужо самім дабірацца да ўнікальных аб’ектаў.

А на чарзе яшчэ адзін унікальны праект. Мы рыхтуем галаграфічныя наглядныя вучэбныя дапаможнікі для беларускіх школ. Напрыклад, многія законы фізікі, такія, як інтэрферэнцыя, дыфракцыя, дысперсія святла, можна растлумачыць вучням з дапамогай адпаведных галаграм. Летась для настаўнікаў мы правялі ў Жодзіне спецыяльны семінар пад дэвізам “Навука і моладзь”. Наша таварыства падарыла першыя галаграмы-дапаможнікі мясцовым школам і гімназіі. Можна зрабіць аптычныя “муляжы” для ўрокаў біялогіі, напрыклад, светлавую аб’ёмную выяву сэрца. Яны не зоймуць шмат месца, даступныя любой регіянальнай школе і будуць больш інфарматыўнымі за аналагавыя муляжы. Такога праекта няма ні ў каго ў свеце!

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"