Абароты набраныя

№ 51 (1229) 19.12.2015 - 25.12.2015 г

Брэст: статус перадае, але культурным застаецца
2015-ы праляцеў, падаецца, імгненна, пакінуўшы пасля сябе самыя разнастайныя ўражанні. Зафіксаваць некаторыя з іх проста неабходна для гісторыі і для паслядоўнікаў. Менавіта таму “К” вырашыла пагутарыць з тымі, для каго гэты год быў асабліва важным і паказальным, — з кіраўнікамі некаторых устаноў культуры горада Брэста, сёлетняй культурнай сталіцы Беларусі. Статус хутка пяройдзе да Маладзечна, работнікам культуры якога брэсцкі вопыт будзе толькі на карысць.

/i/content/pi/cult/565/12394/6-1.jpgУ размове прынялі ўдзел намеснік дырэктара Брэсцкай гарадской бібліятэкі імя Аляксандра Пушкіна Ірына Касмачова, генеральны дырэктар — мастацкі кіраўнік Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы імя Ленінскага камсамола Аляксандр Козак, дырэктар мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Рыгор Быcюк, дырэктар Брэсцкай абласной філармоніі Таццяна Калтынаева і дырэктар Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея Аляксей Міцюкоў.

Ва ўсіх пяці каментарыях лейтматывам гучала наступная думка: мы не працавалі так, каб неяк карэнна змяняцца пад статус, а былі самімі сабой і выкладваліся так, як і заўсёды, — напоўніцу. А гучны тытул, з якім Брэст жыў у 2015-м, спрацоўваў хутчэй як фактар натхнення.

Канешне, адным тэкстам не ахопіш гадавой дзейнасці пяці магутных механізмаў у сферы культуры, не пералічыш усіх праектаў і мерапрыемстваў, што былі запушчаны цягам 12 месяцаў. Кіраўнікі хутчэй дзяліліся ўражаннямі, не пераходзячы на мову справаздачы. Так, Рыгор Бысюк усцешаны тым, што прысуджэнне гораду ганаровага статуса супала з 60-годдзем надання звання “Крэпасць-герой” знакамітай цытадэлі. Таму асаблівая ўвага да мемарыяла была проста забяспечана.

75 гадоў адзначыла Цэнтральная гарадская бібліятэка імя Пушкіна. “Вечар, прысвечаны ўгодкам кніжніцы (пра яго “К” пісала ў мінулым нумары), насіў статус гарадскога мерапрыемства. “Ды і ўвогуле: год паказаў, што бібліятэкі здольныя заняць раўнапраўнае становішча сярод іншых устаноў культуры”, — падзялілася Ірына Касмачова.

Дваццаты раз з аншлагам прайшоў міжнародны тэатральны фестываль “Белая Вежа”, што ладзіцца Брэсцкім акадэмічным тэатрам драмы. Дзякуючы фэсту, пра асаблівы статус Брэста пачулі сёлета і госці з Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, Ізраіля… Міжнароднае трыенале малых форм графікі, праекты якога выстаўляліся ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, пазнаёміла публіку з самабытнымі мастакамі, што жывуць ад Японскіх астравоў да Паўночнай Амерыкі.

То бок, уласную лакальную радасць можна лёгка зрабіць аб’ектам агульнарэспубліканскай і сусветнай увагі, а святочныя мерапрыемствы гарманічна ўпісаць у гарадскі кантэкст. Ну і, канешне, удвая прыемна, што ў год 70-годдзя Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі статус культурнай сталіцы нёс менавіта Брэст.

Брэсцкая абласная філармонія ў 2015-м на чале з новым дырэктарам Таццянай Калтынаевай абрала курс на прыцягненне да музычнага мастацтва ўвагі на ўзроўні сям’і. Так, новы сезон стаў для ўстановы нагодай распачаць свежы праект “Музычныя суботы ў філармоніі, або Усёй сям’ёй у канцэртную залу”. Праграмы праекта адаптаваны пад дзяцей, сінтэтычныя па жанры і па форме. Магчыма, менавіта з моманту атрымання Брэстам статусу культурнай сталіцы Беларусі з’явяцца аматары класічнай музыкі, выхаваныя на падобных густоўных імпрэзах. Філармонія ўвогуле песціць таленавітую моладзь і дае ёй цудоўны шанец паказаць сябе, у тым ліку і праз новаўвядзенне года — гала-канцэрт адораных дзяцей, які падвёў вынікі сёлетніх творчых поспехаў таленавітых маленькіх брэстчан.

Калектыў Брэсцкай крэпасці таксама вырашыў звярнуць увагу на сямейныя каштоўнасці і запусціў вясновую акцыю “Адна сям’я — адзін білет”. Але тут акцэнты расстаўлены зусім інакш: на экскурсіі ў крэпасць запрашаліся хутчэй дарослыя, каб пашырыць гістарычны кругагляд і навучыцца па-сапраўднаму шанаваць гэтае месца. Для сем’яў у Брэсцкай крэпасці цягам года праводзіўся шэраг конкурсаў, віктарын.

Бібліятэка імя Пушкіна на свае шматлікія мерапрыемствы запрашала праз спецыяльны сайт, створаны пад маркай акцыі, старонкі ў сацыяльных сетках. Адтуль можна было даведацца ў тым ліку і пра творчы рух "Бульвар", які быў распачаты да Года моладзі. Цяпер ён яднае маладых літаратараў і музыкантаў, ствараючы магутнае ядро, што будзе толькі абрастаць самародкамі.

Краязнаўчы музей сёлета займеў дзве пастаянныя экспазіцыі, дэталі якіх дапрацоўваюцца акурат гэтымі днямі: гістарычная экспазіцыя ў Краязнаўчым музеі і новая экспазіцыя ў Музеі выратаваных каштоўнасцяў. І гэта акрамя 70 мерапрыемстваў, акцый і імпрэз! Такую высокую планку і музей, і іншыя брэсцкія ўстановы маюць намер трымаць і надалей. Меркаванне ў маіх візаві адназначнае: абароты павінны толькі набірацца. Як і колькасць наведвальнікаў: музей, скажам, налічыў 170 тысяч чалавек за 9 месяцаў.

Прываблівае гледача і Акадэмічны тэатр драмы. Напрыклад, лістападаўскай прэм’ерай камедыі “Маладая сям’я здыме кватэру” і грандыёзнымі зімовымі шоу-праграмамі для дзяцей. 2015 год адкрыў для тэатра новую форму зносін са сваёй публікай: анкетаванні, апытанні. Цяпер кіраўніцтва ўстановы дакладна ведае, чаго жадаюць наведвальнікі, якія цэны для іх прымальныя і гэтай далей. Дарэчы, эфектыўны спосаб вывучэння сваёй аўдыторыі.

І аб праблемах, з якімі сутыкнуліся рулявыя ўстаноў культуры Брэста падчас правядзення маштабнай акцыі. Хтосьці сказаў, што ўсё прайшло гладка, але некаторыя прызналіся ў адваротным. У 2015-м годзе рэзка скарацілася колькасць турыстаў з Расіі, а яны былі істотнай крыніцай заробку (працэнт беларусаў як падарожнікаў, наведвальнікаў застаўся прыблізна ранейшым, але і вялікага прыросту ніхто не заўважыў). Ну і, чаго крывіць душой: на некаторыя нашы культурныя аб’екты, на іх рэканструкцыю і падтрымку патрэбны каласальныя грошы. Статус — катэгорыя нематэрыяльная, а вось фінансы… З той жа сітуацыяй, зразумела, сутыкнецца і Маладзечна ды наступныя культурныя сталіцы.

Шчырыя віншаванні перадаваў старажытны Брэст гораду Маладзечна ў асобах кіраўнікоў вышэйназваных устаноў. Калегі жадаюць высокіх мэтаў, вялікіх магчымасцяў, цікавых дзей, напружанай працы, удзячных наведвальнікаў. У такі адказны і знамянальны момант трэба ўмець яднацца на ўзроўні арганізацый, прадпрыемстваў, калектываў і нават асобных людзей, каб усе задумы здзейсніліся. Патэнцыял Мінскай вобласці і яе жыхароў не выклікае сумненняў у брэстчан, таму хай маладзечанцы ўвасобяць у 2016-м усе свае ўяўленні пра культурную сталіцу Беларусі.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст