Вакальны калектыў “Спадчына” Шаркаўшчынскага раённага цэнтра культуры выступаў і ля будынка Краявой думы, і на канцэртнай пляцоўцы па вуліцы Рыгас. Аматараў песеннай даўніны сабралося шмат. Прыйшлі, безумоўна, і землякі-беларусы: уважліва слухалі, рабілі фота на памяць. Для “Спадчыны” арганізавалі экскурсію па Даўгаўпілскай крэпасці. Артысты наведалі і Арт-цэнтр імя Марка Роткі — адзінае месца ва Усходняй Еўропе, дзе можна пабачыць творы знакамітага заснавальніка абстрактнага экспрэсіянізму.
Падчас афіцыйных мерапрыемстваў беларускі бок перадаў латвійскаму некалькі дзясяткаў метраў шматковага палатна, створанага шаркаўшчынскімі рукадзельшчыцамі. Справа ў тым, што ў свой час Краязнаўчы музей Даўгаўпілскага краю прапанаваў беларускім калегам аб’яднаць намаганні і звязаць-сшыць самае вялікае на зямлі шматковае палатно (не менш за 600 метраў у даўжыню), каб можна было яго перакінуць з берага на бераг Заходняй Дзвіны. Шаркаўшчынскія майстрыхі пагадзіліся. Справа, вартая занясення ў Кнігу рэкордаў Гінеса. Зафіксаваць рэкорд афіцыйна запланавана тады, калі палатно будзе цалкам гатова.