Стварыць. І абараніць!

№ 49 (1227) 05.12.2015 - 11.12.2015 г

Алег МОЛЧАН, кампазітар, старшыня Аўтарскага савета пры Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці
Часцяком людзі не атаясамліваюць паняцце самабытнасці краіны непасрэдна з творцамі, але менавіта яны і назапашваюць нашу непаўторную культурную спадчыну.

/i/content/pi/cult/563/12350/5-2.jpgТрэба часцей даносіць гэтае разуменне да грамадскасці, а таксама сцвярджаць у свядомасці думку, што кожны аўтар павінен мець вызначанае законам ўзнагароджанне і магчымасць абараняць свае правы.

Я ўваходжу ў Аўтарскі савет пры НЦІУ не першы год і хачу зазначыць, што ў ім сапраўды шмат актыўных людзей, прынамсі, сярод кампазітараў: Леанід Захлеўны, Эдуард Зарыцкі, Алег Елісеенкаў, Леанід Шырын... Зараз мы занепакоены тым, каб аўтарскія ўзнагароджванні, незалежна ад формы выкарыстання твораў, выплачваліся адпаведна закону аб аўтарскім праве і сумежных правах.

Сутыкаўся я і з тым, што не кожны разумее, чым з’яўляюцца для талентаў аўтарскія адлічэнні. Гэта, па сутнасці, той заробак, на які можа існаваць творца. Не з’явіцца новых песень, якім наканавана праслаўляць нашу краіну, калі кампазітар, каб пракарміць сабе, павінен будзе ўладкоўвацца куды-небудзь не па профілі, а пасля працоўнага дня выціскаць з сябе натхненне! На жаль, не ўсім зразумела, што творчая праца таксама прагне разваг і сталага заглыблення ў тэму. Адсюль і меркаванне, што аўтарскія адлічэнні патрабуюць толькі з-за сквапнасці…

Мне, як старшыні, хацелася б большага ўдзелу аўтараў у грамадскіх абмеркаваннях. Не так даўно мяне запрашалі ў Клуб народных кампазітараў і паэтаў. Я ім нагадаў, што мала “нарадзіць” твор: яго патрэбна і абараніць. Неабходна больш шчыльна цікавіцца законатворчасцю, знаёміцца з прававым бокам справы, агучваць свае думкі ў мас-медыя. Няхай не ўсе прачытаюць тую прапанову па ўдасканаленні пытанняў, якія тычацца інтэлектуальнай маёмасці, аднак пачуць творцу можа той, хто прымае рашэнні. Зразумейце, немагчыма вырашаць праблему, якой быццам і не існуе…

Пытанне інтэлектуальнай уласнасці — гэта каталізатар самапавагі і пашаны адзін да аднаго. Кожны разумее, што ў краме нельга ўзяць тавар бясплатна. А ў афішы можна не указаць імя, маўляў, ніякіх наступстваў, акрамя пакут сумлення… Асабліва ж хвалюе пытанне аўтарскіх спрэчак: пераапрацоўка, недакладна названае імя, маральная шкода. Скрозь не ўказваюць імя ў праграмках, буклетах, дысках, на тэлеканалах. А слухач робіць выснову, што менавіта выканаўца напісаў тую песню. У сеткавых крамах гучыць фонам музыка, за якую не паступае аўтарскіх адлічэнняў…

Наш закон аб аўтарскім праве і сумежных правах добра працуе, аднак яго народная рэалізацыя прыхрамвае. Напрыклад, пайшла тэндэнцыя выдаваць чужое за сваё. Прынамсі, аднойчы выйшаў дыск, у якім было ўказана, што ў маёй кампазіцыі “Хрыстос уваскрэс!” на словы Дзмітрыя Меражкоўскага “музыка класічная, словы народныя”! Каб змагацца з татальнымі парушэннямі правоў інтэлектуальнай маёмасці, высілкаў адной асобы не хопіць. Магчыма, у гэтай справе дапаможа праваўласніцкая грамадская арганізацыя, якая займалася б менавіта аўтарскімі спрэчкамі. Пры ёй проста неабходна стварыць экспертны савет (напрыклад, з членаў Беларускага саюза кампазітараў), які даваў бы для суда заключэнні. Я апісаў сваю мару, але пры яе ажыццяўленні аўтарам было б лягчэй абараняць інтэлектуальную маёмасць...

Мяне часта пытаюць культработнікі, ці можа самадзейнасць выкарыстоўваць у сваіх выступленнях песні, не сплачваючы аўтарскія адлічэнні. Давайце сыходзіць з таго, што такое прафесійны калектыў, а што — самадзейны. Прафесіяналы атрымліваюць заробак за выступленні, яны прадаюць білеты, значыцца, абавязаны запоўніць “рапарцічку” і даслаць яе ў НЦІУ. Калі ж самадзейны ансамбль не выходзіць на агульнанародную аўдыторыю, на СМІ, не мае прыбытку, то можа выконваць нумары і без адлічэнняў.

Каб пазбегнуць недарэчнасцей, перад тым, як браць твор (мэта тут не істотная — на пераапрацоўку, аранжыроўку, арыгінальнае выкананне, гучанне ў эфіры ці іншае), лепш за ўсё падпісаць дагавор з аўтарам (ён можа быць з пазначэннем пэўнай сумы альбо бязвыплатны). У гэтым выпадку літара закона выканана, а аўтар будзе ведаць, кім, дзе і на якіх умовах яго твор выкарыстоўваецца. Дарэчы, бязвыплатны дагавор пакідае магчымасць аўтару ў пэўным выпадку абараняць маральны ўрон. Маёмасныя і немаёмасныя правы ва ўсім свеце ўжо здаўна непахісная практыка. Памятайце, што аўтарскія пытанні — гэта ў першую чаргу пытанне агульнай культуры грамадства.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"