Што канула ў Лету?

№ 52 (1230) 26.12.2015 - 01.01.2016 г

2015 год у рэгіянальнай культуры Беларусі
Пішуць журналісты "К" -- заўсёднікі камандзіровачных выездаў.

Што канула ў Лету?

/i/content/pi/cult/566/12409/4-22.jpgНарэшце паўтара месяца апытвання раённых кіраўнікоў сферы наконт вынікаў дзеяння Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады завяршыліся.

Пра што сказаць хочацца найперш? Як на мой, досыць суб’ектыўны, канешне, погляд, пазітыву ад Дзяржпраграмы ў раёнах — даволі многа. І гэта зусім не марнае сцвярджэнне. Вось толькі пара прыкладаў. Скажам, падобных вялікіх мэтавых закупак музычных інструментаў раённыя дзіцячыя школы мастацтваў, па словах многіх кіраўнікоў раённай сферы культуры, не ведалі вельмі даўно. Значыць, адна з праблем, якую пастаянна ўзнімала “К”, цяпер, можна сказаць, канула ў Лету.

Сышла ў нябыт і іншая праблема: адсутнасць найноўшага тэхнічнага абсталявання ў айчынных бібліятэках — як у гарадскіх, так і ў сельскіх. Іншая справа, што тэхналогіі цяпер развіваюцца вельмі хутка, і, мабыць, варта думаць пра ўкараненне ўжо “воблачных тэхналогій”, перадачы на аўтсорсінг шэрагу неўласцівых бібліятэкарам задач і функцый — напрыклад, таго ж абслугоўвання камп’ютараў… Менавіта пра гэта мы сёлета вялі размову з дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раманам Матульскім у рамках рубрыкі “Рэдакцыя плюс…” Але што ні кажы, а і сёння тэхнічнае абсталяванне бібліятэкарам яшчэ вельмі прыдасца. А час пакажа, якія тэхналогіі будуць запатрабаваныя ў наступныя гады і што давядзецца змяняць у функцыянале бібліятэчных устаноў рэспублікі ў будучым.

Таксама ёсць пэўныя зрухі і ў дачыненні да аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Так, у шэрагу цэркваў, касцёлаў і кляштараў па ўсёй краіне былі зроблены рамонты ці праведзены работы па кансервацыі ды рэстаўрацыі. Праўда, не ўсюды і не ў поўным аб’ёме. Але ж гэта, вядома, цалкам аб’ектыўны фактар: эканамічная сітуацыя, якая сёння склалася ў краіне, не дазваляе адразу закрыць усе праблемныя пытанні ў сферы.

Яшчэ адзін праблемны момант — рамонты ў раённых кінатэатрах. Напрыклад, калі на Брэстчыне кінавідэагаліна атрымала фінансы на абнаўленне сваіх будынкаў і набыццё лічбавага абсталявання для паказу фільмаў у 3D-фармаце, дык у іншых рэгіёнах Беларусі — асабліва на Віцебшчыне, дзе за пяць гадоў планавалася пабудаваць 5 — 7 новых кінатэатраў, — на гэта грошай, на жаль, так і не знайшлося.

Вось і даводзіцца дырэктарам кінатэатраў у некаторых раёнах запрашаць гледачоў на сеансы, дзе дэманструюцца фільмы трохмесячнай даўніны, а гледачы вымушаны дзве гадзіны высіджваць на адкідных драўляных крэслах часоў Савецкага Саюза. І гэта — не нейкая алегорыя, а факт. Які таксама, на жаль, не хутка кане ў тую ж шматпакутную Лету…

Яшчэ адна праблема палягае ў невыкананні некаторых паказчыкаў, даведзеных Дзяржпраграмай. Напрыклад, па павелічэнні наведвальнасці бібліятэк, тэатральна-відовішчных устаноў, кінатэатраў, мерапрыемстваў… Выканаць дадзеныя паказчыкі сёння нялёгка па некалькіх прычынах. Першая з іх — аптымізацыя: за 2013 — 2015 гады многія ўстановы культуры Беларусі былі або зачынены, або рэарганізаваны ў бібліятэкі-клубы, бібліятэкі-музеі, дамы сацыяльных паслуг… А рост даведзеных паказчыкаў быў прадугледжаны ў Дзяржпраграме, натуральна, яшчэ без уліку на скарачэнне сеткі.

Выснова з гэтай праблемнай сітуацыі можа быць толькі адна: у будучым варта суадносіць розныя рэспубліканскія праграмы і дакументы, датычныя сферы культуры. Інакш падобныя “нестыкоўкі” адзначацца і ў наступныя гады, калі будзе дзейнічаць Дзяржаўная праграма “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады.

І апошняе. Згодна з дадзенымі Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, за студзень — лістапад 2015 года рэальныя даходы насельніцтва ўпалі на 5,4 %. Зразумела, што ў такіх умовах цяжка разлічваць на высокую запаўняльнасць канцэртных і тэатральных залаў як у абласных, так і раённых цэнтрах. На сяле сітуацыя з даходамі, зразумела, яшчэ больш складаная. Таму сёння патрабаваць ад культработнікаў выканання плана платных паслуг, павышэння наведвальнасці культурных мерапрыемстваў ці выканання іншых паказчыкаў, думаецца, не варта. Добра, калі культработнікі змогуць хаця б захаваць той узровень, на які яны выходзілі летась ці пазалетась…

Не кажу ўжо пра заробкі ў сферы культуры. За мінулыя пяць гадоў яны, лічы, засталіся на ўзроўні прыкладна ў 60 % ад сярэдняга па Беларусі. Але гэта ўжо іншая тэма, якая, на вялікі жаль усіх супрацоўнікаў сферы культуры, не кане ў Лету яшчэ, відаць, доўга…

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ


Праблемы — не смецце

/i/content/pi/cult/566/12409/4-7.JPGНататкі мае, як і заўжды, досыць суб’ектыўныя. Але заснаваныя, як і заўжды, на тым, што пастаянна бачу і чую ад сваіх сяброў, якіх у мяне, на шчасце, вельмі шмат сярод абласных, райцэнтраўскіх і сельскіх работнікаў культуры. Перавага журналіста рэспубліканскага выдання: магчымасць параўноўваць і аналізаваць сітуацыю ў маштабах краіны. Бо сёння мы ў камандзіроўцы на яе захадзе, а заўтра — на поўдні.

У сувязі з вышэйвыкладзеным хачу расставіць пэўныя акцэнты ў дачыненні да нашай штодзённай працы. Падсумоўваючы вынікі адыходзячага года, я падводжу рахункі нашага з Кастусём Антановічам аўтатура па раёнах Беларусі. Галоўная выснова — у дачыненні да пазіцыі начальнікаў аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.

Я падзяліў бы гэтых кіраўнікоў на дзве групы. Першая (і, бадай, самая шматлікая) чарговую сустрэчу з намі пачынае з пытання: "І як наша культура ў параўнанні з іншымі раёнамі?". У нас яны бачаць аднадумцаў. Мы вучымся ў іх, яны вучацца на здабытым намі рэспубліканскім досведзе. Менавіта такія стасункі прынята называць канструктыўнымі. Вялікі дзякуй згаданым асобам за шчыры давер. Мы пастаянна імкнемся яго апраўдаць.

Другая група скаладаецца з чыноўнікаў, якія пры сустрэчы з намі не стрымліваюць абурэння: "Чаму не папярэдзілі аб сваім візіце? У першую чаргу вы павінны прыехаць у райвыканкам, а потым ужо — у нашы клубы і бібліятэкі!" (Нібыта баяцца чагосьці, хоць мы — ніколі з праверкай, а заўжды — па станоўчы досвед.) На такую "сустрэчу" заўжды адказваем: "Мы павінны пісаць праўду. А для гэтага хочам ведаць і бачыць на ўласныя вочы сапраўдны стан спраў, а не той, які вы нам прапануеце". Але іншым разам нас разумець не хочуць. Карысці ад такіх стасункаў, скажу шчыра, мала. І для нас, і для рэгіянальнай культуры. Але што зробіш? Журналістыка, у рэшце рэшт, — справа нервовая.

Дарэчы, першая група кіраўнікоў сама называе праблемы аддзела і адразу прапаноўвае шляхі іх вырашэння. На жаль, не заўжды гэтыя шляхі можна агораць раённымі сіламі. Другая група (дзе начальнікі ніяк не звыкнуцца з новымі пасадамі) прытрымліваецца меркавання, што смецце з хаты выносіць нельга. А "смецця" таго  — не разгрэбсці. Дадам толькі, што праблемы — не смецце, іх у нас прынята вырашаць грамадой. А "гонар мундзіра"  — не ў паказушных высілках.

Што яшчэ паказаў адыходзячы год? У чарговы раз тое, што начальнік аддзела — капітан, які не толькі выбірае курс, але і набірае каманду. У адваротным выпадку — ні курса, ні каманды. Толькі мундзір.

Якія б размовы не ішлі пра "лаяльнасць" аптымізацыі, але яна дадала дынамікі для таго, каб вёска наша беззваротна знікала. І яшчэ адзін "спадарожны" нюанс. Зменшылася колькасць работнікаў культуры — знізіліся і маштабы гуртковай работы. Упор цяпер, як падаецца, — на масавыя мерапрыемствы. Яркія, брэндавыя, але масавыя. Аднак любы спажывец культуры прагне падыходу індывідуальнага.

Усё больш нараканняў на тое, што сельскія, раённыя і абласныя ўстановы культуры не маюць магчымасці пакарыстацца заробленай пазабюджэткай напоўніцу. Здавалася б, зарабіў — атрымай. Не. Нават мне, з эканомікай блізка не знаёмаму, зразумела, што дзяржаве эканамічна выгадна, каб работнік культуры меў зацікаўленасць у выніковай дзейнасці. Яшчэ Маркс казаў, што няма матэрыяльнай матывацыі — няма і эканамічнай аддачы, замест іх на першы план выступае эксплуатацыя. Вывад адзіны: заканадаўства ў дачыненні да нацыянальнай культуры — недасканалае, мякка кажучы, і пастаянна не паспявае за павевамі часу.

З надыходзячым Новым годам!

Яўген РАГІН


Рукачыннае і не толькі

/i/content/pi/cult/566/12409/4-33.jpgГэты год дадаў майму аўтамабілю больш за шэсць тысяч кіламетраў прабегу пад праект “Культуры”. А гэта не толькі выдаткі на паліва і амартызацыю, але і знаёмства з выдатнымі людзьмі і праектамі.

Прыемна было падчас аўтатураў пазнаёміцца з прыватнай ініцыятывай у сферы культуры. Так-так, менавіта культуры, якая, як аказалася, можа быць не толькі датацыйнай. І прыклад “Дукорскага маёнтка” яскрава сведчыць, што пры выдатнай арганізацыі, цікавых ідэях усе ўкладанні інвестараў хутка вяртаюцца і неўзабаве прыносяць добры прыбытак. Тое ж, але з пэўнай агаворкай, можна сказаць і пра сям’ю мастакоў Салдатавых з Карэліцкага раёна, якія набылі за адну “базавую” шляхецкі маёнтак непадалёк возера Свіцязь і паралельна з рэстаўрацыяй праводзяць там творчыя сустрэчы.

Тое, што на культуры можна зарабляць, зразумелі і ў Іўеўскім раёне, дзе не першы год рэалізуецца забаўляльна-асветніцкі праект “Сядзіба дзеда Зімніка і бабы Завірухі”. У час сёлетніх камандзіровак высветлілі, што, аказваецца, прыбытак прыносяць і дыскатэкі, ад правядзення якіх пачалі масава адмаўляцца ў многіх раёнах краіны. І справа тут не ў сталічных ды-джэях ці найсучасным абсталяванні, а выключна ў крэатыўных ідэях мясцовых работнікаў культуры. Ідэях, блізкіх, найперш, моладзі. Пераканаліся ў гэтым у згаданым Іўеўскім, а таксама ў Шчучынскім раёнах.

Тое ж тычыцца і сувенірнай прадукцыі. Рэцэпт просты: трэба стварыць і раскруціць брэнд, на аснове якога варта вырабляць адмысловыя сувеніры. У Лёзненскім раёне гэта суніцы, у Іўеўскім — легендарная Ева, у Лепельскім — цмок, у Зэльвенскім — конь. Гэты спіс можна доўжыць. Увогуле, калі казаць пра дзейнасць раённых дамоў рамёстваў, то сярод усіх пабачаных сёлета (а гэта прыкладна два дзясяткі) цяжка вылучыць лепшы, бо літаральна ўсе можна смела лічыць узорнымі. Так, многім з іх не хапае плошчаў, добрага рамонту, фінансавай падтрымкі. Але галоўнае, што ў іх ёсць — унікальныя майстры, здольныя ствараць цуды. Апошнім часам даводзіцца чуць, што замежных гасцей спачатку вядуць на экскурсію ў дом рамёстваў, а ўжо потым у раённы музей. Атрымліваецца, гэта не выпадкова.

Давялося пабачыць у дзеянні аўтаклуб і бібліобус. Першы ў Сенненскім раёне, другі — у Дзятлаўскім. І пераканацца ў іх запатрабаванасці мясцовай супольнасцю. Хаця, безумоўна, нават самы абсталяваны аўтамабіль не зможа замяніць стацыянарныя кніжныя паліцы ці танцпляцоўку. І тым не менш.

Парадавала, што вясковыя бібліятэкі не проста закрываюцца, але і трансфармуюцца ў музеі, у тым ліку літаратурныя, адзін з якіх, прысвечаны Тодару Кляшторнаму, пабачылі ў Лепельскім раёне. Што ні кажы, а такія тыпы ўстаноў культуры могуць быць цікавымі не толькі для мясцовых жыхароў, выконваючы свае ранейшыя функцыі, але і для турыстаў, а значыць маюць дадатковыя фінансавыя перспектывы. На жаль, часта перспектывы без канкрэтных перспектыў па рэалізацыі.

Сутыкаліся і з сітуацыямі, калі ў работнікаў культуры ідэй багата, а вось з рэалізацыяй тугавата. З гэтай нагоды згадваецца, найперш, музей у Бешанковічах. Маючы цікавых і цікаўных гісторыкаў-музейшчыкаў, установа не мае нават праектара, каб дэманстраваць знойдзеныя ў архівах дакументальныя матэрыялы, датычныя мінуўшчыны раёна. Падобная сітуацыя з музеем у Беразіно.

Спрабавалі ў час аўтатураў нават разбірацца ў канфліктных сітуацыях, як гэта было ў Карэліцкім раёне, калі з дасведчанай супрацоўніцай мясцовага музея не працягнулі кантракт. У выніку пераканаліся ў марнасці выканання функцый трацейскага суддзі ў такіх сітуацыях. А ўказваць, што рабіць на месцах, — справа няўдзячная. Лепш пераканацца ў выніках кадравай палітыкі і эфектыўнасці працы названага музея на свае вочы праз некаторы час.

Самая загадкавая сітуацыя адбылася ў Быхаўскім раёне. Мала таго, што аўтамабіль загразнуў у пясках і змог выбрацца толькі праз некалькі гадзін з дапамогай аўталаўкі, дык кіраўніцтва аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мы так і не змаглі знайсці за час знаходжання ў раёне.

Сустракаліся і адваротныя — нашмат больш пазітыўныя прыклады. Як тут не адзначыць Мастоўскі раён, кіраўнік сферы культуры якога не баіцца ўзяць на сябе адказнасць. А таму там забяспечваюцца сучасным абсталяваннем нават сельскія дамы рамёстваў, гаспадарчым спосабам нараджаюцца выставачныя галерэі, знаходзяць падтрымку еўрапейскія гранты на стварэнне новых музейных экспазіцый у аграгарадках.

І ўсё ж самы яскравы ўспамін па выніках “культураўскіх” аўтападарожжаў — васількова-рамонкавае поле, якое давялося пабачыць на Гродзеншчыне. Яно пераконвае, чым натхняліся нашы продкі, ствараючы рукачыннае мастацтва.

Кастусь АНТАНОВІЧ


Дзеяслоў “выкруціцца”

/i/content/pi/cult/566/12409/4-17.jpgШчыра прызнаюся, калі мы прыдумалі канцэпт рубрыкі “Экспрэс-тур з V.I.P.-земляком”, сумненні наконт яго ўвасаблення апаноўвалі мяне. А ці зацікавіць вядомых у краіне дзеячаў культуры наша прапанова вырвацца з моцных абдымкаў сталіцы, каб на дзень-два ў суправаджэнні журналіста “К” ірвануць у месцы, дзе тыя “віпы” былі народжаны?

І не з адной толькі мэтай, выпрабоўваючы пачуццё настальгіі, прайсціся па тых установах культуры, якія яны наведвалі ў юныя гады, але і з задачай бесстаронна зірнуць на тое, як гэтыя ўстановы жывуць цяпер. Я быў гатовы да ветлівых адмоў, што, маўляў, з задавальненнем, але — выставы, спектаклі і здымкі ў фільмах, шчыльны гастрольны графік, інстытут, экзамены, сесія... А таму — дзякуй, прабачце, наступным разам. Не здзівіўся б, каб хтосьці з меркаваных герояў матэрыялаў працытаваў і несмяротнае шпалiкаўскае: “По несчастью или к счастью, истина проста: никогда не возвращайся в прежние места...”

На шчасце, засцярогі мае не апраўдаліся! За выключэннем пары-тройкі чалавек, астатнія з радасцю адгукнуліся на нашу ініцыятыву, перанеслі выставы, знайшлі сабе часовую падмену ў пастаноўках, з прычыны раптоўнай прастуды адмянілі найбліжэйшы канцэрт, завалілі сесію і ўсё ж рызыкнулі вярнуцца ў ранейшыя месцы. Прычым сярод іх былі і тыя, хто ўжо даўным-даўно не наведваў малую гістарычную радзіму, і намёк на слёзы (па факце) у іх вачах я ўбачыў...

Перайшоўшы ад лірыкі да “фізікі”, сцісла хачу падзяліцца з вамі прамежкавымі вынікамі праведзеных паездак (у 2016-м мы плануем працягнуць дадзены праект). За амаль год у ходзе “рэтра-інспекцый” дуэт V.I.P.-зямляк + карэспандэнт “К” пабываў у амаль двух дзясятках населеных пунктаў — ад невялікай вёсачкі і дзесяцітысячнага мястэчка да абласных сталіц. Аб’ектамі нашай увагі сталі музеі самага рознага профілю, бібліятэкі, кінатэатры і тэатры, школы і каледжы мастацтваў, цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры, палацы і дамы культуры... Да прыезду тандэму іх кіраўнікі спецыяльна не рыхтаваліся — у тым сэнсе, што паркет не перакладалі, стэлажы не замянялі, узмацняльнікі не пазычалі, пыл з кніг быў працёрты ў штатным парадку. Так што сутыкаліся мы падчас візітаў менавіта з бягучым станам спраў.

Нечага надзвычайнага — поўнай разрухі ў залах і галовах альбо масавага прытоку маладых таленавітых кадраў — намі заўважана не было. Культура жыве роўна настолькі, наколькі яна фінансуецца. І нават крыху больш за тое — за кошт унутраных рэзерваў энтузіястаў. Вонкава культура сённяшняя, як убачылі яе мы, — бы нашы галоўныя вуліцы з плошчамі: чысценькая, акуратная. Але як звернеш з асноўнай дарогі, патрапіш у двор, і карціна можа адкрыцца не тая, што надта абнадзейвае. За граматамі на сценах кабінетаў дырэктараў, за фестывальнымі кубкамі, за званнямі “народных” і “заслужаных” стаяць кроў, пот і слёзы — не толькі творчага кшталту.

Вядома, было б перабольшваннем, каб я напісаў, што перамогі на падмостках паўсюдна дасягаюцца ў касцюмах, пашытых з таго, што было, лаўрэатства ў музычным конкурсе — ігрой на інструменце, які паслязаўтра разваліцца, а музейны фонд папаўняецца пераважна з дапамогай бескарыслівых добраахвотнікаў. Але дзеяслоў “выкруціцца” часта дарэчны да рэальнай сітуацыі на месцах. Як і ўсе работнікі ўстаноў культуры — знакавых і шараговых, я веру, што калі-небудзь умовы радыкальна зменяцца. У лепшы бок. У горшым жа выпадку ўсё можа прывесці да таго, што вось гэтая нярэдка бачаная дзейнасць насуперак абставінам, поспехі ў барацьбе з цернямi стануць з’явай нармальнай і натуральнай. А мо на чарговым кроку людзі стомяцца, перастануць тузацца, і атрымаем мы замест культуры культурку…

Пра настальгію... Асабіста я раз, ну, гадоў у пяць вельмі стараўся б знаходзіць некалькі дзён, каб занурыцца ў сваё дзяцінства з юнацтвам, пакратаць ашалёўку крэслаў кінатэатра "Сатурн", зазірнуць у ДК будаўнікоў і падзівіцца з яго сучаснай апаратуры, нарэшце, проста прагуляцца па горадзе, у якім быў калісьці так беспадстаўна шчаслівы. Вось толькі той мой "Сатурн" у Казахстане... І “краў” я ўпотай кавалачкі ад той радасці, якую адчувалі майстры культуры, дастаючы насоўкі ў Пінску, Віцебску, Чорнаградзi, Барысаве, Бярозаўцы, Астраўцы…

Алег КЛІМАЎ

Фота Юрыя ІВАНОВА і Кастуся АНТАНОВІЧА з архіва "К"

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"
Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"