Новая ўстанова, якая возьме на сябе функцыі папулярызацыі і падтрымкі айчыннага cоntеmporary art, узнікне дзякуючы зліццю Творчых майстэрань “Цэнтр сучасных мастацтваў” і Музея сучаснага выяўленчага мастацтва. Яна будзе падпарадкоўвацца Міністэрству культуры краіны. Праца па падрыхтоўцы да стварэння новай культурнай адзінкі вялася загадзя. А яе заснаванне было анансавана яшчэ на пачатку 2015-га, як нагадала першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама Віталіна Рудзікава. З гэтай мэтай Музей сучаснага выяўленчага мастацтва на пачатку бягучага года перавялі ў рэспубліканскае падпарадкаванне.
— Мы мелі дзве структуры, якія займаліся вельмі актыўнай дзейнасцю, але часта паралельна распрацоўвалі адны і тыя ж пытанні. Было вельмі лагічна аб’яднаць іх і зрабіць адну вялікую “баявую” адзінку, — зазначыла карэспандэнту “К” дырэктар Музея сучастнага выяўленчага мастацтва і кіраўнік Цэнтра сучасных мастацтваў Наталля Шаранговіч. — Нацыянальны цэнтр павінен працаваць па прынцыпе маскоўскага Дзяржаўнага цэнтра сучасных мастацтваў. У ім будуць выставачныя залы, працягнецца музейная дзейнасць, будуць праводзіцца рознага кшталту мерапрыемствы. Сучаснае мастацтва шматфункцыянальнае: інсталяцыі, перформансы, эксперыментальныя тэатры, кіно, музыка. Спадзяюся, у выніку атрымаецца структрура, што будзе акумуляваць вакол сябе людзей, якія займаюцца ўсімі кірункамі актуальнага мастацтва.
Нацыянальны цэнтр будзе дзейнічаць на пляцоўках тых устаноў, што ўвойдуць у яго склад. Пакуль Музей і ЦСМ працягнуць працаваць у былым фармаце, а паралельна будзе праводзіцца вялікі комплекс фінансавых, бухгалтарскіх, юрыдычных мерапрыемстваў, распрацоўвацца Статут, удакладняцца структура. Праз два месяцы Нацыянальны цэнтр павінен паўнавартасна запрацаваць.
— Вельмі важна, каб сучаснае мастацтва не толькі паказвалася, але і фіксавалася — заставалася ў музейных фондах, — дадала Наталля Васільеўна. — Статус “нацыянальны” дазволіць Цэнтру сучасных мастацтваў не толькі праводзіць буйныя міжнародныя праекты, але і папаўняць сваю калекцыю самымі цікавымі работамі.