Надзённасць тэмы “Прыватны дом у беларускім стылі” вызначаецца некалькімі акалічнасцямі. Найперш, пераадоленнем нашым грамадствам за гады незалежнасці побытавых стэрэатыпаў, што засталіся ў спадчыну ад прымусовага калектывізму савецкай эпохі і, адпаведна, наяўнасцю арыентацыі на іншыя, больш высокія стандарты жыцця. Разам з тым, і заходні побытавы шырспажыў, які, быў час, захіснуў краіну ў 1990-я, колішняга захаплення ў нас ужо не выклікае і хутчэй атаясамліваецца са зневажальна-паблажлівым вызначэннем “сэканд хэнд”. З гэтага вынікае актуальнасць вызначэння беларускай тоеснасці на ўсіх узроўнях, уключна з прыватным. Беларус ганарыцца сваёй краінай і не хоча, каб яго блыталі з суседзямі. А ўласны дом — гэта якраз тая прастора, дзе ён можа максімальна рэалізавацца як асоба, у тым ліку — візуалізаваць сваю нацыянальнасць.
Праекты, што прадстаўлены на конкурс, уяўляюць з сябе розныя версіі прэзентацыі беларускасці ў побытавым фармаце. Скажам, ёсць прапанова пабудаваць дом, каб у плане ён нагадваў сегмент беларускага арнамента. Іншы аўтар лічыць вартым ператварыць жытло ў нейкае падабенства мемарыяльна-музейнай прасторы, дзе, да прыкладу, мэбля была б аздоблена партрэтамі Купалы і Коласа, а керамічная плітка імітавала б пласт карыснага выкапня беларускай зямлі — калійнай солі. Знайшлося б у гэтай прасторы месца яшчэ і Ефрасінні Полацкай, Францыску Скарыну і Дар’і Домрачавай. Нейкім чынам, паводле аўтарскай задумы, адаптавацца да такой мадэлі побыту можа і Язэп Драздовіч са сваім зорнымі фантазіямі. Мне цяжка зразумець, наколькі згаданыя прапановы сур’ёзныя. Мо гэта проста дэкларатыўны сцёб…
Ёсць праекты, так бы мовіць, з футурыстычным ухілам. Такія, як дом у выглядзе ці то яйка, ці то бульбы. Прагматычныя ж аўтары прапаноўваюць не замарочвацца і проста прыстасоўваць пад жытло традыцыйныя гаспадарчыя пабудовы (канкрэтна, млыны) альбо аздабляць інтэр’еры беларускімі дыванкамі, саламянымі павукамі і лялькамі ў нацыянальных строях. Іншыя раяць скарыстоўваць арнамент не толькі ў інтэр’еры, але і ў вонкавай аздобе пабудоў, а таксама і прылеглага ўчастка. Ёсць праекты, прыцягнутыя да “беларускага стылю”, што называецца, за вушы, але пры гэтым яны адпавядаюць нашаму клімату, ландшафту і будаўнічым традыцыям. Менавіта яны падаліся мне якраз найбольш цікавымі. І вось чаму…
У выхадныя дні па адным з расійскіх тэлеканалаў ідзе перадача пра тое, як адмысловая брыгада будаўнікоў пад кіраўніцтвам дызайнера-праекціроўшчыка перарабляе нармалёвы вясковы дом дзесьці ў сярэдняй паласе Расіі пад каліфарнійскае бунгала ці міжземнаморскую вілу. Гаспадары, калі бачаць вынік, крычаць “Ваў!!!” і пляскаюць у далоні… А між тым, на іхніх вачах і вачах тэлегледачоў адбываецца гвалт над ландшафтам і “наезд” на нацыянальную ментальнасць.
На маю думку, няма патрэбы прыдумляць нейкі беларускі стыль. Кажуць, што стыль не варта лічыць вяршыняй развіцця формы. Стыль — гэта закасцянеласць, параліч формы. Форма ж жывая і прывабная, пакуль яна яшчэ “бясформенная”. Думка гэта належыць не мне, мне яна проста падабаецца. Таму мне хацелася б бачыць у “беларускім доме” не кангламерат чыннікаў “стылю”, а ўвасабленне канструктыўнай ідэі з багатым патэнцыялам развіцця. Здолеў жа Ле Карбюзье сто гадоў таму распрацаваць прынцыпы, на якіх сусветная архітэктура і горадабудаўніцтва стаіць (і па якіх развіваецца) дагэтуль…
За стагоддзі цывілізацыі на нашай зямлі склаўся тып прыватнага жытла, дзе зімой цёпла, летам — прахалода, а рацыянальная планіроўка пры адносна невялікай плошчы дазваляе даволі камфортна размясціць у ім немалую колькасць людзей. Найлепшым чынам ён увасоблены ў архітэктуры шляхецкіх сядзіб. Зразумела, за савецкім часам культуру прыватнага жытла мы ў значнай ступені згубілі. Але, на шчасце, выдатныя ўзоры захаваліся. Так што адштурхоўвацца ёсць ад чаго.
Нават у тых праектах, што падаліся мне цікавымі, бракуе прывязкі да рэчаіснасці. Беларусь — краіна ўрбанізаваная, вольнай прасторы тут няшмат. У які бок ні глянь — паўсюль знакі цывілізацыі. А дамы на праектах, што ў Сеціве, стаяць нібыта пасярод шырокага стэпу ці на беразе празрыстага возера пасярод некранутага ляснога масіву. А рэальна гэта мусяць быць соткі ў катэджным пасёлку побач з шашой...
І, бадай, галоўнае. Я не пабачыў у праектах перспектывы развіцця. Дом пабудаваны правільна, калі ў яго закладзены патэнцыял аднаўлення. Калі кожнае новае пакаленне трансфармуе дом пад новыя патрэбы, а ён пры гэтым не губляе ні вонкавай прыжосці, ні канструктыўнай дасканаласці. Такіх праектаў “з перспектывай” я тут не пабачыў. Можа да канцэптуальных праектаў (у прыватнасці, у сферы жытла) наша архітэктура яшчэ не дарасла?