У маёнтку Міхала Клефаса Агінскага на Смаргоншчыне з’явілася музейная экспазіцыя. У Жамыслаўлі (Іўеўскі раён) палац Умястоўскіх урэшце выстаўлены на продаж: вельмі важная справа зрушылася з мёртвай кропкі. Для аднаўлення Любчанскага замка на Навагрудчыне дзяржаўныя грошы не выдаткоўваюцца. Тым не менш, мы актыўна працуем з мясцовым фондам па рэалізацыі дадзенага праекта. І работы там, нягледзячы на неспрыяльны ў эканоміцы час, таксама не спыняюцца.
Паўтаруся, дадзены вектар развіцця абласной культуры — прыярытэтны. З ім звязаны наўпрост і творчыя высілкі раённых аддзелаў. І хачу падкрэсліць, што актыўнасць тут — надзвычайная. Мяркуйце самі, на сённяшні дзень каля трынаццаці трансгранічных праектў знаходзяцца ў працы. Задача найбліжэйшага часу — наладзіць трансгранічнае супрацоўніцтва ў кожным раёне Гродзеншчыны. “Беспраектных” раёнаў засталося няшмат. Неабходна вучыцца быць адносна незалежнымі ў фінансавым плане. Урэшце, гэта таксама адзін з відаў творчасці.
І менавіта ў выніку такога творчага падыходу і цесных стасункаў з польскімі Сувалкамі ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Яўхіма Карскага рэалізаваны праект на суму ледзь не ў паўмільёна еўра. Так што ў лістападзе ў названай установе адкрыецца Інтэрактыўны цэнтр па творчай і ўсебаковай самарэалізацыі чытачоў. Аналагаў такому новаўтварэнню ў Беларусі пакуль няма… Будзем і надалей працаваць у кірунку эфектыўнай праектнай дзейнасці.