Парад для парад

№ 42 (1220) 17.10.2015 - 23.10.2015 г

Ірына ПЫРКОВА, дырэктар Гомельскага абласнога драматычнага тэатра
20 — 25 кастрычніка ў нашым тэатры ўпершыню пройдзе парад прэм’ер. Вызначэнне гэтага праекта ўмоўнае, яго няма ў афішах, але сутнасць палягае ў тым, што мы сабралі разам усе прэм’еры мінулага і пачатку цяперашняга сезонаў і запрасілі на прагляд вядучых тэатральных крытыкаў.

/i/content/pi/cult/556/12170/7-13.jpgЛічу, такая форма своеасаблівага “фестывалю аднаго тэатра” даўно наспела не толькі ў нашым калектыве, бо яна дае магчымасць адразу скласці цэласную карціну і больш дакладна вызначыць, куды на дадзеным этапе рухаецца трупа, чаго ёй не стае, якія тэндэнцыі маглі б стаць перспектыўнымі, а ад якіх, наадварот, трэба пазбаўляцца. Такі “погляд звонку” заўсёды важны — і найперш для тэатраў, аддаленых ад сталіцы. Бо ў іх таксама віруе творчае жыццё (у гэтыя дні, да прыкладу, у нас на гастролях Коласаўскі тэатр з Віцебска), з’яўляюцца новыя спектаклі. І, дарэчы, звычайна гэта бывае куды часцей, чым у асобных мінскіх тэатрах. Колькасць жыхароў і гасцей горада ў нас меншая — адпаведна, увесь час трэба чымсьці здзіўляць, прапаноўваць тэатралам новае.

А вось крытыкі да абласных цэнтраў даязджаюць не заўсёды. Спадзяёмся, такая форма — парад апошніх прэм’ер за адзін тыдзень — зможа прыцягнуць іх увагу. Мы ж, у сваю чаргу, адкрыты для абмеркаванняў, вольнага абмену думкамі і чакаем прафесійнай ацэнкі. А больш за ўсё — прапаноў: якія са спектакляў маглі б годна прадставіць наш тэатр на гастролях, фестывалях ці быць вылучаны на Нацыянальную тэатральную прэмію. Нельга ж увесь час варыцца ва ўласным соку! Тым больш, хутка наш тэатр павінен пацвярджаць званне заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь.

Упэўнена, праект прыйдзецца даспадобы і гамяльчанам. Мы прыслухоўваемся да прыхільнікаў, праводзім маніторынгі публікі. Распаўсюджаны анкетаванні, у тым ліку электронныя, і апытанні. Зразумела, рэпертуар павінен быць разнастайным, там не можа быць адна класіка, таму паставілі некалькі камедый — ад фарсу да лірыкі.

Рэагуем і на значныя падзеі ў жыцці краіны. Так, да 70-годдзя Вялікай Перамогі з’явіўся спектакль “Ён. Яна. Вайна” паводле “Альпійскай балады” Васіля Быкава. Паставіць яго мы запрасілі Паўла Харланчука, які ў нашым тэатры пачынаў акцёрскую кар’еру. Дадам, што гэты яго спектакль праз некалькі дзён пасля нашага паказу будзе прадстаўлены на Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі.

120-годдзе з дня нараджэння Кандрата Крапівы адзначылі пастаноўкай яго “Брамы неўміручасці”. Гэты спектакль таксама стаяў у праграме парада прэм’ер. І хаця ў апошні момант яго давялося замяніць, мы пакажам працу гасцям — з кампакт-дыску, хаця такі варыянт шмат страчвае перад жывым праглядам. Між іншым, у нас зроблены відэазапісы ўсіх спектакляў, бо гэта неабходна і для далейшай працы — як практыкаў, так і навукоўцаў, і для рэкламы — у тым ліку, у замежнай прасторы, і для фарміравання фонду пастановак. Але падобныя “парады прэм’ер” думаем ладзіць і надалей. І прапануем іншым тэатрам следаваць нашаму прыкладу.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"