Колькі ў гальскім беларускага?

№ 51 (1229) 19.12.2015 - 25.12.2015 г

Міфы пра падабенствы і адрозненні: слова і музыка
У праекце, які даследуе повязі славянскіх культур з кельцкай, прынялі ўдзел музыканты з розных краін, у тым ліку — з Беларусі. Вынікам іх віртуальнага абмеркавання (а менавіта такім чынам адбываліся стасункі па ініцыятыве аўтара ідэі — украінскага філолага, PhD Анжэлы ГЕРГЕЛЬ) стала кніга “Тыя, хто ажыўляе міфы”.

/i/content/pi/cult/565/12398/13-1.jpgЦікава, што яе сааўтарам стаў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валерый Дайнэка, а суб’ектам для параўнання з беларускага боку — творчасць ансамбля “Песняры”. Спадарыня Анжэла апавяла пра тое, як адбываліся “стасункі” трох культур у гэтым праекце.

Шатландскія вячоркі

— Дзіўна, але на напісанне кнігі натхніла жыццё ў бязлюдных абшарах астраўной Шатландыі. Прывяло мяне ў гэтыя бязлюдныя мясціны жаданне вывучаць старажытную кельцкую культуру: тут у сёлах яшчэ маюць зносіны на гальскай мове і спяваюць гальскія ж песні. Праўда, да суседзяў трэба ісці гадзіну, а часам і не дойдзеш: да некаторых дамоў няма дарогі, можна толькі даплыць. Затое па суботах (ці ў іншы прызначаны загадзя дзень) — танцы: і адкуль столькі людзей прыбывае (нават з суседніх выспаў — хто на пароме, хто на лодках, цэлымі сем’ямі!)? Англійскай мовы не чуваць: усе гавораць на гальскай, а старыя людзі нават не разумеюць англійскай.

Хто нясе музычны інструмент, хто лёгкія пантофлікі для танцаў. І ўсе абавязкова прыносяць нешта смачненькае — на сталах і падваконнях няма вольнага месца! Але каб паласавацца тым, што на процілеглым баку залы, трэба далучыцца да танца! Танчаць жа ўсе: дарослыя і дзеці, бабулі і дзядулі. Урэшце, у сёлах горнай і астраўной Шатландыі музычныя традыцыі вельмі глыбокія, а пачуццё абшчыны надзвычай трывалае.

Суседскія вячоркі збіраюць шмат людзей, і музыка з акампанементам абцасаў танцораў раздаецца гадзінамі. Мелодыі — бясконцыя “Jigs, Stratspeys and Reels”. У кожнага музыканта, як і ў кожнага танцора, — уласны стыль і вытанчанасць з непрадказальнасцю ў імправізацыях. А найлепшымі танцорамі ў Шатландыі лічацца тыя, чые крокі супадаюць не толькі з рытмам, але і з мелодыяй: ногі павінны быць адным з музычных інструментаў аркестра. А калі ўсе ўжо валяцца ад стомы, пачынаюцца непаўторныя гальскія песні, і госці далучаюцца да агульнага хору. І гэта сапраўдныя прадстаўнікі нацыянальнай культуры, у адрозненне ад рамантычных балерын і пафасных рыцараў у ледзь не маскарадных касцюмах, якія стварылі сваю “кельцкую” субкультуру ў Еўропе.

Фольк на выспе

— Галы прыйшлі сюды, пераадолеўшы доўгі шлях з Цэнтральнай Еўропы, і прынеслі казкі, танцы і песні. Толькі на кантыненце з-за міграцый і развіцця сучасных тэхналогій гэтыя казкі і песні, прайшоўшы праз млын фольк-бізнесу, ператварыліся ў фантасмагарычныя міфы. А тут — гучаць гэтак жа, як і тысячу гадоў таму. Дзякуючы аддаленасці і атачэнню вадой, жыхары шатландскіх выспаў захавалі іх у першапачатковым выглядзе. Паводле даследаванняў Віктара Давідзюка, у Еўропе старажытная культура захавалася на Палессі, і таксама дзякуючы аддаленасці ад прагрэсу. А ўлічваючы гістарычны факт, што гальскія плямёны олькаў тысячу гадоў таму аселі на Валыні, агульнасць славянскай і шатландскай культур — зразумелая!

Паралелі з гальскім

— Чамусьці менавіта тут, у Шатландыі, праз шмат гадоў пачалі згадвацца мелодыі “Песняроў”. А потым і словы з іх песень, гэтак падобныя да мясцовых, гальскіх: пасад, крыніца, луг, дуб, кветка, вандраваці, дарога, вуціца... Просты прыклад: гальскае “сeilidh” (сход) па паходжанні сумежнае са славянскім “келіх”. У Шатландыі і сёння можна пачуць, як сусед запрашае суседа на “сeilidh”. Але і мы гаворым гэтак жа: “заходзь да мяне на келіх”! А слова “сeol” (музыка) аднаго паходжання са словамі "звон", "калыска", "ваганні". А музыка ж — гэта і ёсць ваганні гуку! Праз беларускую мову мне стала зразумелым падабенства гальскай з роднай украінскай, а пазней — з іншымі мовамі, якія я вывучала.

Згадваю першы дзень заняткаў гальскімі песнямі са спявачкай Маргарэт Сцюарт. Я заблукала ў каледжы, шукаючы свой клас: усе шыльдачкі на дзвярах на гальскай мове! Ажно бачу — “Orain Ghaidhlig”. Ага, думаю, мне сюды — і не памыляюся. І ўжо зайшоўшы ў клас раптам зразумела, чаму трапіла “па адрасе”. Адразу на розум прыйшла Аранта — Маці Божая Сафіеўская! Тая, што моліцца Богу. А “oran” на тутэйшай мове — песня, маленне, ор, хор.

Чаму “Песняры”?

— Карацей, занурваючыся ў свет старажытных шатландскіх песень, упэўніваешся ў падабенстве зместу, а таксама мелодый з такімі ж — не, нават тымі самымі славянскімі. Толькі чаму менавіта “Песняры”? Цяпер жа многія займаюцца аўтэнтыкай... Дапамаглі мне адказаць сябры, украінскія (з Валыні), шатландскія і аўстрыйскія музыканты. Праслухаўшы песні ў выкананні “Песняроў”, яны раскрылі мне гэты сакрэт: пры розных, часам даволі складаных апрацоўках, гэтыя песні гучаць як сапраўды народныя — нават тыя, што былі напісаныя сучаснымі аўтарамі! Каб паўтарыць тыя творы, нават аўтэнтычным выканаўцам неабходна мець пачуццё прыроды музыкі, ці, дакладней, музыкі прыроды.

Так мы пачалі даследаванне, якое працягнулася ў перапісцы. Пазней да яго далучыўся “пясняр” Валерый Дайнэка. І яго дапамога перарасла ў сааўтарства. Ягоныя адказы разбуралі стэрэатыпы не толькі пра творчасць “Песняроў”, але і пра народную музыку, паходжанне шматгалосся, спалучэнне культур, аранжыроўку аўтарскіх песень у народным рэчышчы.

Гутарка з прадстаўнікамі розных культур, погляды якіх часам не супадалі, сталася займальнай і прывяла да цікавых высноў аб паходжанні і ролі народнага мастацтва, развіцці розных стыляў і жанраў. На тыя пытанні было б немагчыма знайсці адказы ў кнігах, а жывое абмеркаванне натхніла на пошук інфармацыі па-за межамі музыкі і ў працэсе гэтага развеяла агульнавядомыя міфы.

Ну і да месца, відаць, будзе выказванне лідара “Песняроў” Уладзіміра Мулявіна: “Музыка розных культур на першы погляд так адрозніваецца! А пачынаеш вывучаць больш глыбока і сур’ёзна — аказваецца, што нашы культуры такія блізкія! Ці не таму мелодыі песень — як народныя, так і аўтарскія — гэтак часта пераплятаюцца? Можа, тое, што мы называем запазычаннем, плагіятам — усяго толькі сведчыць аб нашых агульных каранях?”

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах