Музей з прасамі

№ 43 (1221) 24.10.2015 - 30.10.2015 г

Ці можа лічыцца праектам стварэнне раённага краязнаўчага музея? Як на мой погляд, дык можа. Справа ўся ў тым, што зрабіць сёння музей, што называецца, “з нуля” — з новай экспазіцыяй, з унікальнымі экспанатамі, здольнымі зацікавіць любога, самага патрабавальнага наведвальніка, — пагадзіцеся, вельмі цяжка. Але ў гарпасёлку Глуск Магілёўскай вобласці цяжкасцей не збаяліся.

/i/content/pi/cult/557/12203/7-1.jpgНе сакрэт, што музей — гэта візітная картка для любога, нават самага малога, горада ці гарадскога пасёлка. Але ў Глуску сваёй раённай музейнай установы, на жаль, да апошняга часу не было. Толькі ў 2011 годзе ў будынку былой крамы распачаў сваю дзейнасць мясцовы Раённы краязнаўчы музей. Праўда, да 2013 года ў музейным будынку працавала адно толькі выставачная зала, дзе дэманстраваліся карціны мясцовых і заезджых мастакоў. Афармленне ж пастаяннай экспазіцыі расцягнулася на два гады: пад праектна-рамонтныя работы было выдаткавана каля 800 мільёнаў рублёў.

Грошы — грашыма, але збор экспанатаў для музея — таксама справа нялёгкая. Дырэктару ўстановы культуры Людміле Новік давялося не толькі дамаўляцца пра набыццё новых вітрын і стэлажоў, пільна сачыць за працай будаўнікоў, маляроў ды тынкоўшчыкаў, але і звяртацца з просьбай да ўсіх неабыякавых жыхароў Глуска і Глускага раёна паспрыяць у зборы матэрыялаў для музейных фондаў.

І зварот праз мясцовую газету ў 2012 годзе даў свой плён: дзясяткі людзей прыносілі ў музей старыя прылады сялянскай працы, сямейныя фотаздымкі, дакументы часоў Вялікай Айчыннай вайны і многае іншае. Найбольш каштоўныя экспанаты былі набыты за кошт бюджэтнага фінансавання.

— А аднойчы я прыйшла на працу раніцай, гляджу — на ганку ляжыць прэс для разгладжвання стружкі з асіны, якім карысталіся ў Глуску гадоў сто таму, — распавядае Людміла Новік. — Вось так, нават з дапамогай незнаёмцаў, папаўнялася нашам музейная калекцыя.

Сёння тут сапраўды ёсць на што паглядзець. Найбольш цікавыя, як на мой погляд, экспанаты — гэта артэфакты, знойдзеныя пры раскопках Глускага замка, калекцыя рэпрадукцый фотаздымкаў Ісака Сербава пачатку XX стагоддзя ды прылады працы ды станкі па вырабе драўлянай стружкі, якімі карысталіся мясцовыя рамеснікі.

А з нядаўняга часу пастаянная экспазіцыя Глускага раённага краязнаўчага музея папоўнілася цікавай калекцыяй прасаў. Супрацоўнікі музея набылі яе на пачатку года ў брэсцкага калекцыянера прыкладна за 40 мільёнаў рублёў. Грошы на набыццё ўнікальных прадметаў былі атрыманы паводле Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”.

У калекцыі з 12 прадметаў можа зацікавіць спіртавы асобнік, а таксама прас, які награваецца з дапамогай дадатковай чыгуннай плашкі. Ёсць цяжкі, падобны на невялікую печку, вугальны прас (з пеўнікам на вечку) і маленькі манжэтны, які з лёгкасцю змяшчаецца на далоні. Акрамя таго, калекцыя папоўнілася і падстаўкамі пад іх розных форм і памераў. Па словах Людмілы Новік, гэтыя старадаўнія прасы выкарыстоўваюцца пад час правядзення музейных педагагічных заняткаў.

У планах дырэктара — набыццё ячшэ аднаго старадаўняга парнага праса ды некалькі іншых унікальных рэчаў: антыкварнай вітрыны ў стылі ракако, а таксама калекцыі старадаўняга фарфору. Балазе паводле Дзяржпраграмы “Культура Беларусі” сёлета ўстанове культуры на папаўненне музейных фондаў выдаткавана 73 мільёны рублёў. Так што жыццё новага праекта пад назвай “Глускі раённы краязнаўчы музей” працягваецца…

Мінск — Глуск — Мінск

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"