Што па-за мурамі?

№ 31 (1209) 01.08.2015 - 07.08.2015 г

Луўр, Прада, Эрмітаж, Дрэздэнская ды Кракаўская галерэі, Траццякоўка, Палац Дожаў… Па іх ужо ходжана-пераходжана, гледжана-перагледжана, выдадзены іхнія каталогі, даведнікі. Але ж творы майстроў выяўленчага мастацтва раскіданы па свеце — па адным-два — і па Божых дамах, і па палацах, і па прыватных зборах. У турыстычных вандроўках нам шкада страчваць час на гэтыя “адзінкі”. Але яны і дапаўняюць веды пра вялікіх творцаў, і ўражваюць нас нязвыклымі сюжэтамі творчай спадчыны, і нечаканымі падзеямі, адбітымі на палотнах, — па сутнасці, невядомых. Дык, мо, зацікавімся і глянем на тое, што ж па-за мурамі?

/i/content/pi/cult/545/11881/13-1.jpg

У Венскім музеі гісторыі мастацтва ў вялікай колькасці прадстаўлены “рубенсы”, “джарджоны”, “тыцыяны”, “рафаэлі”, “цінтарэтты”, “караваджы”, “веласкесы”, “босхі”, “дзюрэры”, абодва “брэйгелі”, “рэмбранты”, “ван дэйкі”. Бярэ нават зайздрасць: чаму ў іх усё захавалася?! Там жа ішла вайна, мой дзядзька Міша вызваляў Вену. У горадзе, казаў, былі руіны — і вось, бачыце, не загінулі бессмяротныя “рубенсы” ды “джарджоны”.

У гэтае наведванне зацікавіў мяне подпіс пад палатном ХVI стагоддзя незнаёмага Ганса фон Ахена з выявай аголеных антычных персанажаў сярод ежы і пітва: “Sine Cere et Baccho friget Venus”. Кожнае слова паасобку зразумела: Cere — Церера, багіня пладоў, садавіны; Baccho — Бахус, Вакх, бог віна; friget — фрыгіднасць, халоднасць; Venus — Венера, багіня кахання… Але разам нешта не складвалася. У музейным даведніку ёсць пераклад: “Без віна і садавіны халадзее каханне”. Абсалютна згодны!

Ачмурэлы ад уражанняў, шпацыраваў па вуліцах Вены. Наўкол спрэс бронзавыя каралі, князі, герцагі — і ўсе чамусьці на конях — тыповая “манументальная прапаганда”, як і ў нас не так даўно: правадыр — абавязкова з выцягнутай у невядомасць рукой. Стаміўшыся, зайшоў у Кафедральны сабор Святога Стэфана — “Стэфансдом”, — прысеў. Падняўшы зрок, скамянеў: убачыў цуд, якога не заўважаў у папярэднія наведванні сабора: беламармуровае шматфігурнае надмагілле “VXORI OPTIMAE ALBERTVS” — сумаванне па згаслай дынастыі Цюдораў. Хто ж аўтар вытанчанага помніка? Вялікі італьянскі скульптар Антоніа Канова!

Швейцарыя, Люцэрн: па-за невялікім прудком, парослым зелянінай, проста ў скале вырублена пячора, а ў ёй — вялікі паміраючы леў. Ён — воін, бо пад ім дзіды, побач шчыты. Але адваяваўся леў — знясілены, адлічвае апошнія хвіліны жыцця… Аўтар — дацкі скульптар Бертэль Тарвальдсэн. Гід сцвярджаў, што гэта помнік ахвярам Першай сусветнай вайны. Усе паверылі. Але, вярнуўшыся дамоў, я дазнаўся, што славуты датчанін памёр у 1844-м. Значыцца, той помнік — ахвярам іншай, больш ранняй вайны. Галоўнае — выдатная па задуме, незвычайна вырашаная ў прасторы скульптура.

Усім вядома фрэска “Таемная вячэра” Леанарда да Вінчы. Але вось як выглядае касцёл Санта-Марыя дэлла-Грацыя ў Мілане, дзе знаходзіцца твор. Дарэчы, знешне непрыкметная пабудова месціцца непадалёку ад Сфарцэска — Старога горада, — але знайсці яе ў павуцінні завулкаў не так проста. Таго не скажаш пра галерэю Амадэа Мадзільяні: яна знаходзіцца ў самым цэнтры, побач з выдатнейшым цудам архітэктуры — саборам. Чаму ягоны музей, дарэчы, не такі ўжо й багаты, у Мілане, хаця мастак усё жыццё правёў у Парыжы? Мо шануюць як ураджэнца Італіі?

Касцёл Святога Ларэнца ў Генуі. У паддашшы хаваецца фрэска “Хрыстос з двума анёламі”: незвычайная паўкруглая кампазіцыя, якая адметна захавалася, хаця пісалася ў 1312 годзе.

А ў адкрытым па-каталіцку алтары храма Хрыста, проста па цэнтры, павінна б знахадзіцца галоўная храмавая ікона, а тут — нейкая побытавая, пачуццёвая па манеры выканання карціна фламандскай школы, нязвычная для італьянскіх мастакоў. Гэта пэндзаль Піцера Пауля Рубенса. Рэпрадукцыі яе не бачыў у выданнях пра гэтага мастака, — вядома ж, з-за тэматыкі: гэта “Абрэзанне Ісуса Хрыста”.

Харвацкі Спліт. Далёка ад шумлівага гандлёвага танэля — ціхі завулачак, у якім вокны ў задніх сценах жылых дамоў глядзяць з абрыву на мора. У брамку, што ў глухой сцяне, трэба доўга калаціць, каб упусцілі. Квадратны двор-паціа з трох бакоў акружаны невысокай галерэяй з калонамі, у чацвёртым — уваход у малельню. А ў цэнтры галерэі — помнік незвычайнай выразнасці: барадач у рубішчы задраў галаву да неба, разявіўшы данельга рот — чалавек нема крычыць камусьці. Гэта біблейскі Іоў, і тут разумееш, што нездарма яго завуць Шматпакутным. Перад намі тварэнне геніяльнага скульптара ХХ стагоддзя Івана Мештравіча, цяжкаму лёсу якога таксама падыйшоў бы прыкметнік ягонага персанажа.

Сабор Святога Уладзіміра ў Кіеве чаруе цудоўнымі іконамі, фрэскамі і карцінамі братоў Васняцовых, Міхаіла Несцерава. Дарэчы, запрасіў іх аздабляць сабор кіраўнік прац, наш зямляк — мсціславец Адрыян Прахаў, прафесар гісторыі мастацтваў Кіеўскага і Пецярбургскага ўніверсітэтаў. Сабор заўсёды поўны вернікаў і турыстаў.

На жаль, у Кіеве быў недаступны Кірылаўскі манастыр пачатку ХІІ стагоддзя. Прывёў мяне туды рэжысёр славутага фільма “Бумбараш” Мікола Рашэеў. Яго, карэннага кіяўляніна, ведалі і паважалі, здаецца, усе і ўсюды ў горадзе. Манастыры па савецкай завядзёнцы маглі скарыстаць пад зернесховішча ці турму. У Кірылаўскім размясцілі “дом смутку”. Мікола атрымаў звязку ключоў, і мы рушылі калідорамі і пераходамі. Тут, ля былых манаскіх келляў, трапляліся персанажы, нібыта з фільма Формана “Палёт над гняздом зязюлі”, якія стаялі ў вычварных позах, хіхікалі з грымасамі, тупа аглядалі нас…

Бразгнулі ключы… Аказваецца, у храм можна было трапіць толькі праз гэты “дурдом”.

Першае, што ўразіла: непраўдападобна вялікія, цёмныя, поўныя прадчування вочы Маці Божай на іконе ў алтары, ля царскіх варот. Пагаворвалі, што мадэллю для маладога Урубеля стала жонка яго сябра-мастака, якую Міхаіл безаглядна пакахаў… Хто ведае! Хай гэта застанецца таямніцай іх дваіх, а нам — выдатны твор вялікага мастацтва.

А Рашэеў бразгаў ключамі ўжо недзе ззаду, наверсе...

На хорах — велізарная фрэска “Сашэсце Святога Духа”, па інфармацыі Рашэева, дыпломная праца Урубеля. На ёй адлюстраваны дванаццаць апосталаў. Як падаецца ў Свяшчэнным Пісанні: “І з’явіліся паасобныя языкі, быццам полымя, і языкі гэтыя апусціліся на кожнага з іх”. Гэтая фрэска — трактоўка вядомага евангельскага сюжэта. З вялізнага, амаль матэрыяльнага воблака выходзяць гібкія прамяні і ўторкваюцца кожнаму апосталу ў німб. Гэткім чынам мастак спрабуе надаць Духу матэрыяльную бачнасць. Прадчуваецца нейкая містычная сувязь і паміж душэўным станам мастака-пакутніка ў канцы яго кароткага жыцця, і тым, што ягоныя дэбютныя работы можна было ўбачыць толькі праходзячы праз дом душэўна хворых…

Цяпер, кажуць, царква адкрытая. Але на хоры, вядома ж, выпадковым людзям уваходу, як і тады, няма.

Фота з архіва аўтара

 

(Працяг аповеду — у адным з наступных нумароў "К".)

Аўтар: Уладзімір АРЛОЎ
кінарэжысёр