Як “задаць” тэму для пленэра?

№ 42 (1220) 17.10.2015 - 23.10.2015 г

Прыклад “Арт-Жыжалю”: без выпадковых людзей, але з рыбкамі і птушкамі
У сталічнай галерэі “Універсітэт культуры” праходзіць выніковая выстаўка ХІІІ Міжнароднага пленэра па кераміцы “Арт-Жыжаль”. Прыехала выстаўка з Бабруйска. Цягам трох летніх тыдняў дваццаць два адмыслоўцы з Беларусі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі і Японіі працавалі ў палявых умовах пад адкрытым небам на беразе Бярэзіны. Кожны рабіў сваё, але ў межах адзінай для ўсіх тэмы, якая сёлета была абазначана як “Чалавек у асяроддзі”.

/i/content/pi/cult/556/12174/12-2.jpgКожным разам, калі я трапляю на фэст, які мае немалую гісторыю і ўсталяваную традыцыю, я міжволі задаю сабе пытанне: ці хопіць у арганізатараў і ўдзельнікаў імпэту, каб і надалей высока трымаць творчую планку? Ці не ператвараецца традыцыя ў застой? Што ў перспектыве — тупік ці новы далягляд? З гэтымі, не надта святочнымі пытаннямі я і звярнуўся на вернісажы да нязменнага кіраўніка пленэра Валерыя Калтыгіна.

— Каб захаваць высокі тэхналагічны ўзровень і творчую якасць, каб была і традыцыя, і перспектыва, мы штогод робім “ратацыю кадраў” удзельнікаў, — кажа ён, — да таго ж, кожны год у пленэра новая, але заўжды злабадзённая тэма. Так што застой нам, здаецца, не пагражае. Аднак суаднесці творчы суб’ектывізм удзельнікаў пленэра і канцэптуальную цэльнасць нашага творчага фэсту бывае даволі складана. Я спрабаваў, як мне падаецца, пераканаўча давесці да кожнага, што “асяроддзе” — гэта не толькі трава і дрэвы, птушкі і рыбкі. Прырода — значны, але не адзіны складнік атачэння чалавека. Гаворка мусіць ісці пра цывілізацыю ўвогуле, пра сусвет, космас, пра вечныя праблемы быцця. А што атрымалася ў выніку, кожны сам можа пабачыць на выстаўцы… Прычым я не 
адмаўляю высокага ўзроўню майстэрства маіх калег, іх права на сваё разуменне зададзенай тэмы.

На маю думку, у мастацтве, якое называюць дэкаратыўна-прыкладным і да якога далучаюць і кераміку, адбіваюцца ўсе праблемы, што мае культура наогул. Мастацтва сёння ў значнай ступені пазбаўлена ідэйнага стрыжня, і праз гэта самавыяўленне мастака становіцца ці не прыярытэтнай задачай. Творца імкнецца абавязкова быць “крэатыўным”, здзіўляць, шакіраваць… Часам жа тое, што сёння падаецца як навацыя, у свеце прайшло і забыцца паспела яшчэ дзесяцігоддзі таму. Увогуле, я прыхільнік таго, каб стаяць на сваім грунце і ісці сваім шляхам... Справядліва адзначаюць, што яшчэ ў 1970 — 1980-х гадах беларуская кераміка пачала адыходзіць ад просталінейных функцыянальнасці і дэкаратыўнасці. Ужо тады керамісты браліся за тэмы і сюжэты, больш уласцівыя станковаму і манументальнаму выяўленчаму мастацтву. Адпаведна змянялася і стылістыка керамікі. Тэндэнцыя стала традыцыяй, і яе развіццё можна пабачыць у работах пленэра. Часам цяжка правесці мяжу паміж керамікай і пэўнымі плынямі скульптуры. Прычым, і кераміка, і скульптурная пластыка маюць адны і тыя ж праблемы, абумоўленыя як зменай густаў публікі, так і спецыфікай станаўлення новай эстэтыкі. Адпаведна, і вырашаюць іх падобным чынам.

Сёння, каб лічыцца мастаком, ужо не абавязкова мець адпаведную адукацыю і нават умець маляваць. У кераміцы дылетантызм, замаскіраваны пад крэатыўнасць і арыгінальнасць, на шчасце, не праходзіць. Складаная тэхналогія вырабу патрабуе творчай дысціпліны і сур’ёзнага стаўлення да мастакоўскай працы. Вось і на “Арт-Жыжалі” ў нас выпадковых людзей не бывае. А гэта значыць, што непазбежная наяўнасць праблем у творчасці і вытворчасці не мае нічога агульнага з крызіснымі з’явамі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"