Чаго жадаюць 453 тысячы чытачоў Міншчыны?

№ 52 (1230) 26.12.2015 - 01.01.2016 г

115 гадоў бібліятэкі: што азначае быць абласной?
Мінская абласная бібліятэка імя Аляксандра Пушкіна — першая публічная бібліятэка — адзначае 25 снежня 115 гадоў з дня заснавання. У сакавіку 1899-га камісія па падрыхтоўцы да святкавання стагоддзя Пушкіна паставіла пытанне аб адкрыцці ў Мінску публічнай бібліятэкі ягонага імя, каб “тым самым назаўсёды захаваць у памяці народа імя вялікага рускага паэта”. 25 снежня 1900 года Мінская гарадская дума на чале з губернатарам графам Карлам Чапскім прыняла рашэнне аб адкрыцці першай публічнай бібліятэкі горада і стала яе заснавальнікам.

/i/content/pi/cult/566/12416/6-1.jpgБібліятэка імкнулася падтрымліваць кантакты з творчай інтэлігенцыяй. У гонар 80-гадовага юбілею Льва Талстога на агульным сходзе было прапанавана абраць пісьменніка ганаровым членам бібліятэкі. Гэтае званне ганаровага ён прыняў з удзячнасцю. Сталым чытачом установы быў Максім Багдановіч… Пасля 1917 года доступ у бібліятэку зрабілі бясплатным. Тут пачалі працаваць розныя гурткі: рэцэнзенцкі, дапамогі вёсцы, па самаадукацыі, па працы з дзецьмі… У 1938-м бібліятэку рэарганізавалі ў Мінскую абласную імя Аляксандра Пушкіна. У гады гітлераўскай акупацыі кніжны фонд знішчылі гітлераўцы. Для аднаўлення яго кнігі паступалі з дзяржаўнага фонду літаратуры, а таксама бібліятэк усёй краіны.

Прыярытэты

Сёння "Пушкінка" — галоўная бібліятэка рэгіена. Яна прымае ўдзел у вызначэнні прыярытэтаў бібліятэчнай палітыкі Міншчыны. Гэта сучасны інфармацыйны, культурна-асветніцкі і адукацыйны цэнтр рэгіянальнага значэння для ўсіх катэгорый карыстальнікаў. Калектыў вядзе пошук інавацыйных форм дзейнасці, якія спалучаюць сучасныя тэхналогіі і традыцыйныя метады бібліятэчнага абслугоўвання. Перспектыва развіцця арыентавана на карыстальніка. Бібліятэка развівае віртуальнае абслугоўванне, актыўна фарміруе аддаленую аўдыторыю, укараняе розныя формы абслугоўвання ў глабальным Сеціве. Некаторыя прадстаўлены на вэб-сайце бібліятэкі www.pushlib.org.by. Карыстальнікі могуць звярнуцца да электроннага каталога, атрымаць аператыўную інфармацыю аб новых паступленнях, пазнаёміцца з шырокім спектрам краязнаўчай інфармацыі. На сайце размяшчаюцца анонсы мерапрыемстваў, віртуальныя выставы новых паступленняў, тэматычныя, літаратурныя прэзентацыі.

Галоўныя кропкі прыкладання сіл — краязнаўства, прававая інфармацыя.

35 тысяч чытачоў

У свае 115 гадоў бібліятэка па-ранейшаму адно з любімых месцаў атрымання інфармацыі для жыхароў беларускай сталіцы. Дыяпазон чытацкай аўдыторыі максімальна шырокі ва ўзроставым, прафесійным, адукацыйным і сацыяльным планах. Паслугамі абласной бібліятэкі карыстаецца каля 35 тысяч чытачоў, якім выдаецца больш за 700 тысяч дакументаў на розных носьбітах.

Наша ўстанова ўдзельнічае ў рэалізацыі рэспубліканскіх, абласных, раённых праграм і падтрымлівае шчыльныя сувязі з раённай арганізацыяй інвалідаў па зроку. У інфармацыйна-бібліяграфічным аддзеле арганізавана працоўнае месца для інвалідаў па зроку, фарміруецца спіс сацыяльна значных дакументаў з шрыфтам Брайля і агучаных матэрыялаў.

Бібліятэка ўваходзіць у склад Адзінай нацыянальнай сістэмы міжбібліятэчнага абанемента, якая дзейнічае на падставе ўзаемавыкарыстання інфармацыйных рэсурсаў усіх бібліятэк Беларусі. З 544 бібліятэк, якія абслугоўвае МБА абласной бібліятэкі — 216 бібліятэк Мінскай вобласці. Электронная база МБА налічвае 1163 абаненты. Цягам года сектар атрымлівае каля 4 тысяч запытаў, выдае каля 1600 дакументаў, астатнія перанакіроўваюцца ў галіновыя бібліятэкі.

Стасункі

Працягваецца супрацоўніцтва бібліятэкі з музеямі, архівамі, выдавецтвамі, грамадскімі арганізацыямі. У выніку культурна-асветніцкія мерапрыемствы становяцца неардынарнымі і запамінальнымі.

Рэгулярна праводзяцца Пушкінскія чытанні. А ў аддзеле літаратуры па мастацтве працуе клуб сацыякультурнай дзейнасці “Рэзананс”. Сумесна са студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў падрыхтаваны праект “Выстава адной карціны”, у рамках якога экспануюцца палотны сучасных маладых беларускіх мастакоў. Цягам многіх гадоў бібліятэка не пакідае без ўвагі дзяцей-сірот з дзіцячага дома № 4, дзяцей з парушэннем слыху СШ № 91. Супрацоўнікі бібліятэкі праводзяць шэраг культуралагічных акцый з падлеткамі, якія стаяць на ўліку па справах непаўналетніх. А для моладзі ладзяцца творчыя конкурсы і паэтычныя турніры, кніжныя аукцыёны, гульні і падарожжы, урокі духоўнасці і ведаў, літаратурныя майстэрні. Развіццю і падтрымцы творчага патэнцыялу моладзі садзейнічае традыцыйны абласны злёт “Юныя таленты Міншчыны”, які ладзіцца з 1975 года. Аддзел замежнай літаратуры развівае супрацоўніцтва з пасольствамі: працуюць французская і італьянская медыятэкі.

Аптымізацыя і ўпарадкаванне

Наша бібліятэка ажыццяўляе метадычнае забеспячэнне 23-х бібліятэчных сістэм вобласці, якія аб’ядноўваюць 476 бібліятэк. Іх паслугамі карыстаюцца больш за 453 тысячы чытачоў.

У апошняе дзесяцігоддзе, улічваючы дэмаграфію і эканамічныя ўмовы, у вобласці праводзіцца работа па ўпарадкаванні сеткі шляхам закрыцця некаторых з іх ці пераўтварэння сельскіх бібліятэк у клубы-бібліятэкі, бібліятэкі-клубы, ствараюцца і інтэграваныя ўстановы. Штогод колькасць насельніцтва ў сельскай мясцовасці змяншаецца, таму тэндэнцыя скарачэння бібліятэк там — заканамерная. Але, каб публічныя ўстановы засталіся агульнадаступнымі, набліжанымі да месца жыхарства карыстальнікаў, тэмп закрыцця сельскіх бібліятэк не павінен перавышаць тэмп скарачэння колькасці сельскіх жыхароў.

У выніку аптымізацыі сетка бібліятэк вобласці скарацілася летась на 203 адзінкі і працягвае рух у такім напрамку. Зразумела, у пагоні за эканамічнай эфектыўнасцю мы атрымалі адмоўны сацыяльны эфект, вынікі якога знойдуць свой адбітак праз некалькі гадоў, а магчыма і раней. Бо сучасная сельская бібліятэка — не толькі інфармацыйны цэнтр, дзе чытач атрымлівае інфармацыю, але і цэнтр культуры, духоўных зносін, які садзейнічае выхаванню, адукацыі дарослых і дзяцей, арганізацыі іх вольнага часу.

Валянціна ШАКУРА, загадчык аддзела чытальных залаў Мінскай абласной бібліятэкі імя Аляксандра Пушкіна