Адсеў — справа звычайная

№ 49 (1227) 05.12.2015 - 11.12.2015 г

Генадзь ФЯДОТАЎ, выкладчык Гомельскага дзяржаўнага мастацкага каледжа
Нашы выпускнікі маюць прафесію падвойнага прызначэння. Каледж рыхтуе мастака і выкладчыка. І калі па заканчэнні каледжа яны не паступаюць у вышэйшую навучальную ўстанову, дык едуць працаваць па размеркаванні.

/i/content/pi/cult/563/12352/5-3.jpgКанешне, адпраўляць гараджаніна ў глыбінку, у вёску, на два гады на адпрацоўку — складаны момант. Не ўсе выпускнікі каледжа туды едуць, не ўсе жадаюць, але такія ёсць. Так мы рыхтуем спецыялістаў, але некаторыя з іх, на жаль, потым асядаюць у камерцыйных фірмах, дзе яны запатрабаваныя. Больш дакладна — запатрабаваны дызайн. Практычна ўсе нашы дызайнеры адразу могуць знайсці сабе працу. Можа, з не надта вялікай зарплатай, але гэтыя людзі пасля атрымання дыплома не ў пустэчу ідуць.

Апошнім часам можна пачуць меркаванні, што дызайнераў у Беларусі замнога і што варта скараціць колькасць інстытуцый, якія іх рыхтуюць. Скажу, што гэта прафесія, як і ўсе творчыя, традыцыйна мае вялікі адсеў. І ён доўжыцца ўвесь час, пачынаючы ад мастацкай школы і заканчваючы вышэйшай навучальнай установай. І пасля ВНУ далёка не ўсе працуюць паводле набытай творчай прафесіі. Сярод тых, з кім я ў адзін час вучыўся ў Акадэміі мастацтваў, сёння дзевяць дзясятых займаюцца чымсьці, да мастацтва блізкім. Але ёсць тыя, хто пакінуў вучобу на трэцім, чацвёртым курсах і заняўся зусім іншымі справамі. Хто ў гандаль пайшоў, хто яшчэ кудысьці.

Калі мы скароцім колькасць сярэдніх навучальных устаноў культуры і мастацтва, дык ВНУ не будзе з каго выбіраць… А адбор сам па сабе вельмі важны. Груба кажучы, чалавек, які атрымлівае вышэйшую адукацыю, мусіць быць прасеяны праз дробнае сіта. Аднак калі чалавек не скончыў інстытут ці каледж, тое яшчэ не значыць, што ён няздара. Проста гэта не зусім тая прафесія, якой ён мусіць займацца. Таму так багата і адсейваецца. Да ўсяго, не лічу, што ў нас у рэспубліцы замнога навучальных устаноў культурнай сферы.

Адносна ж прынцыпаў навучання маю такую думку: удзел у Балонскім працэсе можа нам гукнуцца. Я сутыкаўся з выпускнікамі еўрапейскіх навучальных ўстаноў і праз свае назіранні магу зрабіць выснову: наяўная сёння ў Еўропе сістэма адукацыі дазваляе прайсціся па вярхах, але базавай, глыбокай адукацыі яна не дае. І ў выніку атрымліваецца, што чалавек, маючы на руках дакументы, што ён мастак, дызайнер, рэжысёр, неабходных ведаў, адпаведных гэтым прафесіям, не мае. Еўрапейская адукацыя дазваляе чалавеку прыйсці на любым этапе, выбраць сабе з навучальнай праграмы нейкі кавалак, засвоіць яго, атрымаць “корку” і лічыць, што ён, напрыклад, цудоўны мастак. Гэта набліжана да таго, як вучацца малюнку паводле друкаваных дапаможнікаў, якіх зараз шмат у продажы. Ёсць інструкцыі, скажам, як намаляваць жывёлу, і вось чалавек, навучыўшыся па кніжцы, як з дапамогай трох авалаў можна намаляваць асляня, стане лічыць сябе мастаком, ды яшчэ прасунутым.

І што рабіць? Савецкая адукацыя, канешне ж, не панацэя. Але ў той сістэме мелася цудоўная рэч — акрэсленая, уцямная, паслядоўная структура. Усе этапы гэтай адукацыі адзін другі перакрывалі, і заўжды была магчымасць паўтору нейкага з іх, што адпавядала прынцыпу “паўтарэнне — маці вучэння”.

У час маёй вучобы ў Акадэміі некалькі знаёмцаў са старэйшага курса вырашылі павучыцца ў Еўропе і паехалі паступаць у Мюнхен. Паступілі. Правучыліся там год і… вярнуліся ў нашу Акадэмію. Па іх словах, “нам там няма чаму вучыцца, мы проста згубілі час”. Не аказалася за мяжой тых, хто мог даць ім тое, па што яны туды выправіліся. Нават з гэтага прыкладу бачна, што нам варта трымацца за тое, што праверана часам, адпавядае нашай культурнай сітуацыі і мае перспектыву.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"