Мёршчына, Маларытчына, Пружаншчына

№ 49 (1227) 05.12.2015 - 11.12.2015 г


/i/content/pi/cult/563/12333/11-1.jpgМіжнародныя сувязі / Беларусы на фестывалі Ганны Герман

На сцэне Маскоўскага дзяржаўнага музычнага тэатра “Руская песня” 19 лістапада адбыўся фінальны тур II Міжнароднага фестывалю “Мы эхо друг друга...”, прысвечанага творчасці Ганны Герман. Удзел у ім прынялі і прадстаўнікі Беларусі.

Ідэя стварэння фестывалю, прысвечанага творчасці польскай спявачкі, належыць дзвюм грамадскім арганізацыям — Саюзу жанчын Расіі і Лізе польскіх жанчын. Беларусь далучылася да дадзенага праекта ўпершыню. 20 маладых вакалістаў выканалі на розных мовах самыя вядомыя творы з рэпертуару Ганны Герман — артысткі, чыя творчасць і сёння адгукаецца цяплом, пяшчотай і верай у дабро і каханне ў сэрцах людзей розных пакаленняў.

Беларускую дэлегацыю канкурсантаў прадстаўлялі ўдзельніцы Рэспубліканскага маладзёжнага вакальнага конкурсу “Новыя імёны Беларусі” Федэрацыі прафсаюзаў Вольга Новікава (медсястра Магілёўскай абласной бальніцы) і Кацярына Ганчарова (метадыст па аматарскіх аб’яднаннях Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці), а таксама яго арганізатары Глеб Лапіцкі (начальнік галоўнага ўпраўлення па культуры і грамадскай рабоце апарата Савета ФПБ) і Арцём Ігнаценка (начальнік упраўлення па распрацоўцы і рэалізацыі спецыяльных праектаў галоўнага ўпраўлення па культуры і грамадскай рабоце апарата Савета ФПБ).

— Прадстаўляць Беларусь на такім прэстыжным творчым мерапрыемстве для нас вялікі гонар, — дзеляцца ўражаннямі нашы ўдзельнікі фестывалю. — Мы атрымалі шмат яркіх эмоцый і незабыўных уражанняў ад сустрэч з вядомымі расійскімі выканаўцамі і музыкантамі. У журы конкурсу, да прыкладу, — народны артыст Расіі Леў Лешчанка, актрыса, выканаўца ролі Ганны Герман у фільме “Таямніца белага анёла” Ёана Мора… Конкурсныя нумары выконвалі ў суправаджэнні народнага ўзорнага аркестра Расійскіх чыгунак. Чулы, пранікнёны і высокапрафесійны акампанемент музыкантаў пад кіраўніцтвам народнага артыста Расіі Аляксандра Данільчанкі заслугоўвае, вядома ж, асаблівай падзякі.

Па выніках фестывалю Вольга Новікава стала лаўрэатам трэцяй прэміі за выкананне песні “Пяшчота”. Глеб Лапіцкі — лаўрэатам спецыяльнага фонду народнай артысткі СССР Алены Абразцовай за выкананне твора “Калыханка сыну”. Удзельніца з Бераставіцкага раёна Гродзеншчыны Кацярына Ганчарова ўдастоена дыплома конкурсу за выкананне песні “Застанься”.

Святлана АНАТОЛЬЕВА

 

Язна / У вёскі — дзень нараджэння

Толькі паспеў адбыцца фестываль праваслаўных нядзельных школ “Благавест”, як у Язне, што на Мёршчыне, зноў звонка загучалі мілагучныя галасы, крочыў хрэсны ход падчас святочнага малебну. Зноў разгарнулася выстава мясцовых творцаў, сабраўся люд, каб засведчыць непаўторнасць свайго куточка. Для таго цудоўная нагода: два юбілеі запар — 115 гадоў Свята-Праабражэнскай царкве і 540 — мястэчку Язна.

Шмат тут дынастый культработнікаў. У бібліятэкаркі Ларысы Карпавай сын Міхаіл выкладае ў мясцовай музычнай школе, цудоўна спявае. Вабны голас мастацкага кіраўніка СДК Вольгі Александроўскай шчодра перадаўся яе дачцэ Настассі, якая вучыць тутэйшых дзетак музыцы, ейны муж таксама выкладчык. Дырэктар СДК Ларыса Бервячонак перадала свой талент дачцэ Аксане, якая цяпер жыве ў сталіцы, але спявае, займаецца танцамі. Галоўны ўрач участковай бальніцы Уладзімір Пашковіч, яго сын Ілья таксама спяваюць. Усе гэтыя дынастыі выступілі на юбілеі.

Працавалі выставы. Можна было ўбачыць лялькі Ліліі Паршута, гліняныя вырабы Марыі Баніфатавай, хрызантэмы, вырашчаныя Евай Астроўскай, саломкапляценне Тамары Касатай.

Алена БАСІКІРСКАЯ

 

Маларытчына / Майстар у эпіцэнтры

Народны майстар Сцепаніда Сцепанюк нарадзілася 80 гадоў таму — 4 снежня 1935 года — у вёсцы Дарапіевічы Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці, дзе і жыве па сёння. Практычна ўсё жыццё займаецца тым, што, у прамым сэнсе, апранае людзей.

Упершыню Сцепаніда Аляксееўна села за кросны, калі было ёй 9 гадоў. Можа, тое адбылося б і раней, але, як яна сама распавядае з усмешкай, “тады яшчэ да панажоў не даставалі ногі”. А вось прасці пачала яна яшчэ гадоў з шасці. Яе продкі былі вельмі ўмелымі людзьмі, асабліва па мужчынскай лініі: бацька і родныя дзядзькі — выдатнымі сталярамі, якія славіліся на ўсю акругу, а пра аднаго дзядзьку ішла пагалоска як пра цудоўнага краўца — шыў адзенне для ўсяго сяла. Маці таксама і ткала, і вышывала, і шыла вопратку ўручную.

Побач з маці ўсяму гэтаму вучылася і Сцепаніда. Да таго, як выйсці замуж, працавала на пасадцы леса, даяркай на ферме, з 1969 года і да пенсіі — швачкай. Да яе ішлі і ехалі прыхарашыцца з усяго наваколля і нават з суседніх райцэнтраў — Кобрына і Маларыты. З 2008 года майстрыха працуе ў Маларыцкім раённым Цэнтры народнай творчасці, дзе вучыць дзяцей ткацтву.

Сцепаніда Сцепанюк за гады працы пры ўстанове культуры адрадзіла “спадніцы-палатнянкі” і тчэ маларыцкія касцюмы цалкам па традыцыйнай тэхналогіі —“кажушком”. У 2012 годзе апранула ў маларыцкі строй заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца “Радасць” Брэсцкага гарадскога дома культуры. Удзельнічае ў шматлікіх выставах, конкурсах і фестывалях. Напрыклад, у 2013 годзе дыплом лаўрэата яна прывезла з Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу рамёстваў “Вясновы букет” у Мінску, XXII Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, Міжнароднага “Ягелонскага кірмашу” ў польскім Любліне.

Дзе б мне не даводзілася бываць разам са Сцепанідай Аляксееўнай (на фестывалях, кірмашах, выставах), да яе заўсёды цягнуцца людзі, яна адразу робіцца эпіцэнтрам мерапрыемства. Мне распавялі, што пасля апошняга “Ягелонскага кірмашу” плакаты са Сцепанідай Сцепанюк у маларыцкім строі з павязанай наміткай былі расклеены ў гарадскім транспарце. Акрамя таго, што яна выдатная ткачыха, гэтая асоба яшчэ і захавальніца фальклору: удзельнічае ў мясцовым фальклорным калектыве. Таксама спявае ў царкоўным хоры.

Ларыса БЫЦКО, загадчык аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра

 

Пружаны / Карціны са шкла

У музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” адкрылася выстава “Свет у каляровых промнях”, на якой прадстаўлена больш за паўсотні работ народнага майстра Беларусі Марыі Кулецкай. Прысвечана экспазіцыя юбілею вядомай мастачкі з Пружан і з’яўляецца своеасаблівай рэтраспектывай яе творчасці ў тэхніцы роспісу па шкле.

Пра такіх, як Марыя Мікалаеўна, у народзе кажуць: мае “залатыя рукі”. Яна добра знаёмая з пляценнем, вышыўкай, ткацтвам, выцінанкай, лепкай, аплікацыяй. Але найбольшую вядомасць ёй прынеслі менавіта маляванкі, якімі майстрыха займаецца амаль 20 гадоў. Дзякуючы ёй, “шкляныя карціны” сёння сталі новым сімвалам Пружан. Менавіта Марыя Кулецкая стаяла ля вытокаў адраджэння гэтага віду традыцыйнай творчасці ў Беларусі і нястомна вядзе працу па яго развіцці, праводзіць шматлікія майстар-класы, прэзентацыі і выставы ў нас, у Польшчы ды Літве.

Сёння даволі шмат мастакоў і аматараў выконваюць карціны на шкле, але маляванкі Кулецкай працягваюць займаць сярод іх асобнае месца, маюць істотныя адрозненні. Добра валодаючы акадэмічнай манерай пісьма (па адукацыі Марыя Мікалаеўна — мастак), яна на першае месца ў сваіх творах паставіла натуральнасць і народнасць. За нібыта простым выкананнем, не вельмі глыбокім сюжэтам, нескладанай каляровай гамай хаваецца вялікі сэнс.

Яе “шклінкі” не ўспрымаюцца як штосьці спрошчанае і беззмястоўнае. За “прастатой” — народны густ, пачуццё меры, дасканалае валоданне тэхнікай, паважлівае стаўленне да сюжэтнай лініі. Нягледзячы на тое, што прыкладам для творчасці Марыі Кулецкай былі работы самадзейных мясцовых майстроў сярэдзіны ХХ стагоддзя, яе творы не сталі капіраваннем даўніх узораў. Пружанская мастачка, адштурхнуўшыся ад прыёмаў і метадаў традыцыйных вясковых маляванак, прафесійна пераасэнсавала лепшыя прыклады народнай творчасці і фактычна вывела гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на якасна новы ўзровень, дазволіўшы яму арганічна ўпісацца ў сучаснае жыццё.

На выставе ў музеі-сядзібе прадстаўлены як ужо вядомыя творы (“Легенда аб Мухаўцы”, “Пружанскі палацык”, якія ў 2010 годзе сталі фіналістамі рэспубліканскага конкурсу “Лепшы беларускі сувенір”, серыі работ “Беларускія народныя святы” і “Помнікі архітэктуры Пружан”), так і новыя работы — “Ружанскі палац”, “Раство”, “Вялікдзень”, “Палявыя кветкі”, “Кацяняткі ў кошыку”, “Галубкі”...

Персанальная выстава народнага майстра будзе экспанавацца ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” на працягу двух месяцаў.

Наталля ПРАКАПОВІЧ, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык”