Яўген Рагін:
— З будынка ў Іванаве, дзе працуе школа бандарства, знікла адпаведная шыльда. У чым тут прычына?
Валянціна Барадзінчык:
— У тым што школа набыла статус юрыдычнай асобы. Цяпер яна называецца дзяржаўнай установай адукацыі “Іванаўская школа дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва”. Па сутнасці, змянілася толькі шыльда. Тут навучаецца семдзесят чалавек з пятага па адзінаццаты класы. Дзейнічае падрыхтоўчае аддзяленне. Навучальная праграма цудоўнага бондара Васіля Іосіфавіча Голіка цягам адзінаццаці гадоў існавання школы пэўным чынам удасканалена. З гэтага года ў школе існуе і клас дзяўчынак (у бондары, як вядома, ідуць збольшага хлопцы), якія з задавальненнем займаюцца роспісам па дрэве.
Яўген Рагін:
— Пры наяўнасці такой славутай школы бондарства патрэба ў РДР адпадае?
Валянціна Барадзінчык:
— Ды не, канешне. Ён у нас ёсць і як клубнае фарміраванне дзейнічае пры Опальскім СДК. Тут тры класы — вышыўкі, ігры на гармоніку і ткацтва. Больш за тое, у шэрагу сельскіх клубаў тых вёсак, дзе няма ўжо дзяцей і моладзі, мяркуем утварыць у выніку аптымізацыі цэнтры рамёстваў.
Яўген Рагін:
— У гэтым, напэўна, ёсць сэнс. Для сталых — дамы і цэнтры рамёстваў, для дзятвы — школы традыцыйнага мастацтва… Але мы шмат кажам пра тое, каб развіваць нашы рамёствы і на ўзроўні звычайных агульнаадукацыйных школ.
Наталля Юнчыц:
— У нас азы ткацкага мастацтва выкладаюцца ў дзіцячых садках. Прынамсі, так было калісьці, не ведаю, як цяпер. Такія навыкі не толькі ўвагу развіваюць, але і свядомасць. І калі ў сённяшніх навучальных праграмах працоўнага навучання ёсць месца народнай творчасці, дык трэба яе вывучаць і асвойваць менавіта на ўзорах мясцовага традыцыйнага мастацтва.
Яўген Рагін:
— Добра ведаю, колькі давялося пахадзіць па інстанцыях колішняму начальніку былога аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Уладзіміру Шэляговічу, каб у райцэнтры ўзнікла школа бондарства… Колькі было ў яе выпускаў?
Валянціна Барадзінчык:
— Адзінаццаць. Гэта 219 выпускнікоў. Трыццаць працэнтаў з іх паступілі на льготных умовах у профільныя навучальныя ўстановы. І амаль штогод хтосьці ды вяртаецца на працу ў аддзел.
Яўген Рагін:
— Час казаць пра гарантаваную кузню кадраў?
Валянціна Барадзінчык:
— Мы робім для гэтага ўсё. Не нарадуюся, напрыклад, на Алега Балука, Кацярыну Мазько, Дзмітрыя Казлоўскага, якія калісьці былі вучнямі бондарскай школы, а цяпер сталі яе настаўнікамі. Гэта дзякуючы Каці Мазько мы адкрылі сёлета клас для дзяўчынак.
Яўген Рагін:
— Рамяство вы захавалі. Самы момант задумацца пра пашырэнне промыслу.
Валянціна Барадзінчык:
— План свой школа выконвае. На сёння нашы бондары (вучні разам з настаўнікамі) зарабілі ўжо больш за восем мільёнаў рублёў. Дробны інструмент для школы закупляюць менавіта за пазабюджэтныя сродкі. А паколькі вырабы — якасныя і маюць пастаянны попыт у спажыўца, дык і спонсары ў нас з’яўляюцца. Прынамсі, колішніх праблем з набыццём драўніны няма.
Яўген Рагін:
— Мяне ўжо шмат разоў абвінавачвалі ў ледзь не дзіцячым ідэалізме, але вельмі хочацца памарыць, што і ў сельскія цэнтры рамёстваў будуць наладжвацца ў перспектыве экскурсіі зацікаўленых дзяцей, прынамсі, з райцэнтра. Глядзіш, прыток неардынарных кадраў ва ўстановы і павялічыцца.
Валянціна Барадзінчык:
— Сапраўды, школа бондарства збірае вакол сябе вельмі магутныя кадры. Яе дырэктарам, да прыкладу, працуе Наталля Гацэвіч. Спецыяліст унікальны! Умее слухаць ды разумець не толькі драўніну, што адпавядае прафесіі, але і людзей… І ўвогуле, мы на сёння актывізуем прафарыентацыйную работу. Больш мэтавікаў рыхтуем. Балазе, ужо ёсць на што абапірацца.
Наталля Юнчыц:
— І гэта вельмі важны для нас усіх момант. Прафарыентацыя, на якую многія забыліся, пачынаецца з дзіцячага садка і агульнаадукацыйнай школы. Таму мы і пачалі гаворку аб працоўным навучанні з упорам на мясцовую народную творчасць. Калі няма такой скіраванасці ў навучальных планах агульнаадукацыйных школ, трэба выходзіць, па маім меркаванні, на Міністрэства адукацыі з прапановай, каб перагледезць ды ўдасканаліць тыя праграмы.
Яўген Рагін:
— Наталля Станіславаўна, вы задаволены колькасцю дзяцей, што наведваюць гурткі вашага Раённага дома рамёстваў.
Наталля Юнчыц:
— Не задаволена. Да нас у РДР таксама прыйшлі маладыя амбіцыйныя спецыялісты, перад якімі я паставіла да новага года задачу: звярнуць увагу на праектную дзейнасць установы такім чынам, каб максімальна зацікавіць ёю падлеткаў. Пабачым, якія гэта будуць праекты.
Яўген Рагін:
— Скажам, стварэнне школы ганчара, ткача… Цяжка, але хто сказаў, што невыканальна? Наколькі складана было стварыць у Горках Дзіцячую школу мастацтваў і мастацкіх рамёстваў і чым яна адрозніваецца ад звычайным ДШМ?
Іна Балаўнёва:
— Адрозніваецца тым, што дзеці вывучаюць старадаўнія рамёствы Магілёўшчыны: ганчарства, саломкапляценне і іншыя. Безумоўна, ствараць такую ўстанову было няпроста.
Яўген Рагін:
— Што замінала?
Іна Балаўнёва:
— Па-першае, трэба было падабраць майстроў — сапраўдных носьбітаў традыцыі. Па-другое, неабходна не толькі распрацаваць аўтарскія праграмы навучання, але і зацвердзіць іх на ўзроўні Міністэрства адукацыі. А гэта не зробіш за дзень.
Яўген Рагін:
— Дык што, у іншых раёнах Магілёўшчыны няма ўвогуле аналагічнай установы?
Іна Балаўнёва:
— Атрымліваецца так. І не з той прычыны, што не жадаюць. Жадаюць, і яшчэ як. Палохаюць хаджэнне па інстанцыях, шматлікія ўзгадненні па ліквідацыі ведамасных нестыковак. А іх, як вядома, хапае.
Святлана Каржук:
— Каб у раёне і РДК існаваў, і школа традыцыйных рамёстваў? Гэта, сапраўды, нязбыўны ідэал. У Іванаве яна ўзнікла толькі таму, што Уладзімір Васільевіч Шэляговіч здолеў прайсці праз пяць міністэрстваў і атрымаць, урэшце, згоду. А сам працэс навучання? Дзеці займаюцца пяць гадоў, штодня. А ў РДР асваенне рамяства — на ўзроўні хобі: можна хадзіць у гурток пастаянна, а можна і дзень-другі прапусціць. Так што рамесніцкая школа — гэта больш высокі ўзровень, на якім рыхтуецца сапраўдны майстар.
Яўген Рагін:
— Акрэсліце, калі ласка, перспектыву вашых РДР. Якімі вы іх бачыце гадоў праз дваццаць?
Святлана Каржук:
— А мэта іх дзейнасці не зменіцца! Адраджэнне і захаванне рамёстваў, знаёмства дзяцей з традыцыйным мастацтвам, асваенне імі асноўных навыкаў на ўзроўні хобі. Дай Бог, каб РДР такімі і засталіся, каб працягвалі захоўваць і па магчымасці развіваць традыцыйныя рамёствы. Але, паўтаруся, ткацтва, ганчарства, бондарства не стануць для дзяцей прафесіяй, а рамяство ў промысел не пяройдзе.
Яўген Рагін:
— Але і са школы бондарства толькі трыццаць працэнтаў дзяцей працягваюць профільнае навучанне. Аднак для іншых пяць гадоў навучання ў Іванаве не праходзіць дарэмна. Гэтыя вучні — ужо носьбіты традыцыі. Хіба ж тое кепска? А вось вам і такая карцінка з натуры: у РДР займаюцца не столькі навучаннем дзяцей, колькі майстры-метадысты ставяць на паток выраб сувенірнай прадукцыі, бо пазабюджэтны план трэба выконваць. Як тут быць?
Святлана Каржук:
— Вы, бясспрэчна, узнімаеце сур’ёзную праблему. Тут трэба ўсім падрыхтавацца, сабрацца ды сур’ёзна прааналізаваць становішча. Вось тады і акрэсліцца перспектыва.
Людміла Стаўская:
— Наша школа мастацтваў і мастацкіх рамёстваў узнікла на базе РДР на пачатку 1990-х.
Яўген Рагін:
— Значыць, на сёння ў вас ні ДШМ, ні РДР, а толькі ваша ўстанова?
Людміла Стаўская:
— Не. Усё засталося. І РДР і ДШМ, якой нядаўна паўстагоддзя споўнілася. Новая ўстанова сышла ў новы будынак, узяўшы з РДР толькі педагогаў. Першы набор не перавысіў дваццаць дзяцей. Цяпер іх — 362. Улічвайце і тое, што ў нашай установе — чатыры філіялы і столькі ж класаў на сяле.
Яўген Рагін:
— Фактура, шчыра скажам, забойная. У звычайнай (прабачце за такую знявагу) ДШМ займаюцца музыкай і жывапісам, а вы, “незвычайныя”, што выкладаеце?
Людміла Стаўская:
— Толькі нашы традыцыйныя рамёствы: саломкапляценне, кераміку, ткацтва, два апошнія гады — лямцаванне. Дзевяцігадовыя дзеці вучацца пяць, а шасцігадовыя — сем гадоў. І, натуральна, свае кадры вырошчваем самі. З дзевятнаццаці настаўнікаў пяць — нашы колішнія выхаванцы. На падыходзе шосты, які вучыцца ва Універсітэце культуры і мастацтваў. І працэс гэты — несупынны. Так што з кадрамі ў нас праблем няма.
Яўген Рагін:
— Памятаю вашу школу. Вельмі ўразілі сукенкі, плеценыя з саломы, і сувенірны салон (тады яны па рэспубліцы толькі пачалі з’яўляцца)… І самае галоўнае пытанне: як лёгка было адкрыць новую ўстанову?
Зоя Чандзякова:
— Я таму сведкай не была, але, кажуць, давялося ў Мінск папаездзіць. Прынамсі, проста не было.
Яўген Рагін:
— Тым не менш, праект быў удала ажыццёўлены і прыносіць на сёння немалы плён. Як узаемадзенічаеце, Зоя Уладзіміраўна, са школай рамёстваў? Ці існуе канкурэнцыя?
Зоя Чандзякова:
— Ніякай канкурэнцыі, толькі ўзаемадапаўненне. Нашы метадысты пры патрэбе могуць замяніць школьных настаўнікаў, тыя — нашых. Паколькі мы больш займаемся тэорыяй, дык школа рамёстваў часта раіцца з РДР. Апошнім разам давалі майстар-класы па спіральным пляценні. Разам выстаўкі робім, разам прадумваем, як больш эфектыўна наладзіць рэалізацыю нашай прадукцыі.
Яўген Рагін:
— У Доме рамёстваў таксама ідзе навучанне дзяцей?
Зоя Чандзякова:
— У нас толькі тры гурткі. Не забывайцеся на тое, што асноўная задача РДР — адраджэнне нацыянальнага рамяства. Ды і заняткі з дзецьмі нашым метадыстам не аплочваюцца. Таму канцэнтруемся на даследаваннях. У экспедыцыі, праўда, сталі менш выязджаць, але назапашанага матэрыялу хапае, каб асэнсаваць і паспрабаваць ажывіць тое, чым займаліся нашы продкі. Такія ж галоўныя функцыі ў нашага сельскага філіяла.
Яўген Рагін:
— І дзякуй вам вялікі за гэта… Усё ж ідэал у асобна ўзятым раёне — дасягальны. Быў бы толькі энтузіяст, які пацягнуў бы гэты важкі воз. Іванаву і Горкам на такіх асоб пашанцавала. Як быць іншым? Як звесці ўсё ў адно, паяднаць, так бы мовіць, дзяржаўны інтарэс з не менш важным нацыянальным? Каб у кожным раёне працаваў цэлы комплекс устаноў па адраджэнні і развіцці беларускай мастацкай традыцыі: былі б РДР, ДШМ, а паралельна з імі — і школа па вывучэнні традыцыйнага мастацтва, а ў агульнаадукацыйных школах на ўроках працоўнага навучання сталі б рабіць мастацкія (і не толькі) рэчы традыцыйным для дадзенай мясцовасці спосабам? Што для гэтага неабходна?
Яўген Сахута:
— Натуральна, патрэбна Дзяржаўная праграма па адраджэнні і захаванні нашага традыцыйнага нацыянальнага мастацтва. Тут і выдумляць нічога не трэба: такая праграма была і называлася “Праграма дзяржаўнай падтрымкі традыцыйнай культуры на 1994 — 1996 гады”. Праўда звялася яна да намінальных рэчаў, дзе не трэба ніякіх матэрыяльных укладанняў.
Яўген Рагін:
— Па вашым меркаванні, якой такая праграма павінна быць на сёння?
Яўген Сахута:
— Выключна важная справа не павінна рабіцца на энтузіязме. Значыць, неабходна матэрыяльная падтрымка дзяржавы. Дамы і цэнтры рамёстваў павінны быць у кожным раёне Беларусі. Не пашкодзяць, натуральна, і школы рамёстваў. Асяродкам развіцця беларускай традыцыі проста абавязана стаць і агульнаадукацыйная школа. Кожнай канкрэтнай пазіцыі праграмы не абысціся без гэткай жа канкрэтнай фінансавай асновы. Душа і самаакупнасць — рэчы несумяшчальныя.
Яўген Рагін:
— Тут любыя каментарыі, як кажуць, проста пазалішнія.