Сакральнае: праекты музея

№ 3 (1233) 16.01.2016 - 22.01.2016 г

Калектыў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь — адзіны з буйных культурных інстытуцый, які сёлета атрымаў прэмію Прэзідэнта краіны “За духоўнае адраджэнне”. Высокай узнагароды ён быў удастоены за шэраг выстаў сакральнай тэматыкі, пачатак якім быў пакладзены яшчэ ў 2007 годзе.

/i/content/pi/cult/569/12468/4-1.jpg“Распачыналася ўсё як вялікая авантура”, — прызнаўся карэспандэнту “К” генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея, заслужаны дзеяч мастацтваў краіны Уладзімір Пракапцоў. Але сёлета культурная ўстанова ўжо вядзе перамовы пра тое, каб правесці выставу праваслаўных і каталіцкіх ікон Беларусі ў Ватыкане.

2007 год

— Усё пачалося з ідэі выставы праваслаўных ікон Беларусі, Расіі і Украіны. Гэты грандыёзны праект да 1020-годдзя Хрышчэння Русі мы задумалі разам з дырэктарам Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў 2007 годзе. Задумалі і зразумелі, што гэта — ці не авантура. Тэрміны, якія былі пастаўлены, аб’ём задач… У працэсе падрыхтоўкі мы ўцямілі, якая гэта вялікая праца. Але ўцягнуліся і ажыццявілі. Да нас далучыўся кіраўнік Нацыянальнага Кіева-Пячэрскага гісторыка-культурнага запаведніка, і выстава адбылася. Спачатку яна адкрылася ў Траццякоўскай галерэі, потым — у Кіева-Пячэрскай лаўры, затым — у нашым музеі. Упершыню ў гэтым праекце традыцыі праваслаўнага іканапіснага мастацтва былі прадстаўлены ў такім фармаце і аб’ёме. Тагачасны Патрыярх Маскоўскі і ўсея Русі Алексій ІІ асабіста прысутнічаў на адкрыцці экспазіцыі ў Мінску. Ды, прызнацца, падчас яго візіту і быў закладзены масток да новага праекта — ужо да 1025-годдзя Хрышчэння Русі. “Так, гэта ўжо будзе юбілей”, — адзначыў Яго Свяцейшаства, і даў сваё дабраславенне на новы праект. І давялося па маёй просьбе распачынаць новы віток перамоў.

2013 год

Але ў 2013-м змяніліся кіраўнікі ўстаноў-партнёраў і давялося пераконваць новых у сукупнасці ідэй. Лічы, распачынаць усё наноў. Да нашай ініцыятывы далучыліся Музей рускай іконы з Масквы і Нацыянальны музей Бялграда, які ўвогуле за свае сродкі прывёз каштоўныя экспанаты на выставу, аплаціў страхоўку. Прызнацца, цяжкасцей было шмат, але праект ажыццявіўся ў новым фармаце. Гэта было ўжо каля 100 твораў са збораў дзевяці музеяў чатырох краін, пяць з якіх — беларускія. Мы гэтаксама прымеркавалі выставу і да 35-годдзя архіпастарскага служэння Мітрапаліта Філарэта. У прыватнасці, у экспазіцыі былі прадстаўлены рэліквіі, шэраг прадметаў асабістага благачэсця Мітрапаліта, які перадаў нам толькі што створаны ў той год Царкоўна-гістарычны музей Беларускай Праваслаўнай Царквы. Падаецца, знакавасць той падзеі мы яшчэ да гэтай пары не ўсвядомілі.

2014 год

У 2014-м выстава беларускай праваслаўнай і каталіцкай іконы адбылася ў Венгрыі. Дзякуючы падтрымцы дыпламатаў, нам удалося прадставіць творы ў трох музейных установах гэтай краіны: у Будапешце, Солнаку і Кічкімету. Прыём і водгукі прэсы, дыпламатычнага корпусу былі вельмі цёплыя! І гэта прызнанне, адзначу, абумоўлена ўнікальнымі мастацкімі вартасцямі беларускага іканапісу. Бо толькі зараз мы пачынаем усведамляць, якую адметнасць мае наша спадчына. І дарэчы, менавіта скрыжаванне візантыйскай культуры і заходнееўрапейскага ўплыву ў беларускай іканапіснай традыцыі выклікала такую цікавасць у Ватыкане.

2015 год

Урэшце, мінулы год — 2015-ы — мы правялі пад знакам 80-годдзя з дня нараджэння Мітрапаліта Філарэта, ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, і — 50-годдзя з дня яго архірэйскай хіратоніі. Мы зрабілі некалькі выстаў у гонар гэтых падзей: “Іканапіс XVII — XVIII стагоддзяў са збораў Яраслаўскага мастацкага музея”, “На святым Афоне” — экспазіцыя грэчаскага мастака Аляксандра Каяса, выстава асабістых рэчаў уладыкі Філарэта і царкоўнага адзення пры падтрымцы протаіерэя Фёдара Поўнага. І яшчэ адзін знакавы праект, які варта адзначыць, — “Беларускі іканастас. Іканапіс і драўляная пластыка канца XVII — пачатку XIX стагоддзя са збораў музея і Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”. Тут мы прадставілі старадаўнія абразы з іканастаса Успенскага сабора, якія па просьбе Мітрапаліта Філарэта былі перададзеныя ў нашу ўстанову Жыровіцкім манастыром яшчэ ў 2009 годзе. Нашы рэстаўратары знялі познія наслаенні з твораў — і адкрыліся літаральна карціны ў духу еўрапейскага барока. Гэта зноў да гутаркі пра тое, наколькі ўнікальныя іканапісныя творы Беларусі, і, на жаль, якая невялікая іх колькасць захавалася да гэтых часоў.

Шчыра кажучы, мая захопленасць гэтай тэмай шчыльна звязана з павагай да Мітрапаліта Філарэта, які аддаў столькі год служэнню Беларусі, Царкве, і, магчыма, гэта прагучыць надта пафасна, але лічу справу, якую зрабіў наш музей, своеасаблівым знакам удзячнасці гэтай Постаці ад усяго народа.

Дасягненнем леташняга года сталася і выданне фаліянта “Праваслаўны свет”, які падсумаваў плён маштабнай выставы ў 2013 годзе.

Планы на будучыню

Ужо на 2017-ы плануем новы праект на сакральную тэму, акрамя вышэйзгаданай выставы ў Ватыкане. Гаворка пра тыя іканапісныя творы, якія сёння яшчэ знаходзяцца на рэстаўрацыі ў музеі. Хацелася б па яе заканчэнні прадставіць іх публіцы ў належным выглядзе. Як і заархіваваць вынік зробленай працы, выдаўшы адмысловы фаліянт.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"