Філармонія на выездзе

№ 49 (1227) 05.12.2015 - 11.12.2015 г

Канцэрты класікі: стэрэатыпы і ява інтарэсу гледачоў
Каму яна патрэбна, гэтая музычная класіка? Няўжо толькі пенсіянерам ды самім музыкантам-прафесіяналам? І што робіцца для яе папулярызацыі — найперш, за межамі сталіцы? Пытанні, можна сказаць, вечныя. Толькі ў розныя гістарычныя перыяды маюць розную ступень актуальнасці. А якая роля ў гэтым працэсе ў так званых сельскіх філармоній?

/i/content/pi/cult/563/12330/7-1.jpgУ савецкія дзесяцігоддзі, калі сусветна прызнаныя майстры выступалі ў сельскіх клубах, часта — у непрыстасаваных умовах, здаралася ўсялякае. Часцяком тых жа піяністаў накіроўвалі туды, дзе нават інструмента не было. Захаваўся анекдот з жыцця, як Мсціслаў Растраповіч прыехаў у глыбінку і яму прапанавалі: калі піяніна няма, няхай дзядзя Вася акампаніруе на гармоніку — ён з ходу ўмее “акорды падбіраць”. А ў час канцэрта з залы пачулася рэпліка: “Хопіць струны “пілаваць”! Дайце паслухаць, што там наш Вася грае”. Дый беларускія кампазітары (а сярод іх стае музыкантаў-народнікаў па сваёй першай спецыяльнасці), збіраючыся на творчыя сустрэчы такога кшталту, стараліся на баян ці акардэон не забывацца. Народны артыст Беларусі Эдуард Зарыцкі расказваў: “Пытаю: “А піяніна ёсць?” Мне адказваюць: “Ёсць-ёсць”. Прыязджаю — і праўда, стаіць. Адкрываю — а там ніводнай клавішы”. Так што адсутнасць “усяго некалькіх” клавішаў ці малаточкаў, без якіх, колькі ні націскай, гуку не будзе, лічылася ледзь не за норму.

Пазней стаўка была зроблена не на праславутыя “клубы”, а на вучылішчы, каледжы, музычныя школы, у тым ліку, у аграгарадках. Планавалася, што іх залы могуць стаць своеасаблівымі камернымі філіяламі філармоніі. Дык ці ажыццявілася тое? Сваім экспертам у Год моладзі мы выбралі маладога піяніста, лаўрэата міжнародных конкурсаў, саліста Беларускай дзяржаўнай філармоніі Аляксандра Палякова, які часта выступае на цэнтральных пляцоўках сталіцы і ў замежжы. За сем гадоў працы ён аб’ехаў з канцэртамі ўсю краіну, наведваючы не толькі абласныя цэнтры, але і сціплыя залы дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў, назапасіў шмат уражанняў — добрых і не вельмі.

— Усё залежыць ад мясцовага кіраўніцтва, — мяркуе Аляксандр, сыходзячы са сваёй гастрольнай практыкі. — У некаторых рэгіёнах выступаць — адно задавальненне. Самі актыўнічаюць: маўляў, прыедзьце да нас, калі ласка! Самі ж усё арганізуюць, запрашаюць публіку. А бывае: прыязджаеш і бачыш, што гэта тут нікому быццам не патрэбна. Але ўсё роўна едзеш! Я гэта ўспрымаю як свайго кшталту місіянерства...

— ...Так, рэнтабельнасць падобных выязных канцэртаў для той жа філармоніі нізкая. Бывае, у зале налічыш усяго чалавек 20 — 30, не больш. І тое добра! Бо калі сярод іх знойдзецца хаця б адно дзіця, якое, упершыню пачуўшы “жывога” музыканта, запаліцца музыкай, захоча самастойна навучыцца граць на тым жа піяніна ці проста слухаць штосьці падобнае, значыць, нашы намаганні не дарэмныя. А можа, з таго дзіця калісьці і зорачка атрымаецца — гэта ж цудоўна! Бо нашы канцэрты — усяго толькі стымул. А надалей патрабуюцца ўласныя намаганні. Але чым часцей тыя стымулы будуць з’яўляцца, тым лепш. Бо з часам яны могуць стаць традыцыяй, увайсці ў добрую звычку.

Толькі хто ўсім гэтым павінен займацца — канцэртна-гастрольны аддзел Беларускай дзяржаўнай філармоніі? Ці, можа, абласныя філармоніі, якія калісьці былі філіяламі сталічнай, а цяпер атрымалі самастойнасць? А можа, самі аграгарадкі? Ці ўласна музыканты, якім заўсёды “больш за ўсіх трэба”?

Адзін з найбольш яскравых прыкладаў апошняга — гастрольны тур па Беларусі ў рамках еўрапейскага, зладжаны сусветна вядомымі маладымі беларускімі музыкантамі — віяланчэлістам Іванам Карызнам і піяністам Кірылам Кедуком (больш падрабязна пра гэта — у адным з наступных нумароў “К”). Наш суразмоўца Аляксандр Палякоў сутыкаецца з усімі вышэй пералічанымі варыянтамі:

— Мая норма як саліста вышэйшай катэгорыі — восем канцэртаў на квартал. Насамрэч, атрымліваецца нашмат больш. Бо акрамя канцэртна-гастрольнага аддзела нашай філармоніі запрашаюць і самі вобласці, і навучальныя ўстановы. Як на маю практыку, дык лепш за ўсё праца наладжана ў Гомельскай абласной філармоніі. Дзякуючы ёй, напрыклад, у Светлагорску на базе дзіцячай школы мастацтваў адкрыта гарадская канцэртная зала больш як на сотню месцаў. Добра супрацоўнічаць з Брэстчынай. У Пінску канцэртную залу адкрылі ў касцёле Карла Барамея, будынак якога з’яўляецца помнікам архітэктуры ХVIII стагоддзя і нядаўна спазнаў капітальны рамонт. А вось тая ж Віцебская філармонія мае адрамантаваную залу, добры раяль, праводзіць Міжнародны музычны фестываль імя Івана Салярцінскага. Але па-за яго рамкамі, як на мой уласны погляд, хацелася б больш намаганняў, каб сабраць публіку на якісьці беларускі канцэрт. У свой час, памятаю, адмянілі ў Віцебску канцэрт Андрэя Паначэўнага — выпускніка нашай Акадэміі музыкі па класе Юрыя Гільдзюка, лаўрэата конкурсу Чайкоўскага ў Маскве, які апошнім часам жыве і працуе ў ЗША. Ягоны канцэрт у Мінску меў поўны аншлаг, ды яшчэ і не ўсе змаглі патрапіць, а ў Віцебску — маўляў, “не карыстаецца попытам”. Пачаў апытваць знаёмых музыкантаў — ніхто і не ведаў, што ён павінен быў прыехаць…

Ну а Гродзенская філармонія (там ніяк рамонт не скончыцца) і Магілёўская — увогуле, здаецца, музычнай класікай асабліва не цікавяцца, робячы план за кошт эстрады. Таму ў гэтых рэгіёнах мы звычайна дамаўляемся наўпрост з музычнымі каледжамі. І яны, між іншым, арганізацыяй канцэртаў займаюцца выдатна! Прычым цікава, што прыходзяць туды не толькі навучэнцы, але і звычайная гарадская публіка. Таму байкі наконт таго, што ва ўсім горадзе, маўляў, ніхто класікай не цікавіцца, — проста мана. Дый у Наваполацкі каледж прыязджаем — захапленне сярод публікі, дый толькі! Тое ж самае — з музычнымі школамі. Ёсць клапатлівы гаспадар — усё дагледжана, інструменты — у добрым стане. У той жа Маларыце на Брэстчыне ці ў Навагрудку на Гродзеншчыне я б людзей у школу як на выстаўку вадзіў! Дый у Стоўбцах: прыязджаеш, і штораз нейкія прыемныя сюрпрызы, штосьці новае з’яўляецца. Спрыяе гэтаму і Адкрыты абласны конкурс “Сымон-музыка”, што там праводзіцца.

Сапраўды, фестывальна-конкурсны рух здольны ўдыхнуць новы мастацкі струмень у культурнае жыццё любога рэгіёна, нават маленькага мястэчка. Не варта чакаць, што гэта зробіць хтосьці іншы — тое ж Міністэрства культуры. Сёння, як ніколі, усё залежыць ад усіх і кожнага. Будзе ініцыятыва — яе хутчэй за ўсё падтрымаюць. Толькі не трэба песімізму: маўляў, гэтыя праявы актыўнасці нікому не патрэбныя. Бо калі іх не будзе, дык не з’явіцца і шансу іх падтрымаць. Вось тады ўжо — апрыёры нічога не будзе. А пакуль ёсць хоць нейкая магчымасць, яе трэба выкарыстоўваць. Як паказвае практыка, гэта спрацоўвае.

— У Клецку, — працягвае Аляксандр Палякоў, — у тамтэйшай дзіцячай школе мастацтваў па ініцыятыве музычнай сям’і Вінэлей праводзіцца Адкрыты фестываль-конкурс фартэпіяннай музыкі “Музычныя іскрынкі”. На маёй роднай Аршаншчыне, у горадзе Барань, што ў пяці кіламетрах ад Оршы, дырэктар Дзіцячай школы мастацтваў № 3 Людміла Каровіна арганізавала “Музычны капеж”. Там ёсць уласна фестывальная праграма, каб дзеці адчулі саму радасць творчасці, пайгралі не на звыклым піяніна, а на раялі. Для многіх гэта ўпершыню, і яны едуць туды менавіта па гэта! Сярод больш падрыхтаваных праводзіцца конкурс. Ёсць і дадатковая культурная праграма. Аднойчы, да прыкладу, дзецям была прадастаўлена Лядовая арэна, каб яны маглі там пакатацца на каньках.

Дадамо, што падобныя святы могуць быць прысвечаны дзеячам культуры, папулярызуючы іх імёны і творчасць. У Дзяржынскай дзіцячай школе мастацтваў праводзіўся конкурс, усе ўдзельнікі якога павінны былі ўключыць у сваю праграму музыку Рыгора Суруса — у якасці абавязковага твора. Старшынёй журы быў сам кампазітар, які ацэньваў майстэрства юных прыхільнікаў. Калі яму патэлефанавалі і запрасілі ў школу, ён быў здзіўлены і расчулены. Не трэба даводзіць, што такія сустрэчы могуць быць карыснымі для абодвух бакоў: дзеці натхняюцца прысутнасцю аўтара, а той, у сваю чаргу, — адчуваннем запатрабаванасці сваёй творчасці. І зусім не абавязкова канцэнтраваць падобныя святы адно ў сталіцы — наадварот! Бо кожны рэгіён можа пахваліцца сваімі славутасцямі, узгадаць сваю гісторыю, захоўваючы памяць пра тых, хто складаў і складае гонар роднага краю.

Так, пяць гадоў таму ў Ракаве дырэктар школы мастацтваў Юлія Мякінка правяла фестываль імя Міхала Грушвіцкага — тамтэйшага музыканта і кампазітара канца ХІХ стагоддзя.

— Праз год, — узгадвае Аляксандр Палякоў, — мы з новым дырэктарам Маратам Лагуткам, які замяняў Юлію на час дэкрэтнага адпачынку, “змадулявалі” фестываль у конкурс: напрыканцы красавіка ён пройдзе ў пяты раз, адзначыўшы свой першы маленькі юбілей. Дарэчы, за гэтыя гады конкурсная праграма значна пашырылася, у ёй удзельнічаюць навучэнцы не толькі пачатковага звяна, але і сярэдняга, першых трох курсаў музычных каледжаў. Зразумела, дапамагае Валожынскі райвыканкам. Спрыяе і тое, што школа атрымала адноўлены будынак — зручны, утульны, прыгожы. Знайшоўся і спонсар, на сродкі якога прыдбалі раяль. Чым не прыклад для пераймання?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"