Скажам, Дар’я Юркевіч, чый фільм “Баба, Ваня і каза” атрымаў дыплом на “Лістападзе-2014”, гэтым разам прадставіла на конкурс дакументальную стужку “Пасха Хрыстова”. Некалькі гадоў Дар’я са сваёй камандай здымала святкаванне Вялікадня на ўскрайку Мінску: невялічкі драўляны храм у атачэнні новабудаў, мясцовыя жыхары прыходзяць асвяціць ежу. Трынаццаціхвілінная карціна-эсэ, у якой усё дзеянне адыбваецца на пятачку ля храма, — але прыкметы трансфармацыі постсавецкага грамадства навідавоку. Неабавязковы шпацыр ператвараецца ў трапнае назіранне.
Сяргей Каласоўскі і яго дакументальная карціна “Шэпты і крыкі Тані Б.”. У фокусе ўвагі — ваганні і каштоўнасці новага пакалення, іх памылкі (учынкі?) і памкненні. Іх рэаліі. На прыкладзе лёсу “адчайнай тусоўшчыцы” Таццяны, што спалучае ролю маці і танцоўшчыцы, вымушанай зарабляць на хлеб.
“Госці” Андрэя Куцілы — і моцная “праблемная карэспандэнцыя”, якая ўрэшце адрасуе пытанні не толькі да дзяржаўных інстытуцый, а ўвогуле да сучаснага грамадства Беларусі, не чулага да спагады. Брат Луіджы па ўласнай ініцыятыве стварыў прытулак для бяздомных, але ў гаспадарцы, дзе жывуць хворыя і беспрытульныя, няма адпаведнага статусу — улады ніяк не здолеюць вызначыцца, як ставіцца да гэтай ініцыятывы. У выніку падобнага становішча падапечныя брата Луіджы — усяго толькі госці ў гаспадара.
“Але хто мы ўсе на гэтым свеце, як не госці?” — фільм Андрэя Куцілы задае пытанне нібыта ў абарону героя, які сам некалі, яшчэ ў “тым жыцці”, з’яўляючыся медыкам, выкідваў з “хуткай” такіх небаракаў, але ў той жа час — звяртаючыся да кожнага з нас. Ці маем права мы асуджаць гэтых людзей? Дзе палягае мяжа міласэрнасці? Хто ў праве яе вызначаць? І ці ёсць у нас права замінаць тым, хто мае веру і сілы апекаваць бедных і хворых? Перад намі моцная праца кінематаграфіста з асабістым пасылам і аргументаванай крытыкай, да якой складана не прыслухацца.
Усё гэта развагі і пошукі тых кінематаграфістаў, якія вымушаны самі знаходзіць сродкі на свае карціны. І тэмы тут — зусім не лёгкія, як і пасланні, разлічаныя на самага рознага гледача.
Хто ж гэтыя людзі, што робяць сучаснае маладое кіно? Большасць з іх — выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, але ёсць і адмыслоўцы з іншай адукацыяй: псіхолагі, эканамісты, менеджары, матыматыкі… Да прыкладу, Іван Маслюкоў, чыя ігравая стужка “Фартуна” была прадстаўлена на конкурсе, з’яўляецца стваральнікам культавай сталічнай квэст-гульні пачатку 2000-х — “Схватка”. Прычым, у Івана гэта далёка не першая карціна, а ўжо чацвёртая. Рэжысёр зусім не лічыць кіно нейкай забаўкай, а ставіцца да справы з поўнай аддачай. Бюджэт “Фартуны” — каля 2 тысяч долараў. “За час працы ў кіно давялося асвойваць усе спецыяльнасці адразу”, — прызнаецца ён. Акцёры здымаліся за ўмоўнае ўзнагароджанне, уся каманда працавала “без грошай і гарантый”. Падобны энтузіязм і схема — амаль у кожнага другога, хто ўдзельнічае ў конкурсе. І пляцоўка “Лістапада” становіцца ці не адзінай, дзе маладым кінематаграфістам можна паказаць плён сваіх высілкаў.
У Сяргея Каласоўскага ў конкурсе заяўлены дзве работы — вышэйзгаданы дакументальны фільм “Шэпты і крыкі Тані Б.” і кароткаметражная ігравая стужка “Пугач”. І — знаёмая гісторыя. Гэтаксама асабістыя ўкладанні ў памеры каля дзвюх тысяч “умоўных адзінак” у “кароткаметражку”, доўгі кастынг на ролі галоўных герояў — хлопчыкаў (чытай — значная праца з дзецьмі), і вынік — дванаццаціхвілінная карціна, якая ўжо мае ўдалы фестывальны лёс, пабываўшы ў ЗША, Паўднёвай Карэі і Расіі.
Выпускнік Акадэміі мастацтваў Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў. Міця зарабіў на стужку, падпрацоўваючы падчас сваёй далейшай вучобы ва ВГИКе. У яго, бадай, самы вялікі бюджэт з незалежных кінематаграфістаў — набліжаецца да 7 тысяч “умоўных”. “Нават машыну набыў, каб спаліць у кадры, — прызнаецца рэжысёр. — Але гэтай “ахвяры” не спатрэбілася. Калі здымаеш — у працэсе і вучышся”. Малады кінематаграфіст рэзюмуе: “Ніхто не абяцаў, што будзе лёгка, таму падтрымліваеш сябе як можаш”.
Вось так — як можаш, з тымі, хто падзяляе твой энтузіязм, аб’ядноўваючы сумесныя рэсурсы ды высілкі, і выходзіць на сцэну новае пакаленне рэжысёраў. І пры гэтым фільмы, што патрапілі ў Нацыянальны конкурс “Лістапада”, язык ніяк не паварочваецца назваць дылетанцкімі. Імпэт, драйв, пасыл, свежае мысленне — усё гэта яны ўтрымліваюць. І натхняюць, нягледзячы, часам, на пэўныя недахопы, зацягнутасці і “шарахаватасці”.
І самае цікавае, што падобная расстаноўка сіл — адсутнасць бюджэтаў і рэсурсаў — можа ўспрымацца як дадзенасць, пачатак, поле для эксперыменту. Такі падыход, прынамсі, дэманструе Мікіта Лаўрэцкі — малады кінематаграфіст з матэматычнай адукацыяй, які робіць карціны зусім без бюджэтаў. Фотаапараты, мабільныя тэлефоны, web-камеры, дыктафоны ў якасці неабходнага абсталявання. Сябры — у якасці акцёраў. Усё амаль як у яго калег, але з мінімальнымі “прэтэнзіямі” ў тэхнічным плане. Але ў творчым…
У творчым — ёсць і стыль, і эстэтычны кодэкс. Мы, па сутнасці, дачакаліся беларускага “мамблкора” — паджанру незалежнага кінематографа, якому ўласцівы нізкі бюджэт і ўдзел акцёраў-аматараў. Але сэнс у тым, што свае “недахопы” “мамблкор” можа ператварыць у вартасці. І ў выпадку работ Мікіты Лаўрэцкага так акурат і адбываецца.
Можна, да прыкладу, адсякаючы працу аператара, зрабіць фільм у Інтэрнэце. Адна са стужак рэжысёра — карціна “Паэзія” (“Poetry”) — створана выключна з дапамогай і ў Сусветным павуцінне. Акцёраў Мікіта знайшоў таксама праз Сеціва; у фільме — дыялогі герояў адбываюцца праз відэасувязь, ёсць здымкі на тэлефон, усё цалкам даступна, але ў выніку — “дзіўная нарэзка” складваецца ў цалкам адчувальную гісторыю, якая ўзнікае з ніадкуль і сыходзіць у нікуды. Як нашы пачуцці. Як паэзія. Прычым рэжысёр не абапіраецца на падобны фармат прынцыпова — як на экперымент дзеля экперыменту: гэта форма нарадзілася з гісторыі, сцэнарыя — і атрымалася для яе ўвасаблення найарганічнай.
Што да галоўнага “хіта” Лаўрэцкага — стужкі “Беларускі псіхапат”, — гэта ўвогуле “мамблкор” з элементамі саспенсу, амаль што “мамблгор”, які абяцае далучанасць да “жахаў” і крывавай развязкі. Але тутэйшы “…Псіхапат” аказваецца камедыйнай гісторыяй пра гэткага разумніка, які ніяк не можа наладзіць стасункі з дзяўчатамі. Пры гэтым — саспенсу ў карціне хапае, таксама як і гумару. Дасціпныя дыялогі, свядомая гульня з чаканнямі гледача, смелая рэжысура — і ў выніку фільм за 400 тысяч беларускіх рублёў аказваецца цікавейшым за высокабюджэтныя эпасы. Гэта кіно, у якім заўважная “нагледжанасць” рэжысёра, яго свядомы выбар — калі адмаляўюцца ад чагосьці, каб набыць у іншым. Магчыма, для пэўнай часткі публікі вопыты Лаўрэцкага пададуцца занадта складанымі ці непрывабнымі — карцінка нізкай якасці, няясны гук, але гэта кіно, якое не аглядваецца на штампы і “патрабаванні”, нараджаючыся “тут і зараз”, з таго, што ёсць. Жывое, непрычасанае, дзіўнае, але таму і прыцягальнае.
Што ж маем у выніку? Вялікі запал энтузіязму пакалення, якому карціць здымаць кіно. Няхай вас не ўвядуць у зман бюджэты — гэта кіно, якое дыхае, расце і здольнае прывабіць гледача.
Нават беларускія “эмігранты”, чые работы таксама былі прадстаўлены ў конкурсе, дэманструюць тонус і той самы імпэт “новай хвалі”. Пра што здымаюць? Ды гэтаксама пра тое, што перажываецца, аб чым думаецца і куды вядзе фантазія, у тым ліку. Выпускніца БДАМ Таццяна Гаўрыльчык, да прыкладу, зрабіла дакументальную стужку пра жыццё сляпых дзетак, што вучацца ў спецыялізаванай школе ў Венгрыі. (Таццяна скончыла магістратуру міжнароднай праграмы DocNomands у Будапешце). Рэжысёр-аніматар Генадзь Буто, які працуе ў Санкт-Пецярбурзе, у сваёй рабоце “Яно”, спалучыўшы надзённасць і жанравасць, стварыў, па сутнасці, амаль хічкокаўскую саспенс-анімацыю пра залежнасць чалавека ад любых страсцей, у тым ліку, наркатычных. Нагадаўшы па рытме, атмасферы карціны творы Эдгара По і Говарада Лаўкрафта. А мінчанка Дар’я Жук, якая скончыла Калумбійскі ўніверсітэт у ЗША, выдала яскравую кароткаметражку пра адчуванне эмігранта ў іншым культурным асяроддзі — фільм "Сапраўдная амерыканка". Прычым не поўную тугі і адчаю, як часам прынята, а выкліку і здаровай іроніі, стварыўшы вобраз эмігранта, здольнага пастаяць за сябе.
Усе гэтыя прыклады пацвярджаюць галоўны кірунак — у бок вольнага самавыяўлення і шчырай творчасці, які ўжо дае свой плён. Не буду нагадваць пра тое, што работы многіх маладых кінематаграфістаў ужо заяўлены на міжнародных фестывалях. І гэты рух — удача і надзея для беларускага кінематографа. Шукаць таленты не трэба, яны ёсць, — гэта і паказаў “Лістапад”. Але ці скарыстаецца тым творчым патэнцыялам дзяржава? Ці будуць задзейнічаны гэтыя таленты? Ці створацца спрыяльныя ўмовы для іх творчасці, альбо праз пэўны час мы зноў будзем шукаць хаця б “рака на бязрыб’і”, каб назваць яго беларускім кіно? Усе гэтыя пытанні пакуль не маюць адказаў.
...Дарэчы, Музей гісторыі беларускага кіно з 1 снежня пачынае праграму "Лістапад. Беларуская калекцыя", у рамках якой пакажуць фільмы Нацыянальнага конкурсу.