Плюс крыху раскруткі і…

№ 42 (1220) 17.10.2015 - 23.10.2015 г

Модныя трэнды музеяў і бібліятэк
Гэтым летам дэлегацыя з Беларусі, у якую ўваходзілі супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, пісьменнікі і журналісты, наведала Славакію. Беларусы праехаліся па тых мясцінах, у якіх роўна 80 гадоў таму пабываў класік беларускай літаратуры, завітаўшы пры гэтым у шэраг славацкіх устаноў культуры. Пра цікавосткі і самыя разнастайныя ноу-хау тамтэйшых музеяў, бібліятэк ды мастацкіх галерэй “К” распавялі дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена ЛЯШКОВІЧ ды загадчык аддзела культурна-адукацыйнай работы гэтай установы Вольга ПАРХІМОВІЧ.

/i/content/pi/cult/556/12175/12-3.jpgНапамін пра Купалу

Адзін з галоўных вынікаў праведзенай акцыі — з мэрамі тых гарадоў, якія калісьці наведваў Янка Купала і дзе праз 80 гадоў пабывала дэлегацыя з Беларусі, дасягнута папярэдняя дамоўленасць пра ўсталяванне мемарыяльных дошак.

— Мы пабывалі ў Браціславе, у гарадах Святы Юр, Модра, Пешцяны, Высокія Татры, — кажа Алена Ляшковіч. — І ўсюды дамаўляліся з мясцовым кіраўніцтвам пра ўвекавечанне імя народнага паэта Беларусі і ягонага гістарычнага візіту ў Славакію ў 1935 годзе. Такім чынам, у гэтай заходнеславянскай краіне з цягам часу можа з’явіцца чатыры мемарыяльныя дошкі, а таксама бюст Янкі Купалы. Яго плануецца ўсталяваць ў Пешцянах.

Праўда, пакуль што гэта толькі планы. Як адзначыла Алена Ляшковіч, магчыма, што ў 2017 годзе, калі будзе адзначацца чарговы юбілей класіка, усе задумы ўвасобяцца ў рэальнасць.

Раскручаная кераміка

Але, зразумела, сустрэчы з кіраўніцтвам славацкіх гарадоў — гэта толькі адзін з пунктаў праграмы беларускага візіту. Запомніліся гасцям з Беларусі тыя ўстановы культуры, дзе яны пабывалі. Напрыклад, дэлегацыя наведала горад Модра, дзе завітала ў знакамітую керамічную майстэрню. Вядомая яна тым, што тут вырабляецца традыцыйная модранская кераміка “маёліка”, якая карыстаецца нязменным попытам як у славакаў, так і ў турыстаў.

Дык вось, у той майстэрні можна не толькі пазнаёміцца з дзясяткамі арыгінальных вырабаў, але і паназіраць за працэсам іх стварэння ды самім паспрабаваць сябе ў ролі “славацкага глінамеса”, а яшчэ — набыць упадабаныя рэчы ў невялічкай музейнай краме.

Што ж, гэта той шлях, па якім даўно ідуць і беларусы. Згадаю хоць бы вядомы Цэнтр ганчарства ў вёсцы Гарадная на Століншчыне, дзе можна і на вырабы паглядзець, і за кругам пасядзець, і набыць упадабаную свістульку ці збаночак. Іншая справа, што такой вялікай вядомасці, як модранская кераміка, гараднянская не мае. На жаль, нават у саміх беларусаў. Справа — за адпаведнай рэкламай ды “раскруткай” гараднянскіх вырабаў, каб зрабіць з іх, так бы мовіць, модны трэнд. Бо калі могуць славакі, дык чаму ж не могуць беларусы?

Вяселле ў этнастроях

Больш за ўсё маіх суразмоўцаў, натуральна, цікавілі славацкія музеі. І айчынныя спецыялісты не засталіся расчараваныя ад наведвання, бо, па словах Вольгі Пархімовіч, музейная справа ў Славакіі пастаўлена вельмі рознабакова.

Так, на сёння ва ўсіх наведаных беларусамі музеях існуе багатая калекцыя, ладзяцца разнастайныя экскурсійныя праграмы з абавязковым інтэрактывам. Апошняе — акурат тое, што нашы айчынныя музейшчыкі толькі пачынаюць выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці.

— Напрыклад, у этнаграфічным музеі “Ждзярскі дом” сёння можна паўдзельнічаць у культурна-адукацыйных праграмах, — кажа Вольга Пархімовіч.

Сам Дом-музей у Ждзяры быў заснаваны яшчэ ў 1971 годзе, а ягоная экспазіцыя знаходзяцца ў драўляным доме, зробленым па ўзоры збудаванняў рэгіёна пачатку ХХ стагоддзя. У музеі можна пабачыць вырабы мясцовых народных умельцаў: і лялькі, і цацкі, і касцюмы… Экскурсіі, дарэчы, ждзярскімі музейшчыкамі ладзяцца ў традыцыйных народных касцюмах. Па жаданні можна, у суправаджэнні экскурсавода, праехацца вярхом на кані па наваколлі, зладзіць дэгустацыю страў славацкай кухні ў стыльным рэстаране, што знаходзіцца ў адзіным музейным комплексе, і нават паўдзельнічаць у традыцыйных абрадах.

— Мы, да слова, бралі ўдзел у вяселлі, — кажа Вольга Пархімовіч. — Кожнаму з нас далі нейкую ролю — ці то маладой, ці то свата, ці то госця, — і мы былі задзейнічаны ў цікавай пастаноўцы, апранутыя ў славацкія вясельныя строі…

Дарэчы, Музей Купалы таксама ладзіць нешта падобнае: запрашае ўсіх ахвотных у філіял музея ў Вязынцы на традыцыйныя беларускія Вячоркі. Ды і ў сваёй установе зладзіць вясельны абрад музейшчыкі таксама плануюць. Актывізавалася работа над распрацоўкай сцэнарыя будучага мерапрыемства менавіта пасля наведвання Славакіі. Так што з цягам часу інтэрактыву ў купалаўскім музеі, відавочна, стане нашмат больш. Вось каб у гэткім жа рэчышчы развіваліся і ўсе астатнія беларускія музеі, асабліва ў рэгіёнах Беларусі!..

Падушкі ў бібліятэцы

У курортным горадзе Пешцяны беларусаў вельмі ўразіла гарадская бібліятэка. І не толькі тым, што тут можна замовіць шмат самай разнастайнай літаратуры на любую тэму. Вельмі цікавым беларусам падалося афармленне ўстановы культуры.

— Адразу на ўваходзе чытачоў сустракаюць дзіцячыя калажы, афішы, — кажа Вольга Пархімовіч. — Ёсць тут і дзіцячыя пакоі, аформленыя як кніга-лабірынт: прайшоўшы па іх, маленькія чытачы засвойваюць літары.

Цікавым для беларусаў падалося і тое, што ў чытальнай зале на сцяне змешчаны вялікія падушкі, на якіх можна ўбачыць партрэты таго ці іншага знакамітага сучаснага славацкага пісьменніка. Многіх творцаў, як кажа Вольга Пархімовіч, беларусы нават пазнавалі, бо некалькі дзён таму сустракаліся з імі на літаратурнай імпрэзе ў Браціславе… Цікавы вопыт, які, мяркую, цалкам магчыма ўзяць на ўзбраенне нашым абласным і раённым бібліятэкам…

Увогуле, як зазначылі мае суразмоўцы, кнігі пастаянна прысутнічаюць у жыцці славакаў. Іх можна пачытаць і ў гатэлях, дзе яны размяшчаюцца ў шафах проста ў холе ці нават у гасцінічных калідорах, і ў крамах, дзе існуюць свае невялічкія бібліятэчкі для ўсіх ахвотных. Да таго ж у сталіцы Славакіі сёння можна заўважыць тэндэнцыю — публічныя чытанні. Гэта калі з рэстаранаў на вуліцу выносяць кніжныя шафы і кожны можа прыйсці сюды, пачытаць ды абмяняць старую кнігу на новую.

Натуральна, “буккросінг” у Беларусі ўжо даўно стаўся завядзёнкай, а вось чытаць папяровыя кнігі ў рэстаранах ці каля іх мы пакуль не прызвычаіліся. Між тым, гэта яшчэ адно культурнае славацкае ноу-хау, якое без асаблівых фінансавых выдаткаў можа быць зрэалізавана і ў нашай краіне. З улікам таго, што вельмі шмат ідэй беларусы пераймаюць акурат з Еўропы — згадаю хоць бы той жа “ярнбомбінг”, які не так даўно быў зладжаны на Дзень горада ў Мінску ды Гомелі...

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"