“Як акцёр хачу заўсёды працаваць…”

№ 42 (1220) 17.10.2015 - 23.10.2015 г

Амаль забыты народны артыст: наш зямляк Іларыён Пяўцоў
...Праз два гады Іларыён Пяўцоў збег ад бацькоў у Панявеж. Тады гэта быў павятовы горад Ковенскай губерні, буйны рэгіянальны культурна-эканамічны цэнтр. Між іншым, з 1795 года ён амаль напаўстагоддзя ўваходзіў у склад Віцебскай губерні. Прыехаўшы ў Панявеж, Іларыён зняў у адстаўнога салдата у маленечкай халупцы вугал за печкай. На наступны дзень пайшоў у мясцовае рэальнае вучылішча, дзе яго аформілі ў шосты клас. Настаўнік славеснасці звярнуў увагу на начытанасць і рэдкую эрудыцыю навічка. А яшчэ дырэктару вучылішча спадабалася, як шасцікласнік іграе на скрыпцы Шапэна. У выніку яго бясплатна пасялілі ў інтэрнаце ў якасці “старэйшага” сярод пражываючых там. Асабліва ён любіў выступаць са скрыпкай на вучнёўскіх канцэртах і нават аднойчы сыграў ролю Старыкава на сцэне у самадзейнай пастаноўцы “Жаніцьбы” Гогаля (трупа Арлова-Чужбініна) “У жыцці я працягваў заікацца па-ранейшаму, — успамінаў тыя дні Пяўцоў, — але на сцэне гаварыў зусім свабодна і дасягаў гэтага выключна сілай уяўлення”.

/i/content/pi/cult/556/12166/15-1.jpg(Працяг. Пачатак у № 40.)

Ад Масквы да самых да ўскраін

Восень 1899 года... 20-гадовы Пяўцоў, сабраўшы неабходную суму грошай, развітаўся з добрымі настаўнікамі, суседзямі, сябрамі і накіраваўся ў Маскву, каб паступіць у Музычна-драматычнае вучылішча Філарманічнага таварыства, дзе выкладаў ужо вядомы тады Уладзімір Неміровіч-Данчанка. Перад пачаткам першага экзамена да абітурыентаў падышоў сам настаўнік і чамусьці спытаў толькі аднаго Пяўцова:

— Малады чалавек, а вы калі мяркуеце экзаменавацца — сёння ці заўтра?

Перапалоханы Іларыён не змог выдавіць з сябе ані слова.

— Так, зразумела, вы на музычнае аддзяленне… — вырашыў Неміровіч-Данчанка і накіраваўся ў свой кабінет.

— Не, на др-др-драматы-ты-чнае, — наўздагон адказаў пачырванелы Пяўцоў. Здзіўлены Уладзімір Іванавіч спыніўся, абярнуўся:

— З такім дэфектам маўлення?! Вы, мабыць, 
жартуеце?

— А вось паба-ба-чыце, спадар на-на-стаўнік!...

Ужо праз гадзіну Іларыён без усялякай запінкі выразна прачытаў перад прыёмнай камісіяй маналог з Першага акта (сцэна другая) драмы “Марына Фальеры” Байрана: “Не в добрый час родясь! Мое рожденье / Стать помогло мне дожем — для обид; / А жизнь провел я как солдат, служа / Стране с ее народом, не Сенату...”

Гэта змякчыла Неміровіча-Данчанку. Але той усё ж вырашыў яшчэ раз праверыць незвычайнага абітурыента — ужо на практыцы. І прапанаваў яму ролю прыказчыка крамы, прасцяка і няўдачніка Гаўрылы ў “Гарачым сэрцы” Аляксандра Астроўскага. Спектакль, дзе асноўныя ролі выконвалі другакурснікі, адбыўся праз дзесяць дзён, і вельмі задаволены педагог прапанаваў залічыць заіку на першы курс не проста з вызваленнем ад платы за навучанне, але і з ложкам у інтэрнаце і зусім прыстойнай па тых часах стыпендыяй. А пасля зімовай сесіі, улічваючы добрыя поспехі ў вучобе, Іларыёна перавялі на другі курс.

Філарманічнае таварыства ў момант паступлення Пяўцова існавала ўжо больш за 20 гадоў. Яно было заснавана вядомым дырыжорам і піяністам Пятром Шастакоўскім. Асноўную масу вучняў складалі спевакі, піяністы, інструменталісты. Клас драмы быў нешматлікі. Тут заўсёды хаос гукаў: скрыпічныя практыкаванні, сальфеджыа, музычныя фразы з арый, эцюды Шапэна і Ліста. Канешне, Пяўцоў адчуваў, што ў яго ёсць і нейкая іншая душа — душа скрыпача, таму так радаваўся, што навокал яго багата музыкі.

Наогул, гэта старонка жыцця Пяўцова вельмі мала вывучана, але яна цікавая таму, што ўсё ж першым настаўнікам Іларыёна, хаця б на кароткі тэрмін, стаў менавіта Неміровіч-Данчанка. Ён па раскладзе павінен быў даваць урокі ў школе чатыры разы на тыдзень па две гадзіны, але насамрэч аддаваў класу ўвесь час, і вучні, як правіла, займаліся да позняй ночы. Яго дэвіз: “Ухапіць індывідуальнасць, выклікаць да жыцця “іскарку”… Выхоўваць далікатны густ, змагацца з кепскімі звычкамі, з дробным самалюбствам… Няспынна мець справу з чалавечым матэрыялам, насычаць яго лепшымі ідэямі, з радасцю і клопатам сачыць за праявай самых драбнюткіх парасткаў таленту… Тут галоўнае зерне тэатра, самая глыбокая і самая прывабная сутнасць яго…”

Усе гэтыя творчыя і маральныя катэгорыі Неміровіча-Данчанкі Іларыён Мікалаевіч з годнасцю пранёс праз усё сваё жыццё… Курс вучылішча быў трохгадовы. Але ўжо з другога курса выкладанне ў Неміровіча-Данчанкі выходзіла за межы першых прыёмаў сцэнічнай тэхнікі, і ўрокі ўсё больш станавіліся падобнымі да рэпетыцый самастойных роляў студэнтаў у маленькіх п’есах.

Менавіта ў гэты час Пяўцоў пазнаёміўся з акцёрам Малога мастацкага тэатра Усеваладам Меерхольдам, які трошкі раней адвучыўся на тым жа драматычным аддзяленні вучылішча. Гэта знаёмства адыграла сваю значную ролю ў станаўленні Пяўцова як артыста. І пазней Іларыён лічыў яго, як і Неміровіча-Данчанку, таксама сваім настаўнікам у акцёрскім майстэрстве. Дарэчы, Меерхольд з ранняга дзяцінства іграў на скрыпцы. Магчыма, і гэта паслужыла нейкім штуршком для пачатку іх шчыльных ўзаемаадносін.

У 1902 годзе Іларыён скончыў вучылішча, і па парадзе Меерхольда перайшоў працаваць у Малы тэатр. Атрымаўшы невялічкую ролю ў спектаклі “Адзінокія” Герхарда Гаўптмана, дзе за кулісамі павінна жаласліва гучаць скрыпка, Іларыён перад рэпетыцыяй узяўся таксама, па звычцы, штосьці найграваць. Гэта выпадкова пачуў тагачасны дырэктар вучылішча прафесар Вілем Кес, вядомы дырыжор, кампазітар і скрыпач. Ігра яму так спадабалася, што ён стаў угаворваць Пяўцова кінуць тэатр і пайсці вучыцца да яго — зусім бясплатна. І так моцна ўгаворваў, што спачатку малады артыст завагаўся, і два дні не ведаў, на што рашыцца. Параіўся з Меерхольдам. Той, зразумела, “за тэатр”. На трэці дзень Пяўцоў вырашыў: прадаў сваю скрыпку і больш ніколі не дакранаўся да смычка...

У тым жа годзе Меерхольд пакінуў Малы тэатр і арганізаваў, ужо ў якасці рэжысёра, Таварыства новай драмы, дзе паспрабаваў сфарміраваць сваю мастацкую праграму, звязаную з паэтыкай сімвалізма і стылізацыі, з прынцыпамі “ўмоўнага тэатра” і акцэнтавання акцёрскага дзеяння на жывапісна-дэкаратыўнам падмурку. Зразумела, запрасіў у сваю трупу і Пяўцова, які ў Малым тэатры не паспеў больш нічога сыграць пасля п’есы Гаўптмана.

Восенню з Херсона і пачаліся гастролі новага меерхольдаўскага тэатра па Расіі. У рэпертуары — п’есы Чэхава, Ібсэна, Гаўптмана, Горкага, Талстога, Метэрлінка, Пшыбышэўскага. Акцёрам было цяжка: спектаклі рабіліся за лічаныя дні, практычна без репетыцый, а пашарпаныя ад доўгіх пераездаў дэкарацыі з невялічкай “рэдактурай” перабіраліся з адной п’есы ў другую.

Жорсткія ўмовы работы ў правінцыі, згадваў Пяўцоў, вымушалі ў інтарэсах касы часткова прытрымлівацца рэпертуарнага канона правінцыйных тэатраў, граць “сякі-такі хлам для кавалачка хлеба”. Але глядач ішоў! Ішоў у Тыфлісе і Севастопалі, Нікалаеве і Кастраме, Адэсе і Кіеве, Таганрогу і Палтаве, Варонежы і Пензе. На сцэне побач з Пяўцовым — сам Меерхольд, які сыграў за тры сезоны каля ста роляў, Нялідаў, Кастрамскі, Канін, Загараў, Будкевіч, сястра жонкі Меерхольда Вольгі Міхайлаўны — Кацярына Мунт... Дарэчы, з ёй і Меерхольдам Пяўцоў выступаў у чэхаўскіх “Трох сёстрах” у ролі Чабутыкіна.

Разумны глядач бачыў: у тэатральную прастору прыходзіць штосьці новае, свежае, арыгінальнае, такое “рррэвалюцыйна-антымхатаўскае”. Ну, людзі і ішлі, асабліва разнамасная гарадская і правінцыйная інтэлігенцыя, што прагнула змен не толькі ў тэатры, але і ў сацыяльных сферах жыцця.

Аднак, па словах самога Меерхольда, ён, учарашні адэпт рэформ Станіслаўскага, ужо ў тыя часы тэарэтычна не прымаў многіх прыёмаў яго рэжысуры, крытычна ставіўся да іх, і хутка “праскочыў” праз гэты перыяд. Але школа Станіслаўскага вельмі дапамагла Меерхольду ў яго будучай практычнай рэжысуры ды і ў акцёрскім станаўленні таксама.

Аднойчы ў Херсоне грымнула бяда: Пяўцоў нечаканна стаў моцна заікацца на сцэне! Для акцёра гэта была сапраўдная трагедыя. Меерхольд, убачыўшы такую роспач сябра, параіў яму тэрмінова імчацца ў Маскву да доктара Мікалая Даля — неўрапатолага-гіпнацізёра і свайго дальняга сваяка. Даль быў вядомы тым, што вельмі дапамог праз сеансы гіпнозу маладому Сяргею Рахманінаву, тагачаснаму другому дырыжору прыватнай оперы Савы Мамантава, адчуць упэўненасць у сваіх сілах пасля няўдачы яго Першай сімфоніі.

Але Пяўцоў вырашыў не спяшацца, а самому знайсці ў сабе прычыны такога зрыву, які робіць яго мову цяжкай і блытанай. І прыйшоў да высновы, што яму пасуюць далёка не ўсе ролі. Калі тэкст псіхалагічна не вывераны, ненатуральны ці занадта шматслоўны, брацца за п’есу не трэба. Вельмі цяжкімі для яго аказваліся французскія ролі, а рускія і нямецкія, як правіла, — лёгкімі. І вырашыў для сябе, што існуюць як ролі, зусім чужыя яму, так і ролі, дараваныя яму Богам. Тым не менш, сустрэўся Пяўцоў з доктарам Далем, які потым, да канца жыцця, не сумняваўся, што менавіта ён вылечыў Пяўцова...

Працяг артыкула — у наступных нумарах "К".

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"