Неабходнае для душы

№ 50 (1228) 12.12.2015 - 18.12.2015 г

Тытулаваны арганіст і канцэртны інструмент
Арган “Glatter-Gotz” у Віцебскай абласной філармоніі ніколі не ведаў іншага ўжывання, акрамя як канцэртнае. На цяперашнім XXVII Міжнародным музычным фестывалі імя Івана Салярцінскага інструмент працаваў пад кіраўніцтвам Эуджэніа Фаджыяні — арганіста святыні каталіцкага свету францысканскай абіцелі Ла Верна. Маэстра падзяліўся сваімі ўражаннямі ад паездкі ў Беларусь і не толькі.

/i/content/pi/cult/564/12371/13-1.jpg— З інструментам я пазнаёміўся, калі быў маленькім, — распавядае візаві. — Мая сям’я шчыльна звязаная з каталіцкай царквой. І першы ўспамін пра яе — гук аргана. Тады мяне зачаравала незвычайная моц і архітэктура інструмента. Мая бабуля прыбірала царкву, і аднойчы яна спытала дазволу адвесці мяне наверх да аргана. Без усякай падрыхтоўкі я змог найграць на ім па слыху песеньку.

— У чым вы бачыце ролю арганнай музыкі?

— Гэта цікавае пытанне. Для мяне роля аргана звязана перш за ўсё з царквой і рэлігіяй. Але пашчасціла выступаць у Расіі, напрыклад, дзе няма каталіцкай традыцыі і, адпаведна, храмаў з арганамі. І я адкрыў для сябе іншы спосаб выкарыстання інструмента. Ва Усходняй Еўропе ён канцэртны, нароўні з іншымі. І гэта абсалютна адрозніваецца ад таго, да чаго я прызвычаіўся! Аднак арганная музыка сапраўды мае вялікае значэнне ў гісторыі культуры, як і сімфанічная. Гэта пацвярджае той факт, што ўсе вялікія кампазітары Еўропы гралі на аргане: Моцарт, Вэрдзі, Мендэльсон, Франк... Часта яны пачыналі ў храмах. Гэта значыць, арганная музыка мае такое ж вялікае значэнне, як і сімфанічная. У англійскай традыцыі, напрыклад, пры ігры на аргане выкарыстоўваюцца транскрыпцыі твораў для сімфанічных аркестраў, калі няма магчымасці іх запрасіць.

— Як вы ацэніце арган віцебскай філармоніі?

— Вельмі цікавая работа фірмы “Glatter-Gotz”! Перш за ўсё тым, што трубы вынесеныя ў дзве секцыі: атрымліваецца выразнае гучанне. І ў цэлым узнікае ўражанне гучання значна большай колькасці інструментаў. Арган дазваляе выконваць любы рэпертуар. Інструмент можна назваць універсальным. Гэта не дзяжурны камплімент. Арган у вас сапраўды добры, бо ў яго аснове ўдалая канцэпцыя. Пацвярджэнне гэтых слоў — канцэрт, дзе прагучала без якіх-небудзь складанасцяў музыка французскіх рамантыкаў і адначасова Баха, Гендэля. Акрамя таго, ваш арган выдатна спалучаецца з любымі іншымі інструментамі і нават з аркестрам.

— Як бы вы ахарактарызавалі беларускага слухача?

— Ваша публіка, як і расійская, больш блізкая мне. У Заходняй Еўропе яна стрыманая, ва Усходняй — з аднолькавай цікаўнасцю ўспрымае кожны інструмент. У мяне такое ўяўленне склалася з першага турнэ па Беларусі. Гэта некалькі нагадвае мне родны горад: калі пазнаёміліся — сяброўства пачынаецца імгненна. На канцэртах у рамках турнэ па вашай радзіме я чую “брава”, людзі нясуць кветкі, горача вітаюць мяне. У вас значна больш цёплая публіка, чым у нашай частцы Еўропы, таму што ў вас больш вольная душа, вы не саромеецеся яе паказаць. Значыць, вы робіце велізарную справу, калі лічыце музычную культуру неабходнай для душы. Ведаеце, сябар майго бацькі аднойчы паведаміў, што шукае настаўніка музыкі для сваёй дачкі. “Навошта табе гэта трэба?” — спыталі ў яго. “Не для таго, каб яна стала музыкантам, а каб зрабіць яе душу больш чулай, эмацыйнай”.

Ірына ШАГАЛЕЕВА

Віцебск