І ўвогуле нашы навучальныя ўстановы спрацавалі выдатна. Нават конкурс сёлета з’явіўся ў каледжы мастацтваў, бібліятэчным, музычным каледжах. Годна працуе і магілёўскі філіял Акадэміі музыкі (адзіны такі абласны філіял па рэспубліцы): набор першага курса — вельмі якасны. Больш за 90 працэнтаў спецыялістаў, выпушчаных з вышэйшай музычнай адукацыяй, застаецца працаваць менавіта на Магілёўшчыне. А гэта — гарантыя бясхмарнай будучыні абласной культуры. Інакш кажучы, вастрыня кадравага пытання з парадку дня знята. Назапашаны рэзерв спецыялістаў. Ёсць змена. А гэта — галоўнае.
Сёлета мы шмат зрабілі па адраджэнні гісторыка-культурнай спадчыны. Гэты тэмп трэба захаваць і ў годзе наступным. У Жылічах на палацава-паркавым комплексе ўдалося завяршыць два этапы рэканструкцыі. У будучым годзе будзе завершаны трэці. Адраджаюцца старадаўнія Пустынкі.
Па даручэнні губернатара ў абласную праграму ўключана узнаўленне гістарычных мясцін унікальнага Мсціслава. Вядома, што тут ці не кожная вуліца нясе непаўторны адбітак часу. І ўсё трэба захаваць для нашчадкаў. У наступным годзе абласныя дажынкі пройдуць менавіта ў гэтым раённым цэнтры. Падрыхтоўка ўжо распачалася. У руху таксама — Быхаўскі замак. Праграма па адраджэнні гэтых аб’ектаў хоць і пакрысе, але выконваецца.