Акварэлі Сталярова

№ 42 (1220) 17.10.2015 - 23.10.2015 г

28 верасня не стала заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Івана Сталярова. Ён стаяў ля вытокаў Віцебскай школы акварэлі.

/i/content/pi/cult/556/12165/14-2.jpgЯго творы — класіка названага жанру. У іх у поўнай меры знайшлі адлюстраванне традыцыі, якія стагоддзямі назапашваліся ў нетрах рэалістычнага мастацтва.

Іван Міхайлавіч — майстр акварэлі, настаўнік беларускіх акварэлістаў. Дзякуючы педагагічным, даследчыцкім і творчым намаганням ім былі падрыхтаваны спецыяльныя вучэбныя праграмы, дапаможнікі, дзе сістэматызавана методыка і ўвесь працэс работы акварэльнымі фарбамі. У 1988 годзе выйшла ў свет яго кніга “Акварэль”. Багаты вопыт і практычныя навыкі шчыра перадаваліся шматлікім вучням — усяго больш за 90 чалавек, з якіх 57 займаюцца менавіта акварэльным жывапісам.

Мастак нарадзіўся 20 мая 1923 года ў Віцебску. У 1939 годзе ён паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча, дзе ў той час выкладалі Іван Ахрэмчык, Уладзімір Хрусталёў, Аляксандр Мазалёў, Леў Лейтман…

У часы Вялікай Айчыйнай вайны ваяваў у партызанскай брыгадзе Бацькі Міная. З войскамі дзеючай арміі вызваляў родную Віцебшчыну, а таксама Польшчу, Літву, Латвію. Вучобу Іван Міхайлавіч працягваў у Мінскім мастацкім вучылішчы, потым на завочным аддзяленні графікі Маскоўскага паліграфічнага інстытута. З 1958 па 1985 гады выкладаў малюнак і акварэль на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута.

Адно з цэнтральных месцаў у яго творчасці займалі камерныя, лірычныя і рамантычныя па настроі пейзажы Віцебшчыны. Акрамя краявідаў Прыдзвіння, гарадскіх пейзажаў Віцебска, Полацка, Браслава, у творчую спадчыну ўваходзяць аркушы, створанныя ў Літве, Латвіі, Арменіі і іншых краінах. Мастак імкнуўся максімальна захаваць і данесці да гледача “настрой” розных пор года, асабліва ўглядаючыся ў прыгажосць беларускай прыроды. Таму нават на маленькіх па памерах яго кампазіцыях і эцюдах ствараецца ўражанне выніковай працы, выяўляецца ўвесь ён.

Фундаментальныя веды ў галіне колеразнаўства, гісторыі, тэхнікі і тэхналогіі акварэльнага жывапісу дапамагалі на працягу ўсіх этапаў творчасці фарміраванню поглядаў і творчых прынцыпаў мастака. Уражвае складаная нюансіроўка колеру, якая дасягаецца спосабамі лесіроўкі, спалучэнняў фарбаў, вядомымі толькі самому мастаку.

Тэма Вялікай Айчынай вайны знайшла сваё адлюстраванне ў серыі “Па слядах партызанскай славы”. Яна стала своеасаблівым мастацкім дакументам, пастаянна абнаўлялася і папаўнялася. Майстар перадаваў падзеі, перажытыя ў свой час ім самім. І многія мясціны, якія ён праходзіў у партызанах, занатаваў акварэльнымі фарбамі.

Так сталася, што апошнія гады Іван Сталяроў жыў у Магілёве, яго даглядаў сын Андрэй. Таму наш музей, мастацкая супольнасць горада не маглі пакінуць без увагі такога таленавітага чалавека. Нашы сустрэчы адбываліся як дома, так і ў музеі…

Да 90-годдзя з дня нараджэння мастака Магілёўскі абласны мастацкі музей імя Паўла Масленікава зладзіў выстаўку майстра і набыў два творы: “Рэчка Усвяча” і “Віцебскае Паазер’е”. Зараз работы прадстаўлены ў пастаяннай экспазіцыі “Сучаснае выяўленчае мастацтва Магілёўшчыны”.

Святлана СТРОГІНА, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава