Калі паром цікавейшы за клуб

№ 42 (1220) 17.10.2015 - 23.10.2015 г

Як у Парыжы? Не! Як у Парычах…
Нагадаем, чарговы аўтаваяж праходзіў у бязлітаснай летняй спёцы. Аповед пра яго завяршаем, калі за акном — першыя кастрычніцкія замаразкі. Але ўспаміны грэюць. У Светлагорскім раёне пабачылі шмат цікавага. Аднак Бог няроўна дзеліць. У тым ліку — у межах аднаго рэгіёна. Траплялася і тое, што выклікала пытанні і не надта грэла душу.

/i/content/pi/cult/556/12147/10-1.jpgВыбіраю вёску для жыхарства…

У вёсцы Вежнавец наведалі СДК. Нам падказалі, што працуе тут цікавы рамеснік-глінамес. А мы на такіх палюем. Цікавы — значыць, непадобны да іншых. Але спачатку… Пэўныя супрацоўнікі ўстановы прыехалі-вярнуліся ў вёску са сталіцы. Тэндэнцыя? Вельмі хацелася б верыць. Па рэспубліцы “аграрнікаў”-аматараў з колішняй гарадской прапіскай ды вышэйшай адукацыяй і з дзясятак, пэўна, не набярэцца. Але пачатак ёсць. Мы перакананы, вёску захавае інтэлігенцыя, што ўсвядоміла адказнасць за лёс краіны.

Дык вось, ганчар Уладзімір Пусташыла, да якога мы так спяшаліся, і ягоная жонка — харэограф Вяжноўскага СДК Ірына Бяляева — выбралі вёску для сталага жыхарства. Як, дарэчы, і дырэктар клубнай установы Ніна Лапцёнак з сужэнцам. Захацелі вярнуцца да зямлі, якая і пракорміць, і верне да непадманных вытокаў.

Ніна Лапцёнак працуе ў культуры 16 гадоў. Ёй ёсць чым пахваліцца. Сваімі сіламі зроблены клас харэаграфіі. І паколькі Ірына Бяляева стала сяльчанкай усур’ёз і надоўга, мастацтва танца развіваецца ў Вежнаўцы сістэмна ды мэтанакіравана. Як вядома, харэографы — спецыялісты для нашага сяла звышдэфіцытныя. Аднак у гэтым паселішчы такой праблемы не існуе па вызначэнні.

Праблем, па словах кіраўніка СДК, увогуле няма. Ёсць рабочыя пытанні, якія хацелася б вырашыць з карысцю для ўсіх. Да прыкладу, не пашкодзілі б у клубе спартыўныя трэнажоры. І яшчэ: як старанна ні даглядаюць тут за музычнай апаратурай, але ёй пяць гадоў. Няблага бы і штосьці замяніць. План пазабюджэту, па словах Ніны Лапцёнак, сёлета будзе выкананы. Каб жаданне стала явай, дырэктар СДК мяркуе распачаць доўгатэрміновы праект па наладжванні платных сямейных урачыстасцей. Мо і дадатковыя грошы з’явяцца для набыцця спортінвентару. Неадкладнага вырашэння, як мы зразумелі, патрабуе і пытанне, звязанае з далейшым лёсам мясцовага ганчарнага рамяства. І тут гаворка — асобная...

Як настаўнік стаў глінамесам

Асноўнае месца працы Уладзіміра Пусташылы ў мясцовай агульнаадукацыйнай школе, дзе ён выкладае матэматыку і інфарматыку. Але і супрацоўніцтва Уладзіміра з СДК ужо налічвае пяць гадоў. За гэты час майстар меў тут, наколькі мы зразумелі, і стаўку, і чвэрць стаўкі, і працаваў з дзецьмі на грамадскіх пачатках — пасля таго, як трапіў пад скарачэнне. Бачна, справа не ў грошах — ганчарства для яго ўжо не толькі хобі, але і адпаведны светапогляд. А вучыўся рамяству Уладзімір у Гарадной на Століншчыне — сталіцы беларускага ганчарства. Але перш займаўся турызмам, дзе зразумеў для сябе важнае: сёння людзі жадаюць паглядзець не толькі на старадаўнія палацы ды ўзоры мастацтва, а і на жывую культуру. Цяпер гэтую традыцыю ён перадае немалой грамадзе мясцовых дзяцей, заняткі для якіх — бясплатныя. Нават зробленае сваімі рукамі дзеці забіраюць сабе — пакідаюць толькі некаторыя працы для выставак.

Як мы пераканаліся, для Уладзіміра Пусташылы ў ганчарстве галоўнае — не вынік, а сам працэс. Таму ён ахвочы да смелых эксперыментаў. Гэтае ж перадае і сваім вучням. Занятак жа не просты: па словах Уладзіміра, у сярэднім з дзесяці чалавек толькі два могуць цалкам авалодаць майстэрствам працы на ганчарным крузе. І чым раней дзеці пачынаюць вучыцца, тым больш у іх шанцаў стаць майстрамі.

Падумалася: калі не хапае ставак у СДК, дык мо выкладаць ганчарства на ўроках па працоўным выхаванні ў школе? Аднак тут свае нюансы: адукацыйную праграму, зацверджаную Міністэрствам адукацыі краіны, немагчыма падстроіць пад канкрэтную сітуацыю. З гэтай нагоды можна толькі пашкадаваць, што ў школьных праграмах няма месца прыкладным народным традыцыям.

Што ж да Уладзіміра Пусташылы, дык, як нас запэўніла Ніна Лапцёнак, Дом культуры зацікаўлены ў наяўнасці такога спецыяліста, а таму неўзабаве будзе вырашана пытанне адносна яго вяртання ў штат установы. Будзем спадзявацца…

Не толькі танк ды гармата…

Распыталі, як дабрацца да мемарыяльнага знака, прысвечанага аперацыі “Баграціён”. Дабраліся. “К” пісала ў свой час, што знак быў адкрыты 21 чэрвеня 2014 года. Узвышаецца ён ля шашэйкі і бяскрайняга поля. Тут больш за 70 гадоў таму пачыналася адна з вызначальных вайсковых аперацый… На паркоўцы — некалькі легкавікоў. Побач са знакам — танк ІС-3 на імправізаванай грэблі, гармата. Ствалы скіраваны на захад. Непадалёк — рэканструкцыя каманднага пункта. А ў імправізаваным бліндажы — невялічкі музей, што з’яўляецца філіялам Светлагорскага раённага краязнаўчага. Шчыра кажучы, бліндаж гэты не надта кідаецца ў вочы. Рэкламы пра музей — аніякай. Між тым легкавікі ля знака спыняюцца пастаянна. Але ў музей скіроўваюцца адзінкі. Зразумела, што ўтвораны ён зусім нядаўна і працы з маркетынгавай раскруткай установы яшчэ шмат. Звернемся да канкрэтыкі. За першы месяц працы ў філіял штодзень завітвала прыкладна 30-40 чалавек, пераважна індывідуальныя наведвальнікі. Паступова актывізуецца праца і з турыстычнымі фірмамі — увосень чакаецца па некалькі экскурсій на тыдзень.

Паразмаўлялі з Раманам Сцешанковым, музейным наглядчыкам. Адчулася, што малады чалавек цікавіцца гісторыяй, стараецца падказаць, дапамагае з’арыентавацца сярод прадстаўленых экспанатаў. Такі імпэт спрыяе і ў зборы прадметаў — некаторыя наведвальнікі перадаюць Раману для музея артэфакты вайны, якія захоўваліся ў іх сем’ях. Праўда, пакуль хлопец не бачыць сябе ў форме чырвонаармейца. Шкада — элемент тэатралізацыі ў музейнай справе ніколі не пашкодзіць. А была б тут яшчэ палявая кухня, то, перакананыя, адбою ад турыстаў не было б.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Я не хацеў, шчыра кажучы, адсюль з’язджаць. Сонейка ўжо скіравалася да небасхілу, гарачыня трохі спала. Мы сядзелі з Кастусём на зручных лавах і маўчалі. Напэўна, пра адно і тое ж. Цяжкай крывавай цаной нам дастаецца будучыня Беларусі. І гэты мемарыял (адзін з соцень па краіне) — красамоўны напамін пра тое. А наўкола — ціша і спакой, на якія сёння — дэфіцыт… Вельмі хочацца верыць, што неўзабаве і належная інфраструктура тут будзе створана, і крэатыўная музейная рэклама з’явіцца ўздоўж шашы. Абавязкова прыедзем сюды яшчэ.

Шацілкі як турыстычная перспектыва

У Светлагорску пазнаёміліся з новым начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алай Манькевіч. Падзяліліся ўражаннямі ад убачанага, зазначылі, што хацелі б пабываць у музеі і доме рамёстваў… І вярнуліся да размовы пра музей, прысвечаны аперацыі “Баграціён”. Як высветлілася, стварэнне аб’екта фінансавалася з бюджэта Саюзнай дзяржавы. На сёння зроблена 60 працэнтаў ад запланаванага. У перспектыве плануецца ўпрыгожыць музеефікаваны аб’ект манекенамі і аднавіць камандны пункт генерал-лейтэнанта Батава. Усё гэта атрымаецца пры адной умове: калі будзе спонсарская дапамога.

Патэнцыйных аб’ектаў, прывабных для турыстаў у раёне багата. Чаго варта толькі магчымая раскрутка знойдзенага сярэднявечнага горада Казіміра — беларускія Пампеі! Але, пакуль няма зацікаўленага інвестара, праект адкладзены да лепшых часоў. Цяпер на павестцы дня стварэнне Шацілаўскага вострава з карчмой, ганчарнымі і ювелірнымі майстэрнямі — ідэя археолага Сяргея Рассадзіна — на левым беразе Бярэзіны. Праект спадабаўся новаму старшыні райвыканкама, а таму ёсць верагоднасць яго ажыццяўлення. Спадзяецца Ала Манькевіч і на перспектывы штогадовага фестывалю “Каляднае сузор’е фальклору”, які сёлета набыў статус рэспубліканскага і праводзіцца ў ГЦК.

А вось трансгранічных праектаў у Светлагорска пакуль няма. Усё супрацоўніцтва з горадам-пабрацімам Бельскам Падляшскім зводзіцца да ўзаемных візітаў на культурныя і спартыўныя імпрэзы. Праўда, першай ластаўкай у гэтай справе можа стаць праект Раённага цэнтра народнай творчасці, які падрыхтаваў заяўку на грант па лініі ПРАААН. Вось толькі ці атрымае: належнай вучобы па напісанні грантаў на абласным узроўні цяпер не праводзіцца.

На вуліцы Зялёнай

Адзін з нас быў у мясцовым музеі па вуліцы Зялёнай гадоў некалькі таму. Сёе-тое з таго часу змянілася. Да прыкладу, пра музейны клуб “Субяседнік” раней мы нічога не чулі. З кіраўніком клуба Інэсай Макарэцкай нас пазнаёміла дырэктар Гісторыка-краязнаўчага музея Ірына Заяц. У клубе, аказваецца, 25 чалавек сталага ўзросту. Яны вывучаюць гісторыю не толькі Светлагорска: часта наведваюць з экскурсіямі іншыя раёны. Наладжваюць сустрэчы з цікавымі людзьмі. Інакш кажучы, для самаразвіцця людзей пенсійнага ўзросту “Субяседнік” робіць шмат.

А чым прывабліваецца моладзь? У нас склалася ўражанне, што толькі прывазнымі камерцыйнымі выстаўкамі. Прынамсі, на другім музейным паверсе, што прэзентуе шматлікія мясцовыя вытворчыя прадпрыемствы, мы ўвогуле не заўважылі наведвальнікаў. Так што асноўныя творчыя змены — толькі ў перспектыўных намерах музейшчыкаў. Да прыкладу, шмат гадоў задуме ўтварэння і гістарычнага насычэння Шацілаўскай выспы. Аднак мара застаецца марай.

Тое ж тычыцца і давядзення да ладу музейнай прыбудовы, што створана ў выніку рэканструкцыі будынка, распачатай у 2000 годзе. Тут і майстэрні можна зрабіць і фотаатэлье, і… Ды шмат яшчэ чаго, нестандартнага ды запатрабаванага. Аднак і гэты намер “замарожаны” на невядомы тэрмін. Між тым па Гомельшчыне ёсць яркія прыклады выніковай праектнай дзейнасці нават ва ўмовах нашага сённяшняга недастатковага фінансавання.

І апошняя рэпліка — у бок другога музейнага паверха, не надта вабнага для шараговага наведвальніка. У свой час колішні начальнік абласнога ўпраўлення Алег Рыжкоў прапаноўваў мясцовым работнікам наладзіць тут экспазіцыю савецкага побыту. Ідэя цікавая. Радуе тое, што яна пакрысе ажыццяўляецца.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Яшчэ ў размове з Алай Манькевіч высветлілася, што здаць у эксплуатацыю левае крыло музея — пакуль непад’ёмная задача для раёна. Пасля, ужо ў самім музеі, даведаліся, што там засталося зрабіць толькі ўнутраныя рамонтныя работы. А чаму б у такой сітуацыі не скарыстацца досведам Мастоўскага раёна і не дарабіць музейны будынак гаспадарчым спосабам — чакаць чарговага спонсара сёння справа няўдзячная, бо можна згубіць і тое, што маеш.

Навучыцца рамяству

Праз дарогу ад музея — Раённы дом рамёстваў. Шукалі мы яго доўга. Прычына блуканняў — стандартная: няма кідкай вулічнай рэкламы. Між тым установа хаваецца на першым паверсе жылога дома. Кіруе ёй Наталля Вароніна. Мы пазнаёміліся таксама з майстрамі-метадыстамі Святланай Міранковай і Марынай Рубанавай. Першая займаецца саломкай і з’яўляецца колішняй выхаванкай РДР. Другая — спецыяліст у роспісе па дрэве.

Дому рамёстваў — пятнаццаць гадоў. Ён падобны на многія іншыя: мала плошчаў, шмат цікавых твораў. Адно толькі засмучае: як і ў музеі, не было тут наведвальнікаў. Між тым, у гуртку, да прыкладу, Святланы Міранковай, — больш за дзясятак дзяцей.

А самае галоўнае, па нашым меркаванні, што няма тут сур’ёзнага даследвання таго, а чым займаліся рамеснікі старадаўніх Шацілак. Светлагорск — горад малады, але гэта не азначае, што няма ў яго старасвецкіх вытокаў.

Яшчэ раз пра брэнды

І на завяршэнне — пра культуру Парычаў. Нагадаем, што наўпрост ад Жылічаў мы ў Парычы не патрапілі: рэчка перасохла, паром не працаваў. Давялося дабірацца да яго з другога, светлагорскага, боку. Пашчасціла пабачыць і прышвартаваны да берагу паром, і ягонага “капітана”. Разгаварыліся. Аказваецца, на Беларусі — шэсць такіх паромаў. І ўсе яны — на прыколе з-за анамальна спякотнага лета. Доўга асэнсоўвалі і той факт, што кіраўнік паромнай пераправы атрымлівае заробак, удвая меншы за зарплату яе вартаўніка. Чаго толькі ў свеце не бывае…

У мясцовым СДК, дзе дырэктарам Ала Харанека, а яе намеснікам — Алена Гушча, мы гэтым разам, скажам шчыра, нічога новага ў “журналісцкую скарбонку” не паклалі. А шкада. Досыць стандартна гучалі аргументы пра тое, што клубнай тэхнічнай базе немагчыма канкурыраваць з кавярнямі “Алеся” і “Парыж”, дзе дыскатэкі — больш якасныя; ды плюс — насельніцтва няўхільна скарачаецца… Тут, падаецца, усё проста: нельга канкурыраваць у правядзенні дыскатэк, значыць неабходна прыдумаць штосьці сваё, арыгінальнае ды нестандартнае.

Матэрыялу, да слова, хапае. Найперш, гістарычнага. З Парычамі, якія ў сярэдзіне мінулага стагоддзя былі раённым цэнтрам, звязана жыццё Міхаіла Пушчына, добрага сябра Аляксандра Пушкіна. Дзякуючы яго сям’і ў Парычах было створана жаночае духоўнае вучылішча — адзіная навучальная ўстанова такога кшталту на тэрыторыі Беларусі ў ХІХ стагоддзі. Другое імя — Алена Аладава, дырэктар Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР, якая правяла ў мястэчку юначыя гады. Дзякуючы ёй была адноўлена выдатная калекцыя Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Чаму б не ўшаноўваць гэтыя імёны сёння? І каму, як ні ўстанове культуры, тым займацца? Пакуль жа парыцкі СДК можа хіба пахваліцца правядзеннем маштабнага свята Купалля раз на год. Але ці задавальняе гэта ў поўным аб'ёме мясцовую супольнасць?

Парыцкая моладзь у свой час ухапілася за пэўнае сугучча слоў “Парычы” і “Парыж” і ўтварыла патрыятычна-маркетынгавы прэцэдэнт: “Нашы Парычы не горшыя за Парыж!”. Ідэю не можам не вітаць. Але яе рэалізацыя так і не набыла пераканаўчай лагічнасці. Па нашаму, мала назваць парыцкую кавярню “Парыжам”. Трэба давесці, што Парычы таксама маюць адметную культуру ды адмысловую гісторыю. А вось з такой аргументацыяй — пакуль слабавата. У афармленні кавярні “Парыж” далей выявы Эйфелевай вежы не пайшлі. А СДК так і не здолеў генераваць творчыя ідэі, каб пераканаць гасцей, што Парычы і без вежы — мястэчка выбітнае і непаўторнае. Мо, каб прасякнуцца “французскасцю”, варта зрабіць пабрацімам Парычаў вёску Парыж, што на Віцебшчыне?

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

У нас па-ранейшаму кепска з рэкламай устаноў культуры і з брэндавасцю населеных пунктаў. Ідэі нараджаем, але рэалізаваць іх пакуль не навучыліся. Будзем вучыцца разам. А ў тым, што справа гэта перспектыўная, мы пераконваліся цягам усяго нашага летняга аўтатура, прааналізаваўшы і супаставіўшы падыходы прыватнай ініцыятывы ў сферы культуры, намаганняў асобных работнікаў і дзейнасць аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Да новых сустрэч!

Фота аўтараў

Мінск — Пухавіцкі раён Міншчыны — Асіповіцкі, Кіраўскі раёны Магілёўшчыны — Светлагорскі раён Гомельшчыны — Мінск

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"