У верасні прайшла ІІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання”. Мерапрыемства стала для абласной бібліятэкі брэндавым. Вялікі розгалас мела і такая бібліятэчная акцыя, як “Раскажы мне пра вайну”. Актыўны ўдзел у ёй прынялі і прадстаўнікі ўлады, і творчая інтэлігенцыя Брэстчыны.
Адбылася таксама ІІІ Міжнародная выстаўка-конкурс малой друкаванай графікі і экслібрыса “Brest Print Triennial 2015”, у якой бралі ўдзел 367 мастакоў з 46 краін свету чатырох кантынентаў. Даслана больш за тысячу работ на тэму “Мір і вайна”. Выстаўка ладзілася да 70-годдзя Вялікай Перамогі. У выніку адмысловага праекта вельмі шмат зроблена па, так бы мовіць, акумуляцыі лепшых сусветных узораў графікі ў музейных установах горада і вобласці. Адным з арганізатараў унікальнага мерапрыемства таксама стаў Абласны краязнаўчы музей…
Ніхто, натуральна, не адмяняў іншых нашых надзённых клопатаў. У вобласці, як і паўсюль па Беларусі, працягваецца аптымізацыя сеткі ўстаноў культуры. Але сваю мы называем “мяккай”. Сёлета запланавана скараціць каля 60 устаноў, аптымізавана ўжо 36. Да кожнага выпадку падыходзім індывідуальна, не сячэм з пляча. Вырашаем пытанні і з працаўладкаваннем кадраў, і са строгім захаваннем сацыяльных стандартаў там, дзе стацыянарныя ўстановы культуры зніклі.
У нас няма асаблівай праблемы з кадрамі. У вобласці ёсць тры навучальныя ўстановы, якія збольшага кампенсуюць кадравы недахоп.
Як бы цяжка ні было, працягваецца работа па аднаўленні Косаўскага палацава-паркавага ансамбля. Тое ж самае можна сказаць і пра Ружанскі палац, які ўжо цяпер прываблівае безліч наведвальнікаў. Дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва вобласці, у бягучым годзе знешняе аблічча набудзе такі наш даўгабуд, як Тэатр лялек, які месціцца на цэнтральнай вуліцы Брэста.