Праблема калекцыі і парадак сум

№ 3 (1233) 16.01.2016 - 22.01.2016 г

Любоў ГАЎРЫЛЮК, арт-крытык
Мабыць, гэта можна аднесці да навагодніх пажаданняў: заснаваць, нарэшце, калекцыю арт-фатаграфіі ў адным з нашых вядучых музеяў.

/i/content/pi/cult/569/12470/5-2.jpgДа гэтага часу такіх калекцый няма. Як, лічы, няма аддзелаў, куратараў і канцэпцый камплектавання фатаграфічных фондаў. (Зараз я маю на ўвазе не тэорыю, а практыку музейнай работы.) Асобныя здымкі, вядома, у фондах ды экспазіцыях ёсць, але гэта не сістэмнае, планавае камплектаванне.

І вось тут мы набліжаемся да магічнага тэрміну “закупка”, авеянага настальгіяй і легендамі савецкага мінулага і гэтак праблемнага ў нашы гады.

Ці ёсць у Нацыянальным мастацкім музеі спецыяліст, кампетэнцыі якога было б дастаткова для вызначэння каштоўнасці, і, як вытворнае, — кошту фатаграфіі? Зноў жа, асобную фатаграфію або праект трэба ацэньваць? Падобнае пытанне вырашаецца ў рамках агульнай канцэпцыі. І гэта толькі адно з пытанняў, якія ўзнікаюць і ў стратэгіі, і ў тактыцы камплектавання.

Адзначым, што пэўныя фотаздымкі ў фонды музеяў усё ж трапляюць — дакументальныя, з сямейных архіваў мастакоў. Часам іх прыносяць у дар, але расцэнкі на такія візуальныя дакументы ёсць.

І яшчэ: у Нацыянальным мастацкім музеі, да супрацоўнікаў якога я звярталася па каментарыі, лічаць, што арт-фатаграфія “па духу” ўсё ж бліжэй Нацыянальнаму цэнтру сучасных мастацтваў. А музей традыцыйна займаецца яго класічнымі відамі.

Наколькі мне вядома, НЦСМ робіць спробы збіраць фатаграфічную калекцыю: прымае асобныя работы ў дар пасля выстаў, якія праводзіць даволі актыўна. Ёсць арт-фатаграфія і ў калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея. Але і гэтыя захады таксама нельга назваць сістэмнымі крокамі.

Ці варта ў гэтай сітуацыі дзівіцца таму факту, што ў 2013 годзе расійскі Дзяржаўны музейна-выставачны цэнтр РОСФОТО адабраў і набыў вялікую калекцыю (больш за 700!) аўтарскіх арыгіналаў 1980 — 2000-х гадоў у шэрагу беларускіх фатографаў? Спецыяльна для гэтага ў Беларусь прыязджаў куратар, не прымусіла сябе чакаць заснаванне спецыяльнага аддзела беларускай фатаграфіі ў фондзе РОСФОТО. Зроблена вялікая калектыўная выстава, выдадзены каталог “Мінская школа фатаграфіі. 1960 — 2000-я гады” з падрабязным аналітычным тэкстам Ігара Лебедзева. Усё па правілах, як і павінна быць. Толькі — не ў нашай краіне.

Дарэчы, з нагоды коштаў: нечаканую падказку атрымалі спецыялісты падчас “Восеньскага салона з Белгазпрамбанкам” з нагоды адзнакі работ яго пераможцы Андрэя Лянкевіча (па версіі міжнародных куратараў). Наўрад ці нашым музеям даступны такі парадак сум, але тут ужо працавалі б іншыя крытэрыi.

Мне ўжо даводзілася казаць пра гэта, але з такім станам рэчаў, на маю думку, звязаная тая акалічнасць, што сур’ёзныя фотаальбомы не выдаюць дзяржаўныя выдавецтвы. Няма ў нас музея фатаграфіі, пра што таксама прамаўляла неаднойчы. Менавіта музея, а не выставачнай пляцоўкі — бо толькі так работы прызнаных майстроў будуць ведаць не толькі спецыялісты — яны стануць часткай культуры грамадства. Вось і найбуйнейшая за апошнія гады выстава “Дзесяць вякоў мастацтва Беларусі” абышлася без фатаграфіі. Наогул...

Усё гэта звёны аднаго ланцуга.

Добра, вядома, што фатографы не чакаюць падтрымкі і актыўна працуюць. Добра, што склалася сусветная тэндэнцыя надынстытуцыйнага развіцця, і з’яўляюцца ўсё новыя неканвенцыйныя формы сучаснага мастацтва. Але надзейныя кропкi апірышча для разумення беларускай фатаграфіі як цэласнай з’явы і асэнсавання яе ролі ў грамадстве патрэбны абавязкова.

Маладыя і ініцыятыўныя фатографы ж таксама хутка перасягнуць тую планку, за якой іх праекты стануць “спадчынай”. І ўжо новае пакаленне будзе чуць папрокі ў няведанні гісторыі. Тэма разрыву культурнай традыцыі, незапоўненых лакун у культурным ландшафце стала агульным месцам. У нашых магчымасцях гэтыя лакуны запоўніць.