Дваццатая прэм’ера

№ 46 (1224) 14.11.2015 - 20.11.2015 г

У якім бы РДК не працавала Валянціна ГАЎРЫЛАВА, заўжды была рэжысёрам самадзейнага тэатра. Пачынала ў Ветцы, цяпер — у Мастах. Агульны стаж — без малога сорак гадоў. Кухню раённай аматарскай сцэны ведае да драбніц. Давайце ж высветлім, як і якія стравы на ёй гатуюцца.

/i/content/pi/cult/560/12276/6-3.jpg

Рэпетыцыя дваццатага спектакля народнага тэатра з Мастоў.

— Чаму самадзейны тэатр заўжды малады?

— Таму, што дапамагае жыць, радавацца, спачуваць… Іншым разам нават конкурс даводзіцца арганізоўваць сярод ахвотных папоўніць нашу трупу. І маладых — заўжды шмат. Значыць, ёсць штосьці ў тым, калі ты выходзіш на сцэну РДК і спрабуеш данесці да гледача свае эмоцыі, сваё стаўленне да сённяшняга жыцця. І яно на сцэне нібы падвойваецца. Я, напрыклад, сябе без тэатра ўжо не ўяўляю. І няхай нашым артыстам не стае часам майстэрства. Гэты недахоп кампенсуецца шчырасцю ігры. Кожны з нас у душы — артыст…

— Спектакль пачынаецца з...

— З выбару п’есы. Чытаю яе і ўжо бачу, каго буду браць на тую ці іншую ролю. Здаралася так, што да будучага кандыдата нават на вуліцы падыходзіла, бо сустракаўся менавіта той тыпаж, што і патрабаваўся для чарговага спектакля. І не было выпадку, каб хтосьці адмовіўся, нават той, хто пра тэатр не надта ведаў. Прынамсі, імкнуся зацікавіць, заінтрыгаваць патэнцыйных артыстаў, каб прыйшлі і паспрабавалі сябе. Пакуль атрымліваецца.

— Многія застаюцца?

— Многія. У гэтым — магія народнага тэатра.

— Які падбіраеце рэпертуар? Што ў гэтым плане патрэбна раённаму цэнтру?

— Патрэбны камедыі. Жыццё і без таго жорсткае ды часам шэрае, шмат няшчасных лёсаў. Так і смяяцца можна развучыцца. Таму п’еса павінна быць вясёлай, пазітыўнай, жыццесцвярджальнай.

— На якасную драматургію, ды яшчэ на беларускай мове, — заўжды дэфіцыт. Самі ці калектыўна спрабавалі пісаць п’есы?

— Не. Гэта ўжо было б прафанацыяй. Канешне, драматургічнага матэрыялу на беларускай мове малавата. Але дэбют наш адбыўся падчас пастаноўкі “Не пакідай мяне” паводле п’есы Аляксея Дударава. На абласным фестывалі “Лідскія тэатральныя сустрэчы” занялі тады першае месца. Цяпер гэта — ці не традыцыя для нашага тэатра.

— 20 лістапада ў вас адбудзецца дваццатая прэм’ера...

— “Шыкоўнае вяселле” Робіна Хоўдана — вельмі вясёлая дзвюхактоўка. Занята ў ёй шмат моладзі.

— Аншлаг — гарантаваны?

— У нас аншлагі пастаянныя. Трэба ведаць спецыфіку раённага жыцця: у невялічкім гарадку амаль кожны — ці знаёмы, ці сваяк. Усім цікава, а як на сцэне сыграе, скажам, дачка суседкі або пляменнік швагера. У прэм’ерным спектаклі, да прыкладу, задзейнічана дзяўчына з “Мастыдрэва”. Так што на прэм’еры трэба ўсю фабрыку чакаць. Дый надакучылі ўжо тэлевізары з пастаяннай “чарнухай”. А мы гарантуем толькі добры настрой. Білет, дарэчы каштуе 50 тысяч.

— Хапае на сцэнаграфію ды касцюмы?

— Не. Але выкручваемся, як і ўсе калегі-самадзейнікі па рэспубліцы.

— Калектыў мае званне “народны”?

— Пачынала я з драмгуртка, з купалаўскіх “Прымакоў”. А ў 1995 годзе выраслі ўжо да народнага тэатра.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"