Мулявін: юбілей у Год культуры

№ 3 (1233) 16.01.2016 - 22.01.2016 г

На гэтым тыдні краіна адзначыла 75-годдзе з дня нараджэння народнага артыста Беларусі, народнага артыста СССР, лідара знакамітага ансамбля “Песняры” Уладзіміра Мулявіна.

/i/content/pi/cult/569/12465/3-1.jpg

/i/content/pi/cult/569/12465/3-2.jpg

/i/content/pi/cult/569/12465/3-3.jpgПрэзідэнт Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам урачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных 75-годдзю з дня нараджэння Мулявіна, і павіншаваў іх з гэтай знамянальнай датай, паведамляе прэс-служба беларускага лідара. “Нарадзіўся Уладзімір Мулявін у Расіі, але душой і сэрцам стаў сынам беларускай зямлі. Заснаваны ім легендарны ансамбль “Песняры” зрабіў наша музычнае мастацтва вядомым і паважаным у свеце і сёння па праве з’яўляецца адным з культурных сімвалаў Беларусі”, — гаворыцца, сярод іншага, у віншаванні. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што творчасць Уладзіміра Мулявіна ўзбагаціла айчынную эстраду новымі тэмамі, мелодыямі і вобразамі, стала фундаментам для фарміравання адметнай стылістыкі, натхніла шэраг таленавітых паслядоўнікаў. Аляксандр Лукашэнка выказаў шчырую ўдзячнасць тым, хто сваёй карпатлівай працай садзейнічае захаванню памяці пра Уладзіміра Мулявіна і папулярызацыі яго творчасці. Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што юбілейныя ўрачыстасці дапамогуць адкрыць новыя старонкі мулявінскай спадчыны і аддаць даніну павагі вялікаму Песняру.

Гэтыя словы прагучалі са сцэны Беларускай дзяржаўнай філармоніі падчас гала-канцэрта, прымеркаванага да 75-годдзя майстра. Прывітанне Кіраўніка дзяржавы зачытаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі. У рамках штогадовага праекта Беларускай дзяржаўнай філармоніі і музея Уладзіміра Мулявіна — “Канцэрт у дзень нараджэння” — сёлета на сцэну ўзняліся Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Іосіфа Жыновіча, Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”, заслужаныя артысты краіны, колішнія ўдзельнікі мулявінскага складу знакамітага калектыву Уладзімір Ткачэнка і Анатоль Кашапараў, прагучалі нумары ў выкананні Пятра Ялфімава, Яна Жанчака, Кацярыны Дзегцяровай, Алега Сямёнава, гуртоў “Камерата”, “Чысты голас”, “Купалінка”, “Свята”…

Дарэчы, тым жа днём адбыўся паказ спектакля “Пясняр” да ўгодкаў Мулявіна ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага.

Таксама на гэтым тыдні стала вядома, што на XXV Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” будзе шырока адзначацца 75-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна. Дырэктар форуму, кіраўнік Сусветнай асацыяцыі фестываляў Аляксандр Сідарэнка зазначыў, што тэме ў рамках форуму прысвецяць тэатральную пастаноўку, юбілейны канцэрт, тэматычную выставу. Тэма юбілею Уладзіміра Мулявіна будзе адлюстравана і ў канцэрце ўрачыстага адкрыцця фестывалю мастацтваў.

На здымках: падчас Гала-канцэрта ў Белдзяржфілармоніі; Ян Жанчак, Андрэй Коласаў і Міхаіл Казінец; Пётр Ялфімаў і Аляксандр Крамко.

Аўтар: Таццяна МАТУСЕВІЧ
рэдактар інтэрнэт-рэсурса газеты "Культура" kimpress.by