“Я стаю на гэтай трыбуне не адна...”

№ 50 (1228) 12.12.2015 - 18.12.2015 г

Беларускай пісьменніцы Святлане Алексіевіч уручана Нобелеўская прэмія па літаратуры за 2015 год. Урачыстая цырымонія, дзе таксама ўганаравалі лаўрэатаў па фізіцы, хіміі, медыцыне і фізіялогіі, эканоміцы, адбылася 10 снежня ў Канцэртнай зале Стакгольма. Узнагароду наша пісьменніца атрымала з рук караля Швецыі Карла Густава.

/i/content/pi/cult/564/12362/5-1.jpg

Мастацка-дакументальныя кнігі Святланы Алексіевіч “У вайны не жаночае аблічча”, “Цынкавыя хлопчыкі”, “Зачараваныя смерцю”, “Чарнобыльская малітва”, “Час сэканд-хэнд”, думаецца, не варта прадстаўляць чытачу. Яны склалі цыкл “Галасы ўтопіі”. Цяпер першы беларускі лаўрэат літаратурнага Нобеля працуе над кнігай пад назвай “Цудоўны алень вечнага палявання”, прысвечанай тэме кахання.

Што ж адбывалася цягам Нобелеўскага тыдня ў сталіцы Швецыі? Напрыклад, у тэматычны музей прэміі Святлана Алексіевіч перадала адзін са сваіх дыктафонаў, на які былі запісаны галасы многіх суразмоўцаў, што сталі героямі яе кніг. Сярод падзей насычаных дзён — і канцэрт у гонар лаўрэатаў 2015 года. Яркай і чаканай падзеяй сталася лекцыя пераможцы з Беларусі. Прапануем некалькі вытрымак з яе (© The Nobel Foundation, 2015).

“Я стаю на гэтай трыбуне не адна... Вакол мяне галасы, сотні галасоў, яны заўсёды са мной. З майго дзяцінства. Я жыла ў вёсцы. Мы, дзеці, любілі гуляць на вуліцы, але ўвечары нас, як магнітам, цягнула да лавак, на якіх збіраліся каля сваіх дамоў або хат, як кажуць у нас, стомленыя бабы. Ні ў каго з іх не было мужоў, бацькоў, братоў, я не памятаю мужчын пасля вайны ў нашай вёсцы — падчас Другой сусветнай вайны ў Беларусі на фронце і ў партызанах загінуў кожны чацвёрты беларус. Наш дзіцячы свет пасля вайны — гэта быў свет жанчын. Больш за ўсё мне запомнілася, што жанчыны гаварылі не пра смерць, а пра каханне. Распавядалі, як развітваліся ў апошні дзень з каханымі, як чакалі іх, як дагэтуль чакаюць. Ужо гады прайшлі, а яны чакалі: “хай без рук, без ног вернецца, я яго на руках насіць буду”... Здаецца, я з дзяцінства ведала, што такое каханне...”

“…Флабэр казаў пра сябе, што ён чалавек-пяро, я магу сказаць пра сябе, што я чалавек-вуха. Калі я іду па вуліцы і да мяне прарываюцца нейкія словы, фразы, воклічы, заўсёды думаю: колькі ж раманаў бясследна знікаюць у часе. У цемры. Ёсць тая частка чалавечага жыцця — размоўная, якую нам не ўдаецца адваяваць для літаратуры. Мы яе яшчэ не ацанілі, не здзіўленыя і не захопленыя ёю. А мяне яна заваражыла і зрабіла сваёй палоннай. Я люблю, як гаворыць чалавек... Люблю адзінокі чалавечы голас. Гэта мая самая вялікая любоў і жарсць.

Мой шлях на гэтую трыбуну быў даўжынёй амаль у сорак гадоў — ад чалавека да чалавека, ад голасу да голасу. Не магу сказаць, што ён заўсёды быў мне пад сілу, гэты шлях — шмат разоў я была ўзрушаная і напалоханая чалавекам, адчувала захапленне і агіду, хацелася забыцца на тое, што я пачула, вярнуцца ў той час, калі была яшчэ ў няведанні. Плакаць ад радасці, што я ўбачыла чалавека цудоўным, я таксама не раз хацела…”

“…Што раблю я? Я збіраю штодзённасць пачуццяў, думак, слоў. Збіраю жыццё свайго часу. Мяне цікавіць гісторыя душы. Побыт душы. Тое, што вялікая гісторыя звычайна прапускае, да чаго ставіцца з пагардай. Займаюся прапушчанай гісторыяй. Не раз чула і цяпер чую, што гэта не літаратура, гэта дакумент. А што такое літаратура сёння? Хто адкажа на гэтае пытанне? Мы жывем хутчэй, чым раней. Змест рве форму. Ламае і змяняе яе. Усё выходзіць са сваіх берагоў: і музыка, і жывапіс, і ў дакуменце слова вырываецца па-за межы дакумента. Няма межаў паміж фактам і выдумкай, адно перацякае ў другое. Нават сведка не бясстрасны. Распавядаючы, чалавек творыць, ён змагаецца з часам, як скульптар з мармурам. Ён — акцёр і творца…”

“…У мяне тры дамы — мая беларуская зямля, радзіма майго бацькі, дзе я пражыла ўсё жыццё, Украіна, радзіма маёй мамы, дзе я нарадзілася, і вялікая руская культура, без якой я сябе не ўяўляю. Яны мне ўсе дарагія. Але цяжка ў наш час казаць пра любоў”.

Пасля цырымоніі ўручэння прэмій лаўрэаты Нобеля-2015 мелі магчымасць кароткай прамовы. Сярод іншага, Святлана Алексіевіч сказала: “Пішу. Навошта? Мяне называюць пісьменнікам катастроф. Гэта няпраўда. Я ўвесь час шукаю словы любові. Нянавісць нас не выратуе, нас выратуе толькі любоў, я спадзяюся”. І дадала: “На развітанне я хацела б, каб у гэтай цудоўнай зале прагучала беларускае маўленне, маўленне майго народа. “У адной беларускай вёсачцы старая жанчына праводзіла мяне словамі: хутка мы разыдземся з табой у розныя бакі. Дзякуй табе, што ты паслухала мяне і панясеш маю больку людзям. Прашу цябе: калі пойдзеш, агляніся на маю хатку, агляніся не адзін, а два разы. Другі раз чалавек аглядаецца не па чужынцы, а ўжо з сэрца”

Фота Ціхана ЧАРНЯКЕВІЧА