Пленіпатэнт “пры мёдзе”

№ 42 (1220) 17.10.2015 - 23.10.2015 г

Каго з беларусаў меў на ўвазе Сянкевіч пад імем "Пан Заглоба"?
Імя гэтага героя трылогіі “Агнём і мячом”, “Патоп” і “Пан Валадыеўскі” Генрыка Сянкевіча, без сумневу, вядомае беларускім аматарам гістарычнай аповесці. Выкажам гіпотэзу: прататып Пана Заглобы варта пашукаць сярод прадстаўнікоў беларускіх шляхецкіх родаў. Працягваем даследаванне, распачатае ў № 40.

/i/content/pi/cult/556/12164/14-1.jpg…Вось як апісала выгляд Зарэмбы Ева Фялінская: “…Тоўсты, пукаты, не вельмі высокага росту, твар меў круглы, як месяц у поўню, аточаны знізу мясістым падбароддзем. Валасы меў ясна залатыя, вочы шэрыя. Іх нібы хаваў пад выпуклым надлоб’ем і крадком толькі кідаў позірк у той ці іншы бок, або таксама фіглярна прыплюшчваў іх, калі прамаўляў. Рукі заўсёды складаў на тлустым бруху, сплятаючы пальцы з пальцамі так, што выглядаў, як бочка, абітая абручам. Нібыта ціхі, бо заўсёды гаварыў прыніжаным голасам, нібыта пакорны, бо ўсім кланяўся нізка, і ні перад кім не хацеў браць першынства, нібыта небарака, бо вопратка яго звычайна была больш чым сціплая: з гэтым пакорным выглядам толькі думаў, над кім бы пажартаваць, і жартаваў, калі яму ў тым была патрэба, не звяртаючы ўвагі на ўплыў ці моц выбранага за мішэнь жартаў.

Яго жарты былі не з шэрагу тых, з якіх людзі трошкі пасмяюцца і больш нічога…

У вопратцы быў вельмі занядбанай. Апранаўся на польскі манер, як большасць людзей ягонага ўзросту апраналіся ў тыя часы. Але ніколі не насіў, як іншыя людзі, кунтуш, жупан, з пасам, боты навошчаныя. Прыязджаў заўсёды ў капоце з грубай тканіны колеру жоўта-гнілога, зашпіленага пад шыю так, што было няўцямна, ці меў пад капотам жупан, ці таксама абыходзіўся без яго. На нагах меў боты чорныя са скуры бычай, не глянцаваныя, як які ўбогі шляхцішка, хоць казалі, што мае грошы, што мае капіталы на працэнтах і што нават мае ордэн святога Станіслава”.

Такая манера падаваць сябе нагадвае Варфаламея Ходзьку, яшчэ аднаго ліцвіна з бэстсэлера ХІХ стагоддзя “Гавэнда Сапліцы”, які ў 1839 годзе выдаў у Парыжы стрыечны ўнук Тадэвуша Рэйтана і сябра Адама Міцкевіча Генрык Жавускі. Першы шабельны рубака ў Літве, прыкідваючыся прасцячком і баязліўцам, заманьвае ў пастку пыхлівых жыхароў Кароны, каб потым адным ударам маленькай шабелькі расправіцца з кожным неабачлівым крыўдзіцелем. Немагчыма дапусціць думку, што не ведаў Антонія Зарэмбу (або аб ім) Генрык Жавускі, які ўсё дзяцінства правёў у Літве, у сваёй бабкі Марты Марыяны Рдултоўскай з Рэйтанаў. Таму пэўныя рысы Зарэмбы маглі быць “перакладзены” на Ходзьку. Дарэчы, Ходзька, безумоўна, перадаў пальму першынства ў майстэрстве бою на шаблях яшчэ аднаму герою трылогіі — Пану Валадыеўскаму.

Верагодна, польскі рамантызм пайшоў бы іншым шляхам, каб у яго не ўлілася кроў ліцвінаў, ураджэнцаў беларускіх земляў — Жавускага, Міцкевіча, Крашэўскага, Сыракомлі і інш.

Што да Зарэмбы, то добра вядомыя тры гісторыі, звязаныя з яго не такімі ўжо простымі і бяскрыўднымі жартамі. Першая з іх — гісторыя з наваградскім соймікам 1781 года, якую ўпершыню апісаў Станіслаў Рэйтан. Зарэмба, узброіўшыся настаўленнем Макіявэлі пра тое, што “мэта апраўдвае сродкі”, дапамог Міхалу Рэйтану (малодшы брат Тадэвуша) стаць земскім пісарам і перамагчы ў канкурэнтнай барацьбе Казіміра Гарабурду, мужа сваёй сястры. У Евы Фялінскай тая гісторыя апісана больш шырока і цікава.

Другая тычыцца спрэчкі Рэйтанаў з магутнымі Радзівіламі з-за нейкіх ставоў. Зарэмба, які ніколі не раздумваў доўга, калі трэба было стаць на абарону інтарэсаў роду Рэйтанаў, якія ставіў вышэй за свае (бо сваіх, відаць, проста не меў), разыграў тэатральную сцэну, па выніках чаго Радзівілам магла пагражаць “вежа” і значныя фінансавыя страты.

Апошнюю з вядомых нам гісторый апісаў Ігнацы Яцкоўскі: “Пасля другога падзелу краю там стаў губернатарам Карнееў. Што тычыцца справядлівасці ягонага кіраўніцтва, дык гісторыя пра гэта маўчыць, але ў манерах даваў нагоду для смеху, што зрабіла яго непапулярным, а доказам гэтага будзе наступная гісторыя. Калі з нагоды прыняцця прысягі на вернасць царыцы Кацярыне ён прыехаў з вялікай помпай у Слуцк, дык запрасіў да сябе на абед усіх абывацеляў, якія ўдзельнічалі ў той фармальнасці: хацеў хто ці не хацеў, але абавязаны былі з’явіцца па запрашэнні. Паводле каманды, каб госці паселі за накрыты стол паводле пасад, дробнай шляхце дастаўся шэры канец, дзе між іх сеў і Зарэмба — уладальнік невялікай вёсачкі, слаўны гуляка і сатырык, які ў той час быў тым больш нязносны для абывацеляў, што, здавалася, не падзяляў агульнага засмучэння, а правіў свае жарцікі. Пасля лаяльнага тосту за здароўе Найяснейшае, Наймагутнейшае імператрыцы, прапанаванага губернатарам, шляхта, устаўшы, выпіла і зноў села, а Зарэмба дадаў, што з таго часу, як ён на вернасць Найяснейшае пані прысягнуў, дык усё выразней чуе, што ў яго расце жаданне красці. Губернатар загаворваў то пра тое, то пра гэта, спадзеючыся, што нехта з абывацеляў прапануе другі тост за такога высокага чыноўніка, якім ён сам сябе лічыў. Але калі ніхто на падобнае не наважыўся, раздражнёны губернатар пачаў кожнага па чарзе пытацца: “Кто ты таков?” Кожны адказваў, як патрабавалася, называючы сябе паводле пасады, якую раней займаў, ці паводле нададзенага яму ганаровага тытулу, а губернатар, жадаючы прынізіць шляхту, крычаў за кожным разам:  “Да я большой!”.

Як прыйшла чарга Зарэмбы, дык ён, падняўшыся, пісклявым голасам пакорна прасіў зволіць яго ад абавязку адказваць. Калі гэта было перакладзена губернатару, той, разваліўшыся ў крэсле, паўтарыў загад: “Говори!” Зарэмба, зноў пакорна пакланіўшыся, пісклявым голасам вымавіў: “Я — дурань, Яснавяльможны пане”. А губернатар, не задумваючыся над значэннем гэтага выказвання, паўтарыў сваё звычайнае: “Да я большой!” Збег гэтых выразаў выклікаў нечаканы смех усіх прысутных, а губернатар, здагадваючыся, што, відаць, здарылася нешта непрыстойнае, загадаў свайму сакратару, які разумеў па-польску, растлумачыць значэнне сказанага. Здзіўлены гэткаю зухаватасцю шляхціца, загадаў зараз жа пасадзіць яго на гаўптвахту. Пасядзеўшы там колькі гадзін, Зарэмба, калі ўжо ўсё супакоілася, дастаў з кішэні рубля і, трымаючы яго аберуч з павернутым уперад партрэтам царыцы, з урачыстым тварам памаршыраваў з кардэгарды, і крыкнуўшы вартаўніку: “Не тронь, бо Гасударыня идёт”. Вартаўнік ад неспадзявання адсалютаваў зброяй і выпусціў вязня. Зарэмба з тым самым урачыстым выразам на твары прайшоў паўз вартаўніка каля дома губернатара і з’явіўся ў ягоных пакоях з рублём у руцэ, як быў перад гэтым. Спалохаўся адразу і здзівіўся губернатар з такога відовішча, але праз нейкую хвіліну, трохі супакоіўшыся, здагадаўся, што “дурань” па-польску азначае “шут” па-руску. І вызваліў яго ад далейшых непрыемнасцей”.

Як бачым, слава аб Антоніі Зарэмбу, майстры жарту што балансаваў “на мяжы страты здароў’я і жыцця”, грымела ў ХІХ стагоддзі. А з моманту, як ён апынуўся на старонках кніг суайчыннікаў, Зарэмба стаў вядомым ва ўсёй былой Рэчы Паспалітай. Цяжка дапусціць, што Генрык Сянкевіч, ведаючы аб Фальстафах і Улісах, не звярнуў бы ўвагі на такую каларытную асобу ў творах сваіх землякоў-ліцвінаў.

Да таго ж, Генрык Сянкевіч, па ўсёй верагоднасці, ведаў Язэпа Рэйтана, апошняга прадстаўніка роду (1857 — 1910), з якім, хоць і ў розны час, вучыўся ў Імператарскім варшаўскім універсітэце. Як ведаў ён і Кяневічаў, сваякоў Рэйтанаў з Палесся, што тыя адзначылі ў сваіх успамінах...

Зміцер ЮРКЕВІЧ, арт-куратар, прадстаўнік Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар