Практыка правядзення падобных акцый была адноўлена дзякуючы дамоўленасці, дасягнутай на пасяджэнні Міжурадавай беларуска-малдаўскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў Мінску 15 ліпеня гэтага года.
Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў сустрэўся з кіраўнікамі грамадскіх аб’яднанняў беларускай дыяспары ў Малдове. Сустрэча адбылася ў будучым Беларускім культурным цэнтры, што ствараецца на базе беларуска-малдаўскага сумеснага прадпрыемства “Керамін-груп”.
Узнімаліся пытанні аб дапамозе Міністэрства культуры Беларусі ў правядзенні конкурсу на лепшы праект дызайну інтэр’ера для будучага Беларускага культурнага цэнтра, аб падтрымцы ва ўсталяванні помніка Францыску Скарыну ў Малдове. Ішла гаворка пра падтрымку ў набыцці камплектаў нацыянальных беларускіх касцюмаў для выступленняў беларуска-малдаўскага этнічнага тэатра “Куфар”, што створаны пры Беларускім культурным руху Малдовы, аб прадастаўленні метадычнай і мастацкай літаратуры…
Адкрыццё Дзён культуры Беларусі ў Кішынёве прайшло ў Нацыянальнай філармоніі з удзелам міністра культуры Беларусі Барыса Святлова і віцэ-міністра культуры Рэспублікі Малдова Георгія Посцікэ. Там была прэзентавана выстаўка беларускіх габеленаў “Каляровая нiзка”, адбыўся канцэрт беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі “Cвята”. У Цэнтры культуры і мастацтва “Odeon” у Кішынёве цягам двух дзён адбываўся паказ беларускіх фільмаў. Гледачы ўбачылі карціны “Белыя росы. Вяртанне” і “Сляды апосталаў”. Завяршыліся Дні беларускай культуры прэзентацыяй анімацыйных фільмаў студыі “Беларусьфільм” і паказам мастацкай стужкі “Брэсцкая крэпасць”.
Ганна МАЗУР, старшыня праўлення грамадскага аб’яднання “Беларускі культурны рух Малдовы”