Зваротная сувязь

№ 42 (1220) 17.10.2015 - 23.10.2015 г

Выпадкова прачытала ў літаратуразнаўчым артыкуле развагі пра тое, як я будую свой медыявобраз. І згадала, як да нас на працу ў Акадэмію навук выкладчыца журфака са сваімі студэнтамі завітала.

/i/content/pi/cult/556/12171/2-9.jpgЗаходзяць яны ў працоўны пакой, вітаюцца, і выкладчыца кажа: “О, глядзіце, тут жа працуе Ганна Кісліцына! Ганна Кісліцына — гэта...” Сяджу, вочы ў падлогу. Маўчу. Загадчык нашага аддзела з дакорам кажа: “У нас і іншыя навукоўцы ёсць! Я вам зараз усіх прадстаўлю”. І пачынае прадстаўляць. Пасля чаго выкладчыца, што прывяла будучых “акул пяра”, кажа: “Здорава! Вельмі цікава! Але студэнты журфака штогод пішуць курсавыя менавіта пра Ганну Мікалаеўну, яна ў нас любімы герой, калі трэба пісаць пра блогасферу ці крытыку!”

Тут яе зноў перабіваюць, бо заходзіць у пакой яшчэ адна мая калега і яе прадстаўляюць. Але выкладчыца настойлівая, не здаецца, кажа: “Вось у мяне проста ў тэлефоне ёсць курсавая пра вас, Ганна Мікалаеўна! Хочаце пачытаць?” І спрабуе паказаць мне экран. Я маўчу і адмоўна хістаю галавой. Мілая жанчына відавочна не разумее, чаму мне нецікава пра сябе чытаць і слухаць. Каб згладзіць уражанне і не падацца нявыхаванай, кажу, што таксама згадваю яе працу ў сваіх кнігах. Развітваемся цёпла.

Ну вось як растлумачыць, што маіх калег зусім не радуе ні мая публікацыйная актыўнасць, ні мая (адносная) вядомасць, ні проста наяўнасць нейкага вобраза? І што нагадваць ім пра гэта абсалютна не варта, бо нічога, акрамя непрыемнасцей і чужой зайздрасці, мне гэта не прынясе? Мая праца не вымяраецца вядомасцю! Аднак я рэальна ўдзячная тым, хто пра мяне піша, хто даследуе, як і з чаго я зроблена. Прызнаюся, ніколі не бачыла разбору, з якім пагадзілася б цалкам. У першую чаргу таму, што насамрэч усё, што я раблю, — абсалютна спантаннае, імпульсіўнае, зробленае па натхненні, а не па нейкіх рэцэптах ці свядомых устаноўках. Разам з тым, відавочна: трэба вывучаць сакрэты творчасці ўжо для таго, каб не было мастацтва слова безадрасным, скіраваным на сябе.

Зноў жа, такія разборы даюць абсалютна ўнікальны вопыт: адчуць на сабе, што такое быць паддоследным! Бо калі не толькі ты даследуеш, вывучаеш, аналізуеш, але і цябе даследуюць, вывучаюць, аналізуюць, то даводзіцца сыходзіць з пазіцыі суддзі. Ты становішся больш мяккім, бо бачыш, як лёгка памыліцца, абапіраючыся толькі на словы і тэксты. Тым больш, гэта ўнікальна ў нашай сітуацыі, калі арт-крытыкі, мастацтвазнаўцы, даследчыкі літаратуры, як правіла, усё сваё жыццё пражываюць у ценю, не адчуваючы зваротнай сувязі...

А між тым, плён іх высілкаў трэба вымяраць не столькі працаднямі і колькасцю напісаных старонак, колькі трываласцю зваротнай сувязі з тымі, для каго гэтыя даследаванні рабіліся. Плён трэба вымяраць сустрэчамі з зацікаўленымі ў даследчай рабоце спажыўцамі: студэнтамі, настаўнікамі, бібліятэкарамі, музейшчыкамі. Але ў нашых установах адукацыі і культуры і блізка няма грошай на сустрэчы-стасункі з прафесіяналамі, з людзьмі, якія б маглі зарыентаваць у сённяшняй культурнай сітуацыі, расказаць пра нейкія актуальныя з’явы. Бо не ўсё, далёка не ўсё знойдзеш у Інтэрнэце! А як інакш развівацца, як не скаціцца ў багну прафесійнай абыякавасці?

Часта, выступаючы ў студэнцкай аўдыторыі ці ў літаратурным музеі, атрымліваю кветкі ці запрашэнне папіць кавы. І заўсёды адчуваю сябе вельмі няёмка, бо ведаю, што купленыя гэтыя кветкі ці ласункі за ўласныя грошы тых, хто запрасіў выступіць. А грошы ў тых, хто працуе на ніве культуры, вядома якія… І адмовіцца нельга, бо разумееш, што гэта зроблена не па загадзе зверху, не для птушачкі ў справаздачы, а ад душы, якая прагне асветы, развіцця, зваротнай сувязі ў рэшце рэшт.

Вось жа, здавалася б, відавочныя рэчы… А паспрабуй — наладзь.

Аўтар: Ганна КІСЛІЦЫНА
загадчык аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук